617-ты дзень нападу на Украіну: Вайна зайшла ў тупік?
Валерый Залужны папярэджвае, што пазіцыйная вайна з Расіяй, са статычнымі і знясільваючымі баямі, на руку суперніку. Пуцін падпісаў закон аб адкліканні ратыфікацыі Дамовы аб усeабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў.
Брытанская выведка адзначае, што цягам апошняга тыдня Расія, імаверна, страціла прынамсі чатыры пускавыя ўстаноўкі ЗРК вялікай далёкасці. Аналітыкі прагназуюць, што пасля страт некалькіх С-400 ва Украіне Расіі давядзецца аслабіць сваю СПА ў іншых месцах.
Залужны: Наступленне павінна было быць больш хуткім
Контрнаступленне Украіны павінна было быць больш хуткім і заняць чатыры месяцы. Але, верагодна, вайна зайшла ў тупік, калі ўзброеныя сілы сутыкнуліся з праблемамі. Пра гэта сказаў галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны ў інтэрв'ю The Economist.
Паводле яго слоў, украінскае войска павінна было наступаць з хуткасцю 30 кіламетраў на суткі, прарываючы рубяжы расійскай абароны.
«Калі вы паглядзіце на падручнікі NАТО і тыя матэматычныя разлікі, якія мы рабілі [пры планаванні контрнаступлення], то чатырох месяцаў павінна было хапіць, каб дайсці да Крыма, паваяваць у Крыме, вярнуцца з Крыма і паехаць туды і назад», — сказаў ён.
Замест гэтага галоўнакамандуючы ўкраінскай арміі назіраў, як яго войскі і тэхніка загразлі ў мінных палях на подступах да Бахмута на ўсходзе, а тэхніка, якую перадаў Захад, збівалася расійскай артылерыяй і беспілотнікамі.
Як адзначае выданне, такая ж гісторыя разгарнулася і на галоўным напрамку наступлення на поўдні, дзе нaваствораныя брыгады з невялікім вопытам, нягледзячы на аснашчанасць сучаснай заходняй тэхнікай, адразу сутыкнуліся з праблемамі.
«Спачатку я падумаў, што з нашымі камандзірамі нешта не так, таму змяніў некаторых з іх. Потым падумаў, што, можа, нашы вайскоўцы не падыходзяць для задач, і перавёў салдат у некаторыя брыгады», — сказаў Залужны.
Калі гэтыя змены не паўплывалі на сітуацыю, Залужны загадаў сваім супрацоўнікам знайсці кнігу, якую ён калісьці бачыў, будучы студэнтам ваеннай акадэміі ва Украіне. Гаворка ідзе пра кнігу савецкага генерал-маёра Смірнова «Прарыў умацаваных абарончых ліній», выдадзеную ў 1941 годзе, які аналізаваў бітвы Першай сусветнай вайны.
«І не прайшоўшы і паловы, я зразумеў, што гэта менавіта тое, дзе мы знаходзімся, таму што, як і тады, узровень нашага тэхналагічнага развіцця сёння ўводзіць у ступар і нас, і нашых ворагаў», — дадаў генерал.
Пад Бахмутам УСУ ціснуць на расійскую армію, пад Мар'інкай адбіта 20 атак — Украінскі Генштаб
Працягваецца наступ украінскіх войскаў пад Бахмутам, УСУ ціснуць на салдат РФ. Пры гэтым на Мар'інскім кірунку за суткі ўкраінскія абаронцы адбілі 20 варожых атак. Пра гэта распавёў прэс-сакратар Генштаба Узброеных сіл Украіны Андрэй Кавалёў падчас тэлемарафону.
Дэсантна-штурмавыя дзеянні Узброеных сіл Украіны працягваюцца на поўдзень ад Бахмута, наносяць РФ страты і замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. Аднак вайскоўцы РФ спрабавалі аднавіць страчаныя пазіцыі ў раёне Хромавага, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі. Усяго на Бахмуцкім кірунку адбілі 15 варожых атак
Паводле слоў спікера, на Мелітопальскім кірунку працягваецца наступальная аперацыя Узброеных Сіл Украіны.
У раёне Аўдзееўкі расіяне пры падтрымцы авіяцыі працягваюць штурмы з мэтай акружыць горад. Наступальныя дзеянні РФ на Паўночным і Першамайскім напрамках былі няўдалымі. На гэтым участку фронту за суткі УСУ было адбіта 7 атак.
На Мар'інскім напрамку салдаты РФ вялі наступальныя дзеянні, але беспаспяхова. За суткі Узброеныя Сілы адбілі 20 атак.
Жорсткія баі ідуць таксама на Купянскім кірунку ў Харкаўскай і Луганскай абласцях. Там УСУ спынілі 10 атак РФ.
Сітуацыя пад Аўдзееўкай
У кастрычніку расійскія салдаты ўзмацнілі наступленне на Аўдзееўку. Гэты наступ расіян стаў найбуйнейшым з 2014 года.
Брытанская разведка лічыць, што РФ кінула пад Аўдзееўку да васьмі брыгад. Яны панеслі страты, — бадай, самыя вялікія сярод расійскіх войскаў у 2023 годзе.
У той жа час ва Узброеных сілах Украіны ацэньваюць страты РФ пад Аўдзееўкай з 10 кастрычніка ў 6,5 тысяч чалавек — і назвалі назвалі наступленне РФ пад Аўдзееўкай найбуйнейшай паразай расіян.
Навіны вайны
- Украіна ўзмоцнена рыхтуецца да расійскіх удараў па энергаінфраструктуры, піша Financial Times. Так, невялікія падстанцыі абаранілі бетоннымі блокамі, а таксама габіёнамі з каменем або пяском. Элементы інфраструктуры, якія не маюць патрэбы ў вентыляцыі, перанеслі пад зямлю. За мяжой захоўваюцца запасныя часткі для рамонту падстанцый і трансфарматараў.
- Уначы расійскае войска абстрэльвала вёску Станіслаў Херсонскай вобласці, адзін чалавек загінуў. Пашкоджаныя будынкі ліцэя і мясцовай амбулаторыі, прыватныя дамы, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці тры чалавекі загінулі, чацвёра атрымалі раненні.
- Расійская армія ўдарыла з артылерыі па вёсцы Вясёлае Херсонскай вобласці, адзін чалавек загінуў, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін.
- У Харкаўскай вобласці будзе праведзена прымусовая эвакуацыя 275 дзяцей з іх сем'ямі. Гаворка ідзе пра 66 населеных пунктаў Кандрашоўскай, Купянскай, Курылоўскай, Петрапаўлаўскай, Двурэчанской і Альхавацкай тэрытарыяльных супольнасцяў. Эвакуацыю плануюць завяршыць за 45 сутак.
- Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 2 лістапада: асабовага складу — каля 302 420 (+930 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5241 (+18), баявых браніраваных машын — 9877 (+43), артылерыйскіх сістэм — 7292 (+42), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 9658 (+34).
- Уначы ўкраінскае СПА збіла ракету РФ у Днепрапятроўскай вобласці, абломкі ўпалі ў Дняпроўскім раёне. Загарэлася сухая трава, знішчаныя дзве гаспадарчых пабудовы, у трох прыватных дамах выбіла вокны. Зеленадольскую суполку Крыварожскага раёна вораг атакаваў з артылерыі. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.
- Мінабароны РФ паведаміла, што сродкамі СПА адзін украінскі беспілотнік нібыта знішчаны над акваторыяй Чорнага мора, пяць перахопленыя над тэрыторыяй Крыма.
- Новы спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан заявіў рэспубліканцам, што падтрымлівае дапамогу Украіне, але настойвае, каб раздзяліць сродкі з Ізраілем, піша Politico. Ён прапануе вызначыцца з фінансаваннем да 15 студзеня. Пры гэтым аб'ём дапамогі Украіне, на які гатовы пайсці Джонсан, можа быць «несупастаўным» з тым, што просіць Байдэн, адзначае газета. Таксама Джонсан заявіў, што фінансаванне Украіны павінна быць «непарыўна звязанае» з узмацненнем мяжы ЗША з Мексікай.