596-ты дзень вайны Расіі з Украінай: галоўнае на гэты час
За апошнія суткі УСУ прасунуліся «на сотні метраў» на некаторых напрамках на поўдзень ад Бахмута, паведаміў спікер Усходняй групоўкі войскаў Ілля Еўлаш.
Расія «без асаблівых праблем» можа дазволіць сабе весці вайну ва Украіне да 2025 года, а па колькасці тэхнікі — максімум да 2026 года, заявіў кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе».
Восенню і зімой Украіну зноў чакае «бітва за электраэнергію», бо планы РФ зладзіць блэкаўт не змяніліся, заявіў Буданаў. «Сіл і сродкаў у іх дастаткова, таму што апошнім часам ракетныя ўдары яны наносілі абмежавана. Пэўны запас вораг аднавіў. Гэты запас не вельмі значны, але дастатковы для таго, каб стварыць цалкам рэальныя праблемы не толькі нашай энергетыцы, але і нафтагазавай сферы, прамысловым прадпрыемствам, ваенным аб'ектам», — дадаў кіраўнік ГУР.
Карабель Чарнаморскага флоту РФ «Павел Дзяржавін» атрымаў пашкоджанні пад Севастопалем
Карабель Чарнаморскага флоту РФ «Павел Дзяржавін» атрымаў пашкоджанні ў Чорным моры ў раёне акупаванага Севастопаля.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар Узброеных сіл Украіны Дзмітрый Плецянчук у эфіры радыё «Свабода». Пры гэтым ён адмовіўся паведаміць падрабязнасці.
«Мы можам афіцыйна пацвердзіць, што карабель атрымаў пашкоджанні», — падкрэсліў Плецянчук. Ён таксама адмовіўся каментаваць інфармацыю ў СМІ аб тым, што карабель мог падарвацца на расійскай міне ў раёне часова акупаванага Севастопаля (Крым).
«Я не магу даць вам ніякай інфармацыі аб абставінах гэтага, назавём яго так, здарэння, але факт такі», — сказаў Плецянчук.
Ён таксама адзначыў, што сітуацыю з караблём можна разглядаць «як чарговы намёк на тое, што расійскім акупантам час пакінуць наш Севастопаль».
Нагадаем, учора пад Севастопалем мог падарвацца вялікі вартавы карабель Чарнаморскага флоту Расіі «Павел Дзяржавін».
Пасля ракетнага паражэння вялікага дэсантнага карабля «Мінск» і падводнай лодкі «Растоў-на-Доне» ў першай палове верасня расіяне перадыслацыравалі дэсантныя караблі ў Азоўскае мора.
РФ скрала караблі пад ліберыйскім сцягам і перайменавала іх
Марыупальскі супраціў атрымаў дакументы, якія даказваюць, што расіяне афіцыйна скралі два караблі пад ліберыйскім сцягам, якія стаялі ў порце горада. Пра гэта паведаміў дарадца мэра Пётр Андрушчанка. Факт знаходжання ў марыупальскім порце ліберыйскіх караблёў« BLUE STAR I» і «SMARTA» на пачатак блакады горада быў, у прыватнасці, задакументаваны зваротам амбудсмена Украіны ў ААН.
Цяпер расіяне не проста не выпускаюць і не аддаюць караблі ўладальнікам, а і перайменавалі іх у гонар данецкіх баевікоў у «Сяргей Аграновіч» і «Аляксандр Захарчанка». Караблі «афіцыйна» перадаюць праз расійскую дзяржаўную ўласнасць ва ўласнасць кампаніі «Раскапстрой».
Порт Марыупаля цалкам аддадзены ў карыстанне кампаніі «Раскапстрой», рэальным бенефіцыярам якой, верагодна, з'яўляецца віцэ-прэм'ер Расіі Марат Хуснулін, адзначае Андрушчанка.
РФ правярае стан сваёй ядзернай зброі
Расія з лета 2023 года вядзе актыўную праверку і падрыхтоўку ядзернай зброі, распавёў прадстаўнік ГУР Вадзім Скібіцкі ў інтэрв'ю «УП».
Паводле яго, ядзерныя аб'екты актыўна правяраюцца на тэрыторыі як Расіі, так і Беларусі.
У той жа час Скібіцкі лічыць, што аб рэальнай пагрозе прымянення тактычнай ядзернай зброі з боку РФ цяпер гаворка не ідзе. На ягоную думку, «гіпатэтычны ядзерны ўдар не такі страшны, як пра яго кажа РФ». Прадстаўнік ГУР дадаў, што на тэрыторыі Украіны расіяне ўжо здзейснілі дастаткова ваенных злачынстваў, напрыклад, падрыў Кахоўскай гідраэлектрастанцыі.
Акрамя таго, Скібіцкі паведаміў, што ў цяперашні час у вайне супраць Украіны прымаюць удзел каля 430 тысяч вайскоўцаў Узброеных сіл РФ. Сярод іх ёсць чачэнцы, дагестанцы, інгушы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, аднак вызначыць дакладную колькасць нацменшасцей сярод акупантаў складана. Скібіцкі дадаў, што расіян у войску ўсё ж больш.
Навіны вайны
- Уначы расіяне абстралялі жыллёвы сектар Чарнабаеўкі Херсонскай вобласці, загінуў адзін чалавек, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. Акрамя таго, уначы расіяне абстралялі пасёлак Белазерка, трапілі па прыватным доме, два чалавекі паранены, паведаміла украінская пракуратура. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці чатыры чалавекі атрымалі раненні.
- У Сумскай вобласці ноччу байцы брыгады тэрытарыяльнай абароны выявілі варожую ДРГ у складзе васьмі чалавек. Пра гэта паведаміў камандуючы Аб'яднанымі сіламі УСУ Сяргей Наеў. Дыверсанты спрабавалі перасекчы мяжу і планавалі рухацца далей у напрамку аднаго з аб'ектаў грамадзянскай крытычнай інфраструктуры. У выніку агнявога паражэння дыверсійная група адышла са стратамі. Страт сярод украінскіх вайскоўцаў няма.
- Украінскія сілы разбурылі стратэгічны мост паміж Ясінаватай і Горлаўкай Данецкай вобласці, паведамляюць мясцовыя паблікі. Гэтым маршрутам расіяне карысталіся для адносна хуткага праезду з Горлаўкі ў Данецк.
- Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што спробы наступлення расіян у раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці наўрад ці прывядуць да больш шырокіх аператыўных і стратэгічных пераваг для войска РФ.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 12 кастрычніка: асабовага складу — каля 284 890 (+990 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 4905 (+42), баявых браніраваных машын — 9264 (+44), артылерыйскіх сістэм — 6763 (+32), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5247 (+21).
За мінулыя суткі на фронце адбылося 95 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. На аўдзееўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі больш за дзесяць нападаў РФ у раёне Аўдзееўкі і яшчэ дзесяць нападаў на ўсход ад Стэпавага, на паўднёвы ўсход ад Паўночнага і на поўдзень ад Першамайскага Данецкай вобласці.
На купянскім кірунку УСУ адбілі атакі расійскіх салдат у раёнах Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — у раёнах Макееўкі Луганскай вобласці і Торскага і Серабранскага лясніцтва Данецкай вобласці; на бахмуцкім — у раёне Андрэеўкі Данецкай вобласці; на мар'інскім — у раёнах Мар'інкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці; на шахцёрскім — у раёнах на поўдзень ад Залатой Нівы і на паўднёвы ўсход ад Угледара Данецкай вобласці; на запарожскім — у раёне Вербавага Запарожскай вобласці.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, мелі поспех у раёнах на ўсход ад Кляшчэеўкі і на ўсход ад Андрэеўкі Данецкай вобласці. На мелітопальскія кірунку УСУ палепшылі тактычнае становішча ў раёне на захад ад Рабоціна Запарожскай вобласці.
Супрацьпаветраная абарона ўначы знішчыла 28 з 33 ударных БПЛА тыпу «Shahed», якімі Расія атакавала з паўночнага і паўднёвага кірункаў (Белгародская вобласць і мыс Чауда), паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. Дроны ляцелі ў розных напрамках, супрацьпаветраная абарона працавала па меншай меры ў шасці абласцях Украіны.
Уначы расіяне атакавалі дронамі Адэскую вобласць. Сілы СПА збілі дзесяць «шахедаў», таксама ёсць траплянні, паведаміў кіраўнік АВА Алег Кіпер. У Ізмаільскім раёне зафіксаваны пашкоджанні прыпартовай інфраструктуры і жылых дамоў, на месцы пачаліся пажары, яны ўжо ліквідаваны. Пацярпеў адзін чалавек.
Ці аддадуць Украіне замарожаныя грошы РФ?
Дзяніс Шмыгаль заявіў аб прагрэсе ў пытанні канфіскацыі расійскіх актываў на карысць Украіны: «Лёд зрушыўся. Я ўпэўнены, што ў наступным годзе мы будзем напаўняць Фонд аднаўлення канфіскаванымі расійскімі актывамі, якія знаходзяцца на Захадзе ў краінах-партнёрах. Гэта будзе істотная сума. Мы чакаем, што ў цэлым гэтая сума павінна быць ад 300 да 500 мільярдаў долараў, яна будзе накіравана на праекты ўкраінскага аднаўлення».
ЗША сталі больш актыўна схіляць урады еўрапейскіх краін да таго, каб пачаць выкарыстоўваць замарожаныя рэзервы РФ для дапамогі Украіне, піша «The Washington Post» са спасылкай на крыніцы. Гаворка ідзе пра суму каля 300 млрд долараў, з якіх толькі 5 млрд знаходзяцца ў ЗША.
Аднак пакуль кіраўнікі цэнтрабанкаў еўрапейскіх краін супраціўляюцца такому рашэнню. Эксперты кажуць, што гэта прывядзе да юрыдычных праблем і створыць сур'ёзныя фінансавыя рызыкі.
Навіны замежных партнёраў
Чэхія і Данія сумесна паставяць Украіне танкі і баявыя машыны ў найбліжэйшыя месяцы, паведаміла чэшскае Мінабароны.
Іспанія перадасць Украіне ўстаноўкі для ЗРК MIM-23 «Hawk» і боепрыпасы калібраў 155 і 105 мм, паведаміла Мінабароны краіны.
Прадстаўнікі Белага дома прыватным чынам паведамілі чальцам Кангрэса, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША рыхтуе аб'яднаны запыт на дадатковае фінансаванне са сродкамі для Украіны, Ізраіля, Тайваня і ўмацавання абароны мяжы, паведамляе NBC News са спасылкай на крыніцы.