382-гі дзень вайны Расіі супраць Украіны. Выбухі ў Херсоне, абстрэлы Запарожжа, сітуацыя ў Бахмуце
Галоўныя падзеі поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны на гэты час.
У Херсоне паведамляюць пра выбухі
У Херсоне сёння, 12 сакавіка, прагрымелі выбухі. У вобласці не была абвешчана паветраная трывога.
«У Херсоне чуваць выбухі», — гаворыцца ў паведамленні. Мясцовыя ўлады і вайскоўцы пакуль не каментавалі сітуацыю ў горадзе.
За мінулыя суткі расійскія войскі 29 разоў абстралялі Херсон і вобласць — выпусцілі амаль 156 снарадаў. У выніку абстрэлаў загінулі трое жыхароў Херсонскай вобласці, яшчэ трое атрымалі раненні.
Пагроза ракетнага ўдару па Украіне — «досыць высокая»
У УСУ ацанілі пагрозу ракетнага ўдару сёння як «досыць высокую». Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлебачання паведаміла прадстаўнік аператыўнага камандавання «Поўдзень» Сухапутных войскаў УСУ Наталля Гумянюк. Паводле яе слоў, з-за шторму ў моры Расійскі ракетаносьбіт з васьмю ракетамі «Калібр» «спрабуе схавацца», але можа вярнуцца на баявое дзяжурства «на працягу двух-трох гадзін».
Уначы расійскія сілы абстралялі з рэактыўных сістэм залпавага агню горад Ачакаў Мікалаеўскай вобласці, паведаміў кіраўнік рэгіянальнай паліцыі Сяргей Шайхет. Паводле яго, абстрэл вялі з боку Кінбурскай касы.
Кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім заявіў, што праз начны абстрэл загарэліся некалькі аўтамабіляў, пашкоджаныя прыватныя дамы, шматпавярховы дом. Пацярпелых няма.
Кім апублікаваў фатаграфіі з наступствамі абстрэлу.
Сітуацыя ў рэгіёнах Украіны паводле паведамленняў абласных адміністрацый
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі загінулі два мірныя жыхары — у Канстанцінаўцы. Чатыры чалавекі атрымалі раненні.
У Харкаўскай вобласці за мінулыя суткі пад абстрэл трапілі населеныя пункты Харкаўскага, Чугуеўскага і Купянскага раёнаў. Пацярпелых сярод мірнага насельніцтва няма. У вобласці працягваюцца работы па размініраванні тэрыторыі.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Ключавыя заявы
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ па стане на раніцу 12 сакавіка: асабовага складу — 159 090 (+1090 за мінулыя суткі) чалавек.
За мінулыя суткі расійская армія нанесла 12 авіяцыйных і пяць ракетных удараў, два з якіх — па Запарожжы. Пад абстрэл ракетнага комплексу С-300 трапіў аб'ект грамадзянскай інфраструктуры, разбураны адзін будынак. Стратаў і параненых сярод цывільнага насельніцтва няма. Акрамя таго, войска РФ 56 разоў вяло абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню. У Херсоне з-за абстрэлу загінулі два чалавекі, трое параненыя.
РФ наступала на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках, імкнучыся выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей. Украінскія сілы адбілі 92 атакі УС РФ.
На Купянскім і Ліманскім кірунках УС РФ захоўваюць істотную вайсковую прысутнасць у памежных раёнах. Гэта перашкаджае перакінуць украінскія сілы на іншыя кірункі. Расійская армія сілы беспаспяхова спрабавала прарваць абарону ўкраінскіх войскаў, абстраляўшы з артылерыі 13 населеных пунктаў.
На Бахмуцкім кірунку расійскія сілы не спынялі штурм Бахмута. Паблізу лініі судакранання расійскія сілы, у прыватнасці, абстралялі Васюкоўку, Залізнянскае, Дубова-Васільеўку, Грыгораўку, Багданаўку, Бахмут, Іванаўскае, Канстанцінаўку, Белую Гару, Мінькоўку, Арэхава-Васільеўку, Аляксандра-Шульціна, Жалезнае і Нью-Ёрк Данецкай вобласці.
На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім кірунках расійскае войска беспаспяхова наступала ў кірунку населеных пунктаў Каменка, Паўночнае, Першамайскае, Невельскае, Краснагораўка і Мар'інка Данецкай вобласці.
На Запарожскім і Херсонскім кірунках расійскія сілы працягваюць абараняцца. Пад абстрэл трапілі каля 40 населеных пунктаў.
Авіяцыя Украіны за суткі нанесла шэсць удараў па раёнах засяроджання асабовага складу і ваеннай тэхнікі УС РФ, а падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі чатыры раёны засяроджання асабістага складу, адзін склад боепрыпасаў і два месцы разгортвання станцый РЭБ.
Мінабароны Вялікабрытаніі ў штодзённым аглядзе сітуацыі ва Украіне разважае пра расійскія эліты
Паводле інфармацыі брытанскай выведкі, Расія працягвае несці "надзвычай цяжкія страты" ва Украіне, але наступствы рэзка адрозніваюцца ад рэгіёну да рэгіёну. На думку брытанскага міністэрства, страты ў "багатых" Маскве і Пецярбургу меншыя, чым у іншых рэгіёнах краіны. "Асабліва гэта тычыцца сем'яў расійскіх элітаў", — заявілі ў ведамстве.
Згадваецца, што падчас паслання Уладзіміра Пуціна Федэральнаму сходу 21 лютага 2023 года ў першых двух шэрагах сядзелі высокапастаўленыя чыноўнікі. "Ні ў каго з іх няма дзяцей, якія б служылі ў войску", — заявілі ў Мінабароны Вялікабрытаніі.
У многіх усходніх рэгіёнах Расіі, паводле брытанскага ведамства, смяротнасць у працэнтных адносінах да насельніцтва, верагодна, у 30 з лішнім разоў вышэйшая, чым у Маскве. У некаторых рэгіёнах страты нясе этнічная меншасць. Так, у Астраханскай вобласці каля 75% загінулых прыпадае на казахаў і татараў, адзначаюць у Міністэрстве.
"Паколькі Міністэрства абароны Расіі спрабуе вырашыць праблему пастаяннага дэфіцыту асабістага складу войска, ізаляцыя больш заможных і ўплывовых элементаў расійскага грамадства, хутчэй за ўсё, будзе заставацца галоўным пытаннем", — сказана ў аглядзе.
Паводле сацсетак,Украінскай службы РБК; ВВС, korrespondent.net, meduza.io