307-мы дзень вайны. Расійцы спрабуюць атакаваць на Данбасе, але УСУ адбіваюць наступ

Ноч на 27 снежня ва Украіне прайшла больш-менш спакойна. Аднак вайна працягваецца, сёння яе 307-мы дзень. Сабралі апошнія падзеі на лініях сутыкнення.

1671280944_5062.jpg

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў на Луганшчыне і ў Данецкай вобласці. Акрамя гэтага, УСУ некалькі разоў ударылі па ворагу.

У Генштабе Узброеных сіл Украіны таксама паведамілі, што паразілі засяроджванне жывой сілы расійцаў каля Новабелазёркі Васільеўскага раёна Запарожскай вобласці. Армія РФ страціла да 100 вайскоўцаў мёртвымі і параненымі, сярод іх — 15 супрацоўнікаў Федэральнай службы бяспекі Расіі.

«Падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае і Стэльмахоўка Луганскай вобласці, а таксама Дылееўка, Краснагораўка, Вадзяное, Вясёлае, Мар'інка і Пабеда ў Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаецца, што на працягу сутак расійцы атрымалі новыя ўдары. Украінская авіяцыя «прасмажыла» раён засяроджвання акупантаў. Акрамя гэтага, падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі Сіл абароны Украіны падбілі чатыры пункты кіравання і шэсць раёнаў засяроджвання жывой сілы праціўніка.

Учора стала вядома, што УСУ паразілі шэраг важных аб'ектаў расійцаў. Паводле звестак Генштаба, акупанты працягваюць канцэнтраваць намаганні на вядзенні наступу на Бахмуцкім і Ліманскім кірунках, а на Аўдзееўскім, Купянскім і Запарожскім спрабуюць палепшыць тактычнае становішча.

Між тым у часова акупаваным Гянічаску расійцы праводзяць мабілізацыю пад выглядам набору ў «паліцыю». Страты РФ няўхільна павялічваюцца, таму камандзіры арміі РФ спрабуюць папоўніць рэзервы «мобікаў».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што сітуацыя на Данбасе цяпер патрабуе максімуму сіл і канцэнтрацыі, з'яўляецца цяжкай і пакутлівай.

Пра гэта кіраўнік дзяржавы сказаў у сваім відэазвароце вечарам 26 снежня. «Бахмут, Крамянная і іншыя напрамкі на Данбасе, якія патрабуюць цяпер максімуму сіл і канцэнтрацыі. Сітуацыя там цяжкая, пакутлівая. Акупанты марнуюць усе даступныя ім рэсурсы — а гэта значныя рэсурсы, каб выціснуць хаця б нейкае прасоўванне», — адзначыў Зяленскі.

Ён выказаў словы падзякі ўсім украінскім абаронцам, якія стаяць там на пазіцыях. «Стаяць моцна. І ўсё ж знаходзяць магчымасці, каб не толькі нічога не страціць, але і выбіваць акупантаў, «мінусаваць» іх», — адзначыў украінскі прэзідэнт.