277-мы дзень вайны Расіі ва Украіне: «Жывёлы ўдарылі па жывёлах», і чаканні зімы

У нядзелю, 27 лістапада, раніца для шэрагу абласцей Украіны пачалася з паветраных трывог. Сістэма апавяшчэння пра небяспеку працавала ў Палтаўскай, Чаркаскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай, Кіраваградскай і Луганскай абласцях.

3567on76o.jpg


Зранку Расія нанесла ракетны ўдар па Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік вайсковай грамадзянскай адміністрацыі Крывога Рога Аляксандр Вілкул. Таксама ён заклікаў мясцовых жыхароў знаходзіцца ў сховішчах.

* * *

Рускія ўсю ноч абстрэльвалі частку Днепрапятроўскай вобласці — амаль 9 гадзін доўжылася паветраная трывога, і было 5 варожых абстрэлаў, паведаміў у сваім Telegram кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка. З «Градаў» і цяжкай артылерыі расійцы ўсю ноч білі па Нікапальскім раёне. Агонь вялі з часова акупаванага Энергадара.

* * *

У ноч на 27 лістапада былі нанесеныя ракетныя ўдары па прыгарадзе Запарожжа. «У выніку выбухаў дзвюх ракет (меркавана С-300) на тэрыторыі аднаго з аграпрадпрыемстваў узнік пажар, пашкоджаны плот і будынак. Што ж, жывёлы ўдарылі па жывёлах. Аднак, на шчасце, людзі не пацярпелі», — паведаміў у Telegram старшыня Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старых.

Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі ў Данбасе адбілі варожыя атакі каля пяці населеных пунктаў, паведамляе Генштаб УСУ. «Вораг працягвае перагрупоўку войскаў з мэтай узмацнення частак і падраздзяленняў на Ліманскім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках», — дадалі ў Генштабе.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) прагназуе, што ва Украіне ў бліжэйшыя тыдні ўзрасце тэмп баявых дзеянняў на фронце. Ва Украіну прыходзіць зіма.

Цяпер агульны тэмп ваенных аперацый Сіл абароны Украіны і расійскіх акупацыйных войскаў уздоўж лініі фронту запаволіўся з-за пагаршэння ўмоў надвор'я. «Украінскія і расійскія паведамленні з важных прыфрантавых раёнаў на ўсходзе і поўдні Украіны, улічваючы Сватава, Бахмут і Угледар, паказваюць на тое, што аперацыі з абодвух бакоў у цяперашні час абцяжараныя з-за залевы і, як вынік, моцнага бруду», — гаворыцца ў зводцы інстытута.

Але тэмпература паветра ва Украіне паступова падае, і зямля на перадавой прамярзае. Таму, верагодна, тэмп баявых дзеянняў паскорыцца, паколькі абодва бакі падвысяць мабільнасць. Па прагнозах сіноптыкаў, тэмпература ў раёнах на паўночным усходзе Украіны, напрыклад, уздоўж лініі Сватава — Крэменная, з 28 лістапада па 4 снежня ўпадзе амаль да нуля ці ніжэй яе дзённага максімуму.

«Верагодна, зямлі спатрэбіцца некалькі дзён пры стабільных нізкіх тэмператур, каб зацвярдзець, што азначае, што наземныя ўмовы, хутчэй за ўсё, дазволяць павялічыць тэмпы аперацый па ўсёй Украіне на працягу выходных 3-4 снежня і на наступным тыдні», — лічаць у ISW.

Разам з тым адзначаецца, што пакуль незразумела, ці плануе нейкі з бакоў аднаўленне буйных наступальных або контрнаступальных аперацый у цяперашні час.

* * *

Украінскі Генштаб тым часам паведамляе, што расійцы праводзяць падрыхтоўчыя мерапрыемствы да чарговай хвалі схаванай мабілізацыі. Паводле іх інфармацыі, так званую мабілізацыю плануюць праводзіць на тэрыторыі РФ і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.

Па даных Генштаба ВСУ, чарговая хваля скрытай мабілізацыі ў шэрагі расійскіх войскаў пачнецца 10 снежня.

* * *

А ўсё той жа Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ў Крамлі ствараюць новую так званую «ПВК», каб стрымаць уплыў на палітычнай арэне Расіі фінансіста «Вагнера» Яўгена Прыгожына.

Стварэнне новай баявой групоўкі даручылі Армену Саркісяну — уладальніку холдынгавай кампаніі «Ташыр», даўняга субпадрадчыка расійскай дзяржаўнай энергетычнай кампаніі «Газпром».

Верагодна, што высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі ўхвалілі намаганні Саркісяна, паколькі прыватныя вайсковыя кампаніі ў Расіі забароненыя законам, нагадалі аналітыкі.

У сваю чаргу кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў рэгулярна прасоўвае свае намаганні па стварэнні паралельных вайсковых структур на базе Чачні. Нядаўна Кадыраў сустрэўся з Пуціным і заявіў, што яны абмяркоўвалі стварэнне новых падраздзяленняў расійскай арміі і Расгвардыі, якія складаюцца з чачэнскага персаналу.

«Расійскія афіцыйныя асобы могуць спрыяць далейшаму прасоўванню існых паралельных вайсковых структур Кадырава і намаганняў Саркісяна ў стварэнні прыватнай вайсковай кампаніі для процідзеяння росту ўплыву Прыгожына, які выкарыстоўвае свае структуры, каб зарэкамендаваць сябе як цэнтральную фігуру ў расійскай палітыцы», — адзначаюць аналітыкі.

Паводле УНІАН, РБК-Украіна, Карэспандэнт, ВВС