1005-ты дзень вайны. Украіна знішчыла сістэму С-400 у Курскай вобласці
Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём з дапамогай рэжыму Лукашэнкі.
Вайна ва Украіне працягваецца і Сілы абароны працягваюць змаганне з акупантамі.
Украінскі Генштаб заявіў аб знішчэнні РЛС С-400 у Курскай вобласці
Па заяве ўкраінскіх вайскоўцаў, у ноч на нядзелю быў нанесены групавы ўдар па пазіцыях зенітнага ракетнага дывізіёна 1490-га зенітнага ракетнага палка 6-й расійскай арміі ў Курскай вобласці.
Як сцвярджаецца, у выніку траплення знішчана радыёлакацыйная станцыя ЗРК С-400. "Пазначанае падраздзяленне ўзброеных сіл Расіі вяло баявую працу ў рэжыме "зямля-зямля", гэта значыць паражаючы наземныя нерухомыя мэты", — гаворыцца ў заяве ўкраінскага Генштаба.
Начная атака беспілотнікаў на Украіну
Паветраныя сілы УСУ паведамляюць аб з'яўленні расійскіх беспілотнікаў над некалькімі рэгіёнамі Украіны. Групы дронаў і асобныя БПЛА былі заўважаны над Кіеўскай, Сумскай, Палтаўскай і Чарнігаўскай абласцямі.
Кіеўская абласная ваенная адміністрацыя паведаміла аб рабоце сіл СПА над рэгіёнам. Паветраная трывога таксама аб'яўлена ў Жытомірскай вобласці.
Па заяве камандавання Паветраных сіл УСУ, апроч збітых 50 яшчэ 19 БПЛА былі лакацыйна страчаныя.
Тэрмін «лакацыйна страчаныя» азначае, што дроны зніклі з экранаў радараў. Гэта значыць, яны былі альбо ілжывымі мэтамі, альбо былі збітыя сістэмамі РЭБ, альбо ўпалі па нейкай іншай прычыне.
Яшчэ чатыры беспілотнікі знаходзяцца ў паветранай прасторы Украіны, вядзецца баявая праца, гаворыцца ў паведамленні УСУ.
Le Monde распавяла аб расійскай "школе журналістаў" у Малі
Іх вучылі распаўсюджваць прарасійскую прапаганду і запрашалі на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Газета Le Monde і некалькі яе партнёраў у іншых краінах апублікавалі артыкул аб "школе журналістаў" у сталіцы Малі Бамака, закліканай рыхтаваць кадры для інфармацыйнага агенцтва, створанага, як сцвярджаецца, расійскай разведкай і якая распаўсюджвае прарасійскую прапаганду.
У школе навучаліся 60 чалавек, найлепшым з якіх абяцалі працу ў агенцтве Africa Initiative. Ім чытаў лекцыі, на добрай французскай мове, Міхаіл Пазнякоў, шэф французскай рэдакцыі агенцтва. Ён прасоўваў тэзу аб тым, што інтэрнэт-прастора — гэта поле геапалітычнага супрацьстаяння, і раіў сваім слухачам прыдумляць загалоўкі такога тыпу: «Макрон ідзі прэч: вынікі візіту Лаўрова і Еўкурава ў Французскую Афрыку», піша Le Monde.
У падборы навучэнцаў удзельнічаў малійскі журналіст і інфлюэнсер Робер Дыса, вядомы сваімі прарасійскімі публікацыямі. Яму арганізавалі паездку ў Маскву і затым у акупаваны ўкраінскі Марыупаль. Пазнякоў пацвердзіў Le Monde гэтую дэталь, назваўшы яе "візітам прэсы на вызваленыя тэрыторыі", і адзначыў, што ў адрозненне ад Дысы, "французскія журналісты не наведваюць зоны вайны з расійскага боку".
Адзначаецца, што Africa Initiative мае офісы ў трох краінах Сахеля, дзе ва ўладзе знаходзяцца дружалюбныя Расіі ваенныя рэжымы, — Малі, Нігеры і Буркіна-Фасо, аднак яна імкнецца пашырыць сваю сетку карэспандэнтаў і на іншыя краіны рэгіёну.