«Кашалькі» рэжыму і не толькі. Хто «наглядае» за беларускім спортам?
Не толькі сілавікі прыстаўленыя наглядаць за прыбытковымі і іміджавымі сферамі, але і бізнесмэны. Некаторыя з іх — вельмі нават вядомыя.
Выданне «Беларусы і рынак» прадставіла абноўлены рэйтынг самых паспяховых бізнесменаў Беларусі ў 2023 годзе. Не абышоўся топ-100 без прадпрымальнікаў, звязаных з беларускім спортам.
Размеркаванне месцаў у рэйтынгу залежала, па-першае, ад кошту бізнесу. Валоданне і памер долі ў бізнесе выяўляліся на падставе звестак рэжымнага Мінюста або рэгіструючых органаў іншых краін, плюс праз іншыя адкрытыя крыніцы і інсайдарская інфармацыя.
Да таго ж, улічвалася экспертная ацэнка ўплыву ўласніка бізнесу ў галіне і эканоміцы ў цэлым і яго магчымасці праз неэканамічныя камунікацыі з рэжымнымі рэгулятарамі ўплываць на захаванне або павелічэнне гэтага ўплыву.
У топ прымалі па эканамічных выніках 2022-га і першай паловы 2023 года, піша «Трыбуна».
Аляксандр Машэнскі
У адной пазіцыі ад топ-3 спыніўся генеральны дырэктар «Санта Імпэкс Брэст» Аляксандр Машэнскі. Сукупная выручка яго кампаній на расійскім рынку за 2022 год склала 1 млрд долараў. А чысты прыбытак — 10 млн долараў.
Праз пагрозу санкцый бізнесмен перавёў частку сваіх актываў на дачку Яну, якая жыве за мяжой. Імпарцёр рыбнай прадукцыі «Santa Tradе», які належыць ёй, па выніках таго ж 2022 года ўзначаліў спіс самых буйных па выручцы кампаній, створаных беларусамі ў Літве. Выручка за год вырасла больш чым на траціну (да 138 млн еўра), а чысты прыбытак — амаль у 5 разоў (перавысіў 3 млн еўра).
Бізнесмен сумяшчае пасаду кіраўніка кампаніі з пасадай старшыні «Беларускай федэрацыі веславання» (курыруе толькі акадэмічны кірунак). На чале БФГ ён ужо 10 гадоў.
У 2010-м Машэнскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2010 года. А яшчэ прадпрымальнік вельмі ўмела ўхіляецца ад санкцый. У тым ліку і таму, што ён з'яўляецца ганаровым консулам у Ісландыі.
На сёння акадэмічныя весляры з Беларусі маюць толькі адну ліцэнзію на Алімпіяду — у верасні на чэмпіянаце свету Яўген Залаты «заехаў» на сёмае месца ў адным з фіналаў, і гэтага хапіла, каб атрымаць гіпатэтычны пропуск у Парыж (але туды яшчэ беларусаў могуць і не пусціць).
Валянцін Байко
На 33-м месцы ў рэйтынгу размясціўся намеснік дырэктара «Контэ Спа» Валянцін Байко. Кампанія займаецца вытворчасцю адзення, бялізны, панчошна-шкарпэткавых вырабаў. У «Контэ Спа» выручка за першае паўгоддзе 2023-га вырасла на 25% і склала звыш 55 мільёнаў долараў. Чысты прыбытак галаўной кампаніі групы павялічыўся ў пяць разоў — да 35 млн долараў. Прычым больш за траціну ў гэтай суме склалі даходы ад удзелу «Контэ Спа» ў іншых бізнесах.
Са спортам Байко звязвае пасада старшыні ў «Беларускай федэрацыі каноэ». У прадстаўнікоў гэтага віда спорту пакуль няма алімпійскіх ліцэнзій — і турніраў, каб іх заваяваць, засталося ўсяго нічога. У траўні ў Венгрыі пройдзе турнір, дзе на кожнай дыстанцыі будуць «разыграныя» па два допускі для адзіночак і па адным — для двоек. Моцная беларуская жаночая чацвёрка на Гульні ўжо дакладна не адбярэцца.
Зрэшты, самога Байко гэта можа і не надта цікавіць, бо ён акрамя бізнесу і кіравання федэрацый займаецца, так бы мовіць, яшчэ і палітыкай. Проста цяпер ён, як той жа былы хакейны дзеяч Дзмітрый Баскаў, з'яўляецца чальцом рэжымнага «Савета Рэспублікі», які ўзначальвае Наталля Качанава.
Аляксандр Цэнцер
9-е месца ў рэйтынгу заняў заснавальнік і кіраўнік інвестыцыйнай групы кампаній «Astocap» Аляксандр Цэнцер. Бізнес кіруе актывамі на звыш як 50 млн долараў у пяці краінах свету. Галоўны праект Цэнцера ў «Astocap» — гэта група аператараў зарадных станцый для электрамабіляў ва Усходняй Еўропе «4EVo».
Да 2021-га Цэнцер займаў пасаду старшыні наглядальнай рады групы кампаній «А-100», але пакінуў пасаду і пераехаў у ЗША, сканцэнтраваўшыся на вучобе ў «Harvard Business School» і на новых інвестыцыях па-за межамі Беларусі. Тым не менш сетка заправак застаецца адным з яго праектаў у РБ, хаця бізнесмен спрабаваў прадаць яе.
З беларускім спортам прадпрымальніка звязвае «Федэрацыя авіяцыйнага спорту». Там ён займае пасаду старшыні з 2013 года. Яшчэ ў свой час Цэнцер атрымаў досвед супрацы з хакейным «Дынама» — выглядала на тое, што, каб аднавіць будоўлю ў самым цэнтры сталіцы, давялося фінансаваць клуб.
Іван Монцік
На 21-й пазіцыі рэйтынгу размясціўся саўладальнік «SoftSwiss» Іван Монцік. Яго бізнес ацэньваецца не менш як у 1 мільярд еўра. Кампанія Монціка займаецца праграмнымі рашэннямі для анлайн-казіно і бетынгавага бізнесу.
Павел Белы
У топ-35 рэйтынгу ўвайшоў экс-хакеіст зборнай Беларусі Павел Белы — сын былога кіраўніка мінскага «Дынама» Аляксандра Белага. Бізнесмен з'яўляецца ўласнікам будаўнічай фірмы «Тапас». У прыватнасці, фірма будуе квартал «Алімпік парк» у Драздах.
Гэтым летам Белы сутыкнуўся з праблемамі. 19 ліпеня зʼявілася інфармацыя пра яго затрыманне за адмову плаціць падатковы штраф, які яму налічылі рэжымныя структуры. Як паведамляла крыніца «Зеркала», перад трапляннем за краты ў фірмы Белага зʼявіліся праблемы, якія звязваюць з яго сыходам з хакейнай каманды Лукашэнкі. Праўда, праз тры дні экс-хакеіста адпусцілі, але крымінальную справу не спынілі, абавязаўшы выплаціць штраф.
Сяргей Бруй, Антон Ярашук, Вінцэнт Найдзен
З 46-га па 48-е месца занялі саўладальнікі «Vizor Games»: Сяргей Бруй, Антон Ярашук і Вінцэнт Найдзен. Асноўнай сферай дзейнасці кампаніі з'яўляецца распрацоўка гульняў для мабільных тэлефонаў і іх продаж праз анлайн-крамы «App Store» і «Google Play». У 2020-м і ў 2021-м гадавая выручка «Vizor Games» з гэтых крыніц перавышала 100 мільёнаў долараў. Але ў 2022-м выручка аказалася меншай за гэты парог, і да кампаніі наблізіліся беларускія канкурэнты, якія раслі больш хуткімі тэмпамі, — «BPMobile» і «Flo Health».
Сярод праектаў «Vizor Games» знаходзіцца футбольны сімулятар UFL, у які зусім нядаўна інвеставаў Крышціяну Раналду.
Акрамя таго, Ярашук стаў адным з сузаснавальнікаў кампаніі-вытворцы спартыўных ровараў «Forestal Bikes», якая знаходзіцца ў Андоры. Экзэмпляры ад гэтага брэнду каштуюць ад пары тысяч еўра, але можна адшукаць і за 10-15 тысяч (так, гэта не памылка друку).