Зэльвенская вёска Сынковічы: учора і сёння

Пры савецкай уладзе ў Сынковіцкім храме былі склады з яблыкамі, льном. Ён не дзейнічаў. Мясцовы калгас побач пабудаваў ферму. Усё рабілася, каб знішчыць славуты помнік. Цяпер вакол храма стаіць непрыемны пах. Прыязджаюць сюды турысты з усяго свету і перш чым зайсці ў царкву знаёмяцца з «водарам» савецкай эпохі.  



p1011344.jpg

Вёска Сынковічы знаходзіцца на мяжы двух раёнаў — Слонімскага і Зэльвенскага. Яна падзяляе гэтыя раёны, хаця сама, калі ехаць са Слоніма, Баранавіч, Мінска, распачынае Зэльвенскі раён.

Перад паваротам з аўтатрасы на Сынковічы каля самай дарогі заходзіцца карчма мясцовага прадпрымальніка Міхаіла Макея. Зрабіў ён яе ў будынку, які быў пабудаваны ў 1861 годзе, якраз перад паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У першай палове ХХ стагоддзя гэта быў прыватны дом пана Чапскага, які перад вераснем 1939 года ўцёк у Велікабрытанію. А пасля Другой сусветнай вайны там месціліся бальніца, аптэка. А цяпер — прыдарожная карчма.

sdc10988.jpg

Будынак гістарычны, стары. Магчыма, яго нават бачыў сам Каліноўскі, які там быў, раскідваючы “Мужыцкую праўду” ў Слоніме, Чамярах, Сынковічах, Шуляках і іншых мястэчках. На старым будынку захаваліся лічбы — 1861. Побач з карчмою Макея стаіць і стары двухпавярховы драўляны дом, у якім яшчэ жывуць людзі. Жыхары Сынковіч і суседніх вёсак называюць гэтае месца леснічоўка.

lesn_cho_ka.jpg

Леснічоўка

Адразу за леснічоўкай пачынаецца вёска. Праўда, шыльда паказвае, што гэта СынкАвічы, а не СынкОвічы. Заўсёды былі Сынковічы. І люд мясцовы называе вёску Сынковічы і пасля вайны яна была Сынковічамі, але не Сынкавічамі. Аказваецца, вёску перайменавала ў 1960-х гадах мясцовая раёнка, калі рэдактарам быў Міхаіл Кузняцоў з Паўладарскага краю. Чалавек ніколі не ведаў беларускай мовы, але быў рэдактарам беларускамоўнай раёнкі. Вось ён і зрабіў Сынковічы СынкАвічамі на старонках сваёй газеты. Нават многія гісторыкі і літаратары пачалі пісаць Сынкавічы. Але так не рабіў ніколі, напрыклад, вялікі беларускі даследчык гісторыі Міхась Ткачоў. Пагартайце яго кнігі, у прыватнасці — “Замкі Беларусі” (Мн., 1977). Там ён правільна піша: “Сынковічы. Сынковіцкая Міхайлаўская царква. Сынковіцкі храм”, але не СынкАвіцкі.

p1011333.jpg

Сапраўды, вёску Сынковічы ва ўсім свеце ведаюць, дзякуючы храму абароннага тыпу — Сынковіцкай царкве. 29 верасня 2007 года ў Сынковічах адзначылі афіцыйнае 600-годдзе славутага храма-крэпасці. Але помнік намнога старэйшы, магчыма, нават на гадоў 200. Настаяцель царквы айцец Арсень лічыць, што спецыфічныя рысы архітэктуры храма не маюць аналагаў у свеце. Ён кажа, што “гэты шэдэўр архітэктуры Беларусі з’яўляецца тым помнікам, у якім мастацкія плыні Захаду (готыка) і Усходу (традыцыі візантыйскае архітэктуры) зліліся ў адзіны сінтэтычны ансамбль”.

hram.jpg

Пра храм у Сынковічах напісана шмат. Яго некалі даследавалі не толькі М. Ткачоў, а А. Шышка-Богуш, М. Сакалоўскі, Г. Вераб’ёў, Ю. Зубрыцкі, І.  Ядкоўскі, М. Шчакаціхін і іншыя. Цікавыя замалёўкі храма зрабіў у другой палове XIX стагоддзя беларускі краязнавец і мастак В. Гразноў.

p7090576.jpg

Айцец Арсень сцвярджае, што найбольш даследаваў Сынковіцкую царкву святар Яўстафій Міхайлоўскі, які быў тут настаяцелем з 1871 да 1898 год. Ён зрабіў царкоўную агароджу, званіцу, сам рамантаваў дах. На сценах храма ён знайшоў напісы, датаваныя ХІІ, ХІІІ і ХІV стагоддзямі, а таксама два званы. На адным з іх было напісана: “Anno Domini 1460”. Між іншым, ніколі званы не замаўляліся задоўга да будаўніцтва храма. Напрошваецца думка: храм у Сынковічах у час вылівання звону ўжо мусіў існаваць і, можа, не адзін дзясятак гадоў. Царква ў Сынковічах унікальная тым, што яна захавалася такою, якою была пабудаваная.

p1011346.jpg

Але гэта пра сам храм. А вось пра вёску Сынковічы амаль ніхто ніколі не пісаў. Крыху з гісторыі вёскі. У 1566 годзе вёска Сынковічы належала багатаму чалавеку Зэльвеншчыны — Івану Есьману. А ўжо ў канцы ХVІІІ стагоддзя і да 1939 года гэта была ўласнасць Пуслоўскіх.

Абсалютную бальшыню жыхароў Сынковічаў складалі сяляне. Перад рэформай 1861 года і ў другой палове ХІХ стагоддзя таварны характар у Сынковічах набыло садаводства і агародніцтва. У гэты час у вёсцы з’явілася першая крама. У пачатку ХХ стагоддзя (1905–1913 гады) тут працавала вінакурня, а ў 1908 годзе картуна займела нават паравы рухавік. І калі ў 1890 годзе Сынковіцкі прыход налічваў 1555 жанчынаў і столькі ж мужчынаў, то ў 1921 годзе ў вёсцы было ўжо толькі 145 жыхароў. Шмат хто не вярнуўся з бежанства, загінуў у Першай сусветнай вайне і падчас савецка-польскае вайны. А што да Пуслоўскіх, дык яны ў 1939 годзе, за два тыдні да прыходу на Слонімшчыну Чырвонай Арміі, выехалі ў Англію…

p1011342.jpg

Гэта так было. А цяпер Сынковічы — адна невялікая вуліца, дзе большая палова дамоў пустуе. Не працуе спіртзавод, цэглай закладзены клуб, дзе я, пасля войска, у 1980 годзе працаваў яго загадчыкам. Даўно няма крамы, неяк убаку, амаль у полі, стаіць мемарыяльны знак воінам, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны.

p1011339.jpg

Пры савецкай уладзе ў Сынковіцкім храме былі склады з яблыкамі, льном. Ён не дзейнічаў. Мясцовы калгас побач пабудаваў ферму. Усё рабілася, каб знішчыць славуты помнік. Цяпер вакол храма стаіць непрыемны пах ад фермы. Прыязджаюць сюды турысты з усяго свету і перш чым зайсці ў царкву знаёмяцца з «водарам» савецкай фермы.

Настаяцель Сынковіцкага храма айцец Арсень марыць, што фермы тут не будзе. А побач ён плануе адкрыць атэль, некалькі крамкаў з сувенірамі, каб турысты адпачывалі ў Сынковічах, купляючы на памяць сувеніры. Але калі гэта будзе — цяжка сказаць. Тым не менш, хочацца верыць, што ўсё гэта насамрэч будзе.  І СынкАвічы стануць сапраўднымі СЫНКОВІЧАМІ.

Фота Сяргея Чыгрына