Што чакаць ад года Тыгра? Гістарычны астрапрагноз

2022-і год пройдзе пад знакам Тыгра. Каб зразумець, што нас можа чакаць сёлета, варта ўзгадаць, якія падзеі адбываліся ў «тыгрыныя» гады раней.

year_of_the_tiger_g204b84629_1280.jpg


1902 год адзначыўся заканчэннем англа-бурскай вайны або абвяшчэннем незалежнасці Кубы. А ў Расійскай імперыі адбылася першая палітычная стачка. Яна здарылася на чыгуначнай фабрыцы ў Растове-на-Доне. Страйк з патрабаваннем скарачэння працоўнага часу (праца на фабрыцы пачыналася з 8 гадзін раніцы і працягвалася да 20 вечара) падтрымалі калегі з іншых заводаў. На сходах удзельнічала да 30 тыс. чалавек. Напалоханыя палітызацыяй страйку ўлады вырашылі не спыняцца нават перад самымі крутымі мерамі. На восьмы дзень стачкі войскі адкрылі агонь, забіўшы 30 чалавек. 26 лістапада стачка спынілася, але яе ўплыў на палітычны працэс быў вельмі прыкметным. Грошы салідарнасці з забастоўшчыкамі збіралі ў шматлікіх кутках краіны, у тым ліку ў Беларусі.
1914 год вядомы як год пачатку Першай сусветнай вайны — першы ў гісторыі ўзброены канфлікт планетарнага маштабу. Аднак былі і іншыя важныя падзеі. Напрыклад, у Мексіцы была звергнута дыктатура Артэгі Уэрты. Уэрта прыйшоў да ўлады ў 1913-м шляхам ваеннага перавароту і забойства папярэдняга прэзідэнта. Стаўшы часовым прэзідэнтам краіны, ён адмовіўся ад правядзення дэмакратычных выбараў і ўсталяваў ваенную дыктатуру. У адказ была сфармаваная кааліцыя паўстанцаў з удзелам знакамітага Панча Вільі, якая разбіла ўрадавыя войскі і ўвайшла ў сталіцу. Зрынуты дыктатар збег за мяжу.
Наступны год, на які выпаў знак Тыгра, — 1926-ы. Ён увайшоў у гісторыю дзякуючы ўсеагульнай стачцы ў Вялікабрытаніі, у якой удзельнічалі каля 3 мільёнаў працоўных (!). У тым жа годзе ў Нікарагуа Аўгуста Сандзіна пачаў сваю славутую «партызанку». Да снежня 1932 года сандзіністы кантралявалі ўжо больш за палову тэрыторыі краіны, а ўлады абвясцілі за галаву Сандзіна ўзнагароду ў 100 тысяч долараў.
1938 год назаўжды ўвайшоў у гісторыю Беларусі. У гэты год 15 студзеня было ўведзена абласное дзяленне ў Беларускай ССР. Адпаведна ўтвораны Віцебская, Гомельская, Мінская, Магілёўская і Палеская вобласці. Што да сусветнай палітыкі, то гэта быў год пачатку нацысцкай экспансіі. На працягу аднаго года Гітлер «аджаў» у Чэхаславакіі Судэты і далучыў Аўстрыю. У той жа год Берлін нават анексаваў частку Антарктыды, дзе вырашыў стварыць калонію «Новая Швабія».
1950 год цяжка назваць пазітыўным. На карэйскім паўвостраве адбываўся вайсковы канфлікт, бакі якога ўжывалі самую сучасную зброю. Нядзіўна, што колькасць забітых вымяралася сотнямі тысяч. Падзеі ў Карэі, у сваю чаргу, былі фрагментам глабальнай халоднай вайны. 8 сакавіка СССР аб'явіў аб наяўнасці атамнай бомбы, на што ЗША адрэагавалі абяцаннем стварыць вадародную. Усе рыхтаваліся да горшага. Не дарма ў СССР аднавілі смяротнае пакаранне для здраднікаў.
Аднак сваёй кульмінацыі супрацьстаянне сістэм дасягне ў наступны год Тыгра — 1962. 15 кастрычніка пачалося супрацьстаянне паміж ЗША і СССР з-за савецкіх ядзерных ракет, размешчаных на Кубе (Карыбскі крызіс). Канфлікт паставіў увесь свет на мяжу ядзернай вайны, але быў развязаны праз 13 дзён. Савецкія ракеты былі прыбраныя з Кубы, а амерыканскія з Турцыі.
Сімвалам 1974 года стала арганізаваная жаўнерамі Рэвалюцыя гваздзікоў у Партугаліі. Практычна без супраціву абрынуўся фашысцкі рэжым і была абвешчана новая рэспубліка. А ў жніўні ў выніку Уотэргейцкага скандалу прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан сыходзіць у адстаўку (першая датэрміновая адстаўка кіраўніка дзяржавы за ўсю гісторыю краіны). Развязка 1974-га была проста феерычнай. 28 снежня ў Нікарагуа сандзіністы захапілі на віле ў Манагуа амбасадара ЗША і вядомых дзеячаў кіруючай дыктатуры. 29 снежня яны вызвалілі закладнікаў і пакінулі краіну пасля таго, як з турмаў выпусцілі групу палітвязняў.
1986-ы назаўжды застанецца ў памяці як год Чарнобыльскай катастрофы. Але былі тады і пазітыўныя падзеі. Рэйган і Гарбачоў запусцілі працэс разрадкі, а ў СССР пачалася перабудова. Адным з маркераў «адлігі» стала рашэнне ўладаў СССР ад 19 снежня. Паводле яго, праваабаронцу Андрэю Сахараву дазволілі вярнуцца са ссылкі ў Маскву.
Вельмі багатым на падзеі аказаўся 1998 год. Тут і заканчэнне канфлікту ў Паўночнай Ірландыі, і пачатак працэсу імпічменту Клінтана з-за скандалу з Монікай Левінскі, і першыя тэрарыстычныя вылазкі Бэн Ладэна, які ўзарваў пасольствы ЗША ў Танзаніі. І, натуральна, жнівеньскі дэфолт у Расіі.
2010 год для беларусаў — гэта, безумоўна, год Плошчы. 19 снежня прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх Аляксандр Лукашэнка, паводле ЦВК, пераабраўся на наступны тэрмін, атрымаўшы 79,67% галасоў. Нязгодныя з вынікамі выбараў грамадзяне правялі мітынг каля Дому ўрада ў Мінску, які скончыўся маштабным хапуном. Чарговая адліга змянілася закручваннем гаек. Трагічнай стала дата 10 красавіка. У гэты дзень адбылася авіякатастрофа пад Смаленскам, у якой загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай і ўся палітычная эліта краіны. Акрамя таго, у гэты год чалавецтва спрабавала вывучыць, як дакладна прамаўляць назву ісландскага вулкану Эйяф'ядлайёкюдль, які раптам прачнуўся. Вывяржэнне вулкана прывяло да часовага закрыцця паветранай прасторы над значнай тэрыторыяй Паўночнай Еўропы і поўнай адмены палётаў у аэрапортах Лондана, Капенгагена і Осла.
Як бачым, у падзейным плане гэтыя гады былі зусім розныя. Аднак адну асаблівасць можна вылучыць. У гады Тыгра ўладам даводзілася не салодка.