Першае смяротнае ДТЗ адбылося 121 год таму
Цёплым днём 17 жніўня 1896 года жыхарка Лондану місіс Брыджыт Дрыскол выйшла
на дарогу, не звярнуўшы ўвагі на агароджу і шыльды з надпісамі пра рух
транспартных сродкаў з маторам. Праз
некалькі хвілін яна стала першай з мільёнаў ахвяр ДТЗ.
Брыджыт Дрыскол (англ. Bridget Driscoll), 45-гадовая маці дваіх дзяцей, стала ахвярай аўтамабіля, якім кіраваў Артур Эдсел, служачы «Англа-французскай аўтамабільнай кампаніі». Дарэчы, кампанія якраз дэманстравала сваю навінку. Аўтамабіль павінен быў ехаць з хуткасцю 4 мілі ў гадзіну, але на самай справе ўдвая перавысіў хуткасць. Відавочна, кіроўца хацеў уразіць юную лэдзі, якую ўзяўся пракаціць.
Акрамя таго, па словах сведкаў, кіроўца ажыўлена гутарыў з пасажыркай. Вадзіцельскі
вопыт Эдсела налічваў тры тыдні.
Такім чынам, недахоп вопыту, няўважлівасць на дарозе і перавышэнне хуткасці — усё гэта стала прычынамі той аўтакатастрофы. І прыводзіць да падобных вынікаў па сёння. Ну хіба Эдсел толькі не быў яшчэ ў стане алкагольнага ап’янення.
Убачыўшы, як на яе імчыць аўтамабіль, місіс Дрыскол паспрабавала абараніцца ад яго парасонам, але дарэмна.
Пасля шасцігадзіннага разбору першага ў гісторыі ДТЗ са смяротным зыходам
суд прысяжных пастанавіў, што гэта была «выпадковая смерць», «місіс Дрыскола
стала ахвярай уласнай неасцярожнасці», супраць Эдсела і кампаніі крымінальную
справу заводзіць не сталі.
На разглядзе коранер заявіў: «Такое ніколі больш не павінна здарыцца».
Але на самай справе гэта быў толькі пачатак. З кожным годам у свеце станавілася больш аўтамабіляў, і колькасць ахвяр ДТЗ пачала толькі расці.
На сённяшні дзень у выніку ДТЗ штогод гіне больш за мільён двесці чалавек. Такія
падлікі заснаваныя на аналізе інфармацыі з 180 краін. І
яны практычна не змяняюцца на працягу апошніх гадоў.
Толькі падумайце, за 8 гадоў транспартныя сродкі забіваюць насельніцтва такой краіны, як Швецыя, ці, напрыклад, Беларусь.
Найбольш уразлівай групай прызнаныя матацыклісты, на долю якіх прыпадае 23% усіх смерцяў у аварыях.
Пешаходы і веласіпедысты таксама ўваходзяць у лік найменш абароненых груп, на якія прыходзіцца 22 і 4% выпадкаў смерці ў свеце адпаведна.
У выніку 49% загінулых на дарогах не з'яўляюцца аўтамабілістамі. Пры гэтым гібель у аўтакатастрофе застаецца прычынай смерці нумар адзін для людзей ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў.
Менавіта ў краінах з невысокім і сярэднім ўзроўнямі даходаў адбываецца 90% выпадкаў смерці ў выніку ДТЗ, пры тым, што на іх прыпадае толькі 54% транспартных сродкаў у свеце.
У
Еўропе, асабліва ў найбольш багатых краінах, адзначаюцца самыя
нізкія ўзроўні смяротнасці на душу насельніцтва. У Афрыцы гэтыя паказчыкі самыя
высокія.
У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) упэўненыя, што найбольшых поспехаў у зніжэнні смяротнасці ў выніку ДТЗ можна дамагчыся дзякуючы паляпшэнню заканадаўства, забеспячэнню яго выканання і павышэнню бяспекі дарог і транспартных сродкаў.
Да прыкладу, за апошнія тры гады 17 краін прывялі па меншай меры адзін са сваіх законаў у адпаведнасць з найлепшай практыкай у дачыненні да прыпражных рамянёў, кіравання транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, хуткаснага рэжыму, матацыклетных шлемаў ды дзіцячых утрымлівальных прылад. Менавіта гэтыя пяць фактараў рызыкі ў СААЗ ацэньваюцца як ключавыя.
Што тычыцца Беларусі, то ў 2015 годзе, па дадзеных МУС, у нас адбылося 4119 ДТЗ, у якіх загінула 658 чалавек, а 4389 атрымалі пашкоджанні. А за 6 месяцаў 2016 года ў 1531 ДТЗ загінулі 192 чалавекі, 1688 атрымалі пашкоджанні. Пакуль што за апошнія гады колькасць смяротных ДТЗ у нашай краіне стала змяншаецца, нягледзячы на тое, што колькасць аўтамабіляў павялічваецца.
Дарэчы, першае ў гісторыі зарэгістраванае ДТЗ з удзелам аўтамабіля адбылося 30 траўня 1896 года ў Нью-Ёрку. Тады электрамабіль Генры Уэлса сутыкнуўся з роварам Эвеліна Томаса. Томас зламаў нагу.
Хочацца пажадаць, каб у ДТЗ больш не гінула насельніцтва цэлых краін, і нарэшце спраўдзіліся словы коранера на судзе па справе Дрыскол.
Увагі ды павагі нам усім на дарогах!