Па сцяжынках выдатных суайчыннікаў
Чарговая вандроўка з мастаком і фатографам Уладзімірам Цвіркам завяла мяне ў багаты гістарычнымі падзеямі Баранавіцкі раён.
Найперш мы наведалі вельмі цікавы куточак гэтага краю — вёску з назвай Новая Мыш. Беларускі вучоны-географ Вадзім Жучкевіч выказвае думку, што назва вёскі паходзіць ад рэчкі Мышанкі, прытока ракі Шчары. Вядомы беларускі паэт і фалькларыст ХІХ стагоддзя, сябра паэта Адама Міцкевіча Ян Чачот, які часта наведваў Новую Мыш, у сваёй цудоўнай баладзе «Мышанка» дае назву гэтай вёскі паводле народных паданняў.
Упершыню Новая Мыш згадваецца ў XV стагоддзі, а пад 1566 год упамінаецца ўжо як мястэчка. У XVІ — XVІІ стагоддзях тут існаваў замак. А ў трынаццацігадовую вайну (1654–1657 гадах) замак і мястэчка былі ўшчэнт зруйнаваныя войскам Маскоўскай дзяржавы.
У 1860 годзе тут было 160 двароў, 1030 жыхароў, дзейнічала народная вучэльня, тры яўрэйскія школы, бровар, цагляны завод. У 1825 годзе быў пабудаваны касцёл Перамянення Божага, а ў 1859 годзе — Праабражэнская царква.
Некалі па службовых справах мне даводзілася праязджаць праз вёску, але я тады не ведаў пра яе такое багатае мінулае. Памяць свайго выдатнага земляка Яна Чачота жыхары Новай Мышы ўшанавалі помнікам на адной з вуліц вёскі.
Вёска Палонка, якая знаходзіцца ў 12 кіламетрах на захад ад Новай Мышы, вядомая перш за ўсё бітвай, якая адбылася ў наваколлі вёскі 28 чэрвеня 1660 года паміж войскамі ВКЛ пад камандаваннем гетманаў Паўла Яна Сапегі і Стэфана Чарнецкага і войскамі Масковіі. Нягледзячы на тое, што войска ВКЛ налічвала 15 тысяч, а маскоўскае ў тры разы болей — 46 тысяч воінаў, нашы продкі атрымалі бліскучую перамогу.
Па значнасці бітву пад Палонкай можна параўноўваць з бітвай пад Оршай — з яе пачалося вызваленне Беларусі ад маскоўскіх захопнікаў.
Мясцовыя жыхары падказалі нам, дзе знаходзіцца памятны знак — мемарыяльны камень «крывавы паток», прысвечаны гэтай бітве. Ад мясцовай жыхаркі мы даведаліся, што шыльду з памятнага каменя некалькі раз знішчалі вандалы, але, як гэта часта бывае, вінаватых не знайшлі (ды іх і не шукалі).
А першы ўспамін пра Палонку датуецца 1506 годам, калі ў ваколіцах вёскі войскі ВКЛ на чале з гетманамі Станіславам Кішкам і Міхалам Глінскім разбілі татар.
Наведалі мы таксама старажытную вёску, некалі мястэчка Молчадзь, у якой знаходзіцца царква Святых Пятра і Паўла (1869–1873 гады). Доўга шукалі ў наваколлі вёскі старажытны магільны склеп, але так і не знайшлі. І апытанне мясцовых жыхароў не дало вынікаў.
У вёсцы Паручын адбылося наша знаёмства са Свята-Пакроўскай царквой (1783 год), а ў вёсцы Вольна — з прыгожай царквой Святой Тройцы (першапачаткова касцёл), пабудаванай у 1768 годзе.
Нарэшце, вандроўка па цікавым Баранавіцкім краі прывяла нас да вёскі Завоссе, паблізу якой знаходзіцца музей-сядзіба Адама Міцкевіча. Пасля Першай сусветнай вайны ад сядзібы не засталося ніякіх слядоў, а яе рэканструкцыю праводзілі паводле малюнкаў Напалеона Орды і Эдуарда Паўловіча.
У 1927 годзе на гэтым месцы быў устаноўлены помнік паэту, але ў 1996-м пры рэканструкцыі сядзібы ён быў знесены. З часоў жыцця Адама Міцкевіча засталася толькі старая ліпа.
За 35 кіламетраў на паўночны ўсход ад Баранавіч знаходзіцца вёска Паланечка, якая ўпершыню згадваецца ў ХVI стагоддзі як мястэчка. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Радзівілы збудавалі тут палац, у якім была багатая калекцыя манет, архіў, вялікая бібліятэка. З Радзівілаў першым уладальнікам Паланечкі быў Мацей. У 1751 годзе ў мястэчку быў пабудаваны касцёл Святога Юрыя, у якім хрысцілі вядомага даследчыка, геолага, сябра Адама Міцкевіча, народнага героя Чылі Ігната Дамейку.
Мястэчкам валодаў таксама Канстанцін Радзівіл, якога наведваў беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля. У часы паўстання супраць царскай Расіі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў ваколіцах мястэчка дзейнічалі паўстанцкія атрады.
Пасля знаёмства з гэтай цікавай вёскай мы накіраваліся ў вёску Карчова, якая мела першапачатковую назву Туганавічы. Вёска ў 1510 годзе згадваецца як маёнтак, які належаў спачатку Туганоўскім, а з 1758 года — Верашчакам. Наведалі мы Туганавіцкі пейзажны парк, які быў створаны ў другой палове XVIII стагоддзя. Частымі гасцямі гаспадароў маёнтка былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка.
Лета 1818 года ў Туганавічах прайшло пад знакам рамантычных пачуццяў дачкі гаспадыні маёнтку Марылі Верашчакі і маладога Адама Міцкевіча. У Туганавіцкім парку была альтанка, так званая «калыска казання» ў выглядзе высаджаных па коле шасці стогадовых ліпаў, дзе сустракаліся Адам і Марыля. Канстанцін Туганоўскі ў 1831 годзе ўзяў шлюб са старэйшай сястрой Марылі — Сафіяй Верашчакай, і род Туганоўскіх зноў стаў уладальнікам сядзібы.
Вядома, што Канстанцін Туганоўскі падтрымліваў сувязі з Кастусём Каліноўскім, у яго маёнтку была створана зброевая майстэрня, адкуль зброя перапраўлялася ў паўстанцкія атрады. Пасля падаўлення паўстання Канстанцін Туганоўскі быў арыштаваны і замардаваны ў Віленскай турме.
Непадалёк ад парка, ва ўрочышчы Кут знаходзіцца валун — «Камень філарэтаў», каля якога Адам Міцкевіч і яго сябры давалі клятву ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.
У гэтым годзе мы збіраемся здзейсніць яшчэ некалькі падарожжаў па багатай падзеямі і помнікамі даўніны роднай Беларусі, каб дапоўніць 150 маршрутаў, якія ўжо здзейсніў Уладзімір Цвірка.
Фотаздымкі аўтара