«Наша справа»: Крывавая расправа ў Бельскім павеце
У Заходняй Беларусі газета «Наша справа» была апошнім афіцыйным перыядычным выданнем Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ). Пятро Мятла выдаваў яе два разы на тыдзень на беларускай мове.
«Наша справа» публікавала розныя звароты, заклікі, пісала пра дзейнасць Грамады ў Заходняй Беларусі, пра розныя напады і арышты сяброў Грамады. Газета на сваіх старонках давала слова ўсім беларусам, якія шчыра распавядалі пра тое, што адбываецца ў іх вёсцы, мястэчку ці ў горадзе. Вяскоўцы і гараджане маглі выказаць свае аб’ектыўныя і суб’ектыўныя думкі наконт тагачаснай палітыкі Польшчы, адносінаў улады да беларусаў, да сяброў Грамады. Асабліва шмат яна пісала пра тое, як на Беласточчыне білі і разганялі сяброў Грамады, паслоў Паўла Валошына і Пятра Мятлу.
У 1926 годзе «Наша справа» (№2) надрукавала аб’яву, што ў нядзелю, 5 снежня, у 10 гадзін раніцы ў вёсцы Беразова Арлянскай гміны ў доме Тодара Трэшчынкі адбудзецца Павятовы з’езд сяброў Грамады Бельскага павета.
Прайшло некалькі дзён, і ў сераду, 8 снежня 1926 года, газета надрукавала артыкул «Бандыцкі напад на павятовы з’езд Беларускай сялянска-работніцкай Грамады». Аказалася, што 5 снежня ў вёсцы Старое Беразова планаваўся з’езд Грамады Бельскага павета. Але перад пачаткам з’езду пад’ехаў кардон паліцыі на аўтамабілях. А «цывільныя» асобы затрымлівалі людзей, якія ішлі на з’езд, і пыталі ў іх пашпарты. А ў каго іх не было, затрымлівалі і адбіралі партыйныя білеты, якія адразу перадавалі «мундуровай паліцыі». Але 120 грамадоўцаў прыйшлі ў памяшканне. Сюды з’явіліся і намеснік старасты з камендантам паліцыі. На самым пачатку з’езда ў дзверы залы пачалі ламіцца тыя самыя людзі ў «цывільным», якія адбіралі білеты. Але ахоўнікі з’езда іх не пусцілі. Тады «цывільныя» пачалі праз вокны ўрывацца ў залу. Намеснік старасты і камендант паліцыі пакінулі залу. Калі «цывільныя» лезлі праз вокны ў залу, іх пачалі не пускаць грамадоўцы. Як пісала газета, «трашчалі вокны і сцены, ламіліся калы, дручкі і прыклады стрэльбаў. Рабілася нешта немагчымае». У гэтай мітусні прымала ўдзел і «мундуровая паліцыя», якая праз чорны ход таксама ўварвалася ў залу і пачала біць людзей, выганяць іх на вуліцу, дзе грамадоўцаў таксама білі, усюды было шмат крыві, ляжалі параненыя і непрытомныя вяскоўцы.
Людзей выгналі з залы, дзе засталіся толькі паслы. Аднак праз некалькі хвілін бандыты вярнуліся і напалі на паслоў. А паліцыя стаяла за вокнамі. Тады пасол Пётр Мятла дастаў рэвальвер і стрэліў у столь. Але паліцыя «звярнула ўвагу» і з крыкамі «Хто страляў?» забегла ў залу. Паслы стаялі акружаныя бандытамі. На вачах паліцыі паслоў Мятлу і Валошына моцна білі. Яны, акрываўленыя, страцілі прытомнасць.
Павел Валошын
У наступным нумары «Нашай справы» з’явіўся артыкул «Пралітая кроў». Невядомы аўтар паведамляў: «Пішучы ў папярэднім нумары аб выніках змагання адміністрацыі з адзінай масавай арганізацыяй беларускіх сялян і работнікаў — Грамадой, мы сапраўды думалі, што ўсе даступныя адміністрацыйным уладам спосабы барацьбы ўжо вычарпаны. Аднак, як аказалася, мы памыліліся: гэта паказвала крывавая расправа ў Бельскім павеце… Мы не ведаем яшчэ, ці ў Бельшчыне ёсць сярод ахвяр нападу — забітыя. Але са слоў паслоў, якія былі збіты да беспрытомнасці, вынікае, што ў зале разгромленага з’езду Грамады былі цэлыя лужы крыві… І гэтая кроў пэўна не скора будзе забыта!..»
Далей аўтар упэўнена заяўляў і заклікаў беларусаў да згуртавання: «А мы, сяляне і работнікі, не ўпадайма на духу: не бывала таго на свеце ніколі, каб пралітая кроў не давала пладоў! Дык шчыльней гартуйма нашыя рады, ідучы наперад раз абраным шляхам, і не давайма сябе справакаваць на неабдуманыя ўчынкі. Наша сіла — у нашай арганізаванасці, і працу над нашай арганізацыяй мы мусім за ўсякую цану спакойна і абдумана давясці да канца».
Падзеі ў Беразова ўсхвалявалі ўсіх грамадоўцаў Заходняй Беларусі. Сотні лістоў у падтрымку пацярпелых у Бельскім павеце пасыпалася ў рэдакцыю «Нашай справы». Газета нават распачала рубрыку «Водгук крывавае расправы», дзе публікавала лісты-абурэнні чытачоў наконт падзеі ў Беразова. Самкоўскі гурток з Наваградскага павета паведамляў у тэлеграме: «Шлём гарачае прывітанне барацьбітам за вызваленне беларускага народа — паслам Валошыну і Мятле» (НС, 1926 г., № 8). «Ад імя ўсіх сяброў Мядзведзеўскага гуртка Грамады прыношу шчырае і гарачае прывітанне дарагім нашым Павадырам — паслам Мятле і Валошыну, выказваю спогад у іх крывавым змаганні за долю сялян і работнікаў. Заклікаю ўсіх сяброў Грамады ўсяго Заходняга кутка Беларусі ісці за прыкладам нашых паслоў і не баяцца смерці ні вастрогаў, вядучы цеснымі радамі барацьбу за свае правы на адкрытым легальным шляху. Сакратар гуртка С. Родзька» (НС, 1926 г., № 8).
У № 2 за 1927 год «Наша справа» апублікавала «Прывітанні ахвярам пагрому ў Бельшчыне». Гэтыя «прывітанні» ў пісьмах і тэлеграмах паступалі ў рэдакцыю з Мірскага, Плаўскага, Беражкоўскага, Метлаўскага, Галенчыцкага, Галынскага, Кардзікскага, Нававольскага, Дараглянскага, Жыгынскага, Бандарскага і Новадворскага гурткоў Грамады Заходняй Беларусі. А гурток Грамады з Пешчанікаў Гарадоцкай гміны праз газету паведаміў: «Шлем гарачы прывет нашым выбранцам, сапраўдным барацьбітам, праліўшым кроў сваю ў змаганні за вызваленне Беларускага Народа і за лепшую долю працоўнага люду, — паслам Валошыну і Мятле. Кожная капля пралітае Вамі крыві капнула на сэрца кожнага грамадзіста, і факт на дзеле паказаў, што толькі ў моцнай арганізацыі мы зможам адбіцца ад усякіх напаснікаў і здабыць сабе лепшую будучыню».
Пачуўшы пра збіццё беларускіх паслоў і сяброў Грамады, у рэдакцыю «Нашай справы» звярнуліся 18 сяброў з польскай Хрысціянскай дэмакратычнай партыі. У адкрытым пісьме яны паведамілі: «Мы, жыхары вёскі Пераходы Гарадоцкай гміны Беластоцкага павета, сябры польскай Хрысціянскай дэмакратычнай партыі, выходзім з гэтае партыі і складаем дэкларацыі для ўступлення ў сялянска-работніцкую Грамаду. Практычная палітыка Ch.-D. паказала нам, што партыяй гэтай бароняцца не сялянска-работніцкія інтарэсы, а абшарніцка-капіталістычныя, — гэтым матывуем свой выхад з Ch.-D. У Грамадзе бачым больш шчырую барацьбітку за правы сялян і работнікаў, і таму заклікаем усіх ашуканых выходзіць са здрадніцкіх партый і гуртавацца вакол Грамады» (НС, 1927 г., № 4).
У многіх грамадоўцаў паліцыянты забіралі партыйныя білеты і не вярталі. Напрыклад, газета «Наша справа» паведамляла ў 1927 годзе (№ 2), што партыйны білет № 52679 і білет № 52681 на імя Арцёма Марчука і Івана Качана з вёскі Белая Бельскага павету паліцыянты так і не вярнулі.
Сарваны павятовы з’езд Грамады быў у лістападзе 1926 года і ў Саколцы, хаця на яго правядзенне грамадоўцы мелі дазвол у клубе ўрадоўцаў. І нават заплацілі задатак. Але ім не дазволілі. Тады было вырашана з’езд правесці ў адной з вясковых пуняў. Як пісала «Наша справа» (1926 г., № 2), калі сабралася ў пуні і каля пуні 120 чалавек, дык «фашыстоўская баёўка, зложана з польскае моладзі», пачала наступленне. «Дзеля гэтага быў выбраны момант, калі заступнік старосты з 14 паліцыянтамі ўвайшоў у памяшканне з’езду — «правяраць білеты». Тут баёўка і атакавала з’езд, выламаўшы дзверы, чаму паліцыя не перашкодзіла. Грамадская міліцыя пачала адбівацца ад напаснікаў. Дык прыгатаваны ў суседнім доме атрад паліцыі выскачыў з засады і пачаў разганяць і біць грамадоўцаў. Некаторых арыштавалі, але праз два дні ўсіх выпусцілі. У самую поўнач нейкая банда акружыла хату, дзе знаходзіўся Валошын, а два ведамыя басякі ўвайшлі ў сярэдзіну і спрабавалі выклікаць пасла на вуліцу — на нейкі «сакрэт». Пад крыжавымі пытаннямі пасла і прысутных асоб, яны прызналіся, што ім абяцалі па 150 злотых кожнаму за набіццё або забойства пасла Валошына…» — пісала «Наша справа».
Нягледзячы на ўсе пагрозы, перашкоды і катаванні, беларускія паслы Пётра Мятла і Павел Валошын працягвалі сустракацца з сябрамі Грамады. 29 лістапада 1926 года Павел Валошын правёў мітынг у мястэчку Кляшчэлі Бельскага павета. Народу тады сабралася каля 2 тысяч чалавек, каб паслухаць свайго пасла, якога шчыра віталі. Але адміністрацыя так напалохана была Валошыным, што ў Кляшчэлі хуткім цягніком выслала на падмогу мясцовай паліцыі 15 паліцыянтаў з Бельску. Але мітынг адбыўся, ён закончыўся прыняццем шэраг рэзалюцый з патрабаваннем належных правоў для беларусаў і людскіх варункаў жыцця.
Пётр Мятла. Малюнак Анатоля Крывенкі
Прыгадаў я сяброў Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ), і як ім забаранялі праводзіць сходы, з’езды, арыштоўвалі, білі, саджалі ў турмы, і падумаў: прайшло амаль 90 гадоў, а нічога ў Беларусі так і не змянілася.