Гарадзенец просіць даследваць яго падворак, бо там закапаны... нямецкі БТР

Аляксандр Свідэрскі, чый фамільны дом знаходзіцца ў старым горадзе па вул. Валковіча, упэўнены, што на падворку закапаны БТР, бо так казаў бацька, а яму казаў — дзед.

Аляксандр Свідэрскі аглядае гарышча старой кузні на падворку

Аляксандр Свідэрскі аглядае гарышча старой кузні на падворку


Аляксандр Свідэрскі разам з сям’ёй з пачатку ліпеня жыве ў новай кватэры на Вiшняўцы. Стары родавы дом на вуліцы Валковіча неўзабаве знясуць. Але пакуль будынак не знеслі, апошні яго жыхар вырашыў раскрыць таямніцу сваёй сям’і журналісту Hrodna.life, каб знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.

Свідэрскія ў Гродне былі заўсёды незвычайнымі людзьмі, — распавядае Аляксандр. — Яны былі вядомымі кавалямі. Дом наш на Валковіча, 17 быў пабудаваны ў 1876 годзе, побач з ім пабудавалі і кузню. Ведаю дакладна, што мае прадзед, дзед і бацька былi кавалямi ў гэтым месцы доўгія гады. Некалькі гадоў таму на старую кузню хацелі павесіць шыльду «гісторыка-культурная каштоўнасць», але не зрабiлi гэтага. Можа гэта i да лепшага, бо тады я можа б i не з’ехаў.


Ля дома і кузнi Аляесандр знаходзіў шмат старых падкоў, у адным месцы iх было каля 20. Часта знаходзіў манеты, старыя бутэлечкі з этыкеткам ад нямецкай парфумы, попельніцу і многае іншае. Усё, што знаходзіў Александр на сваім участку, гэта толькі малая частка таго, што можна было знайсці. Ён кажа, што ў агародзе да сёння закапаны нямецкі бронетранспарцёр, які за доўгія гады ніхто так і не здолеў адкапаць.

6_12_1.jpg


Я хачу, каб археолагі абследавалі ўсю тэрыторыю. Тут шмат чаго можна знайсці. Дзед распавядаў майму бацьку, што падчас апошянй вайны каля дома ўпала бомба, з-за якой утварылася вялікая варонка. Праз некалькіх дзён з-за дажджу там з’явілася невялікае возера. Некалькі чалавек, у тым ліку мой дзед, зацягнулі ў гэтае возера падбіты нямецкі бронетранспарцёр, які стаяў на нашай вуліцы, — кажа Аляксандр.


Ніхто акрамя яго не спрабаваў адкапаць тэхнiку. Хлопец капаў сам, падключаў людзей, але больш чым на два метры паглыбіцца не ўдавалася. Ды і раней бабуля не дазваляла лезці ў яе агарод. Зараз, калі для зносу дома прывязуць тэхніку, ён хоча каб тэрыторыю праверылі. А раптам знойдзецца машына — цікавы экспанат для музея?

Фамільны дом Свідэрскіх на Валковіча

Фамільны дом Свідэрскіх на Валковіча

Сямейны дом Свідэрскіх хутка знясуць і пабудуюць на тым месцы нешта новае. Тады Аляксандр спадзяецца даведацца, ці ёсць усё ж гэты нямецкі бронетранспарцёр у агародзе, ці не. Дарэчы, дамы №21 і №23 на вуліцы Валковіча таксама з’яўляюцца фамільнымі дамамі сям’і Свідэрскіх. Яны таксама неўзабаве пойдуць пад знос.