635 гадоў таму габрэі сталі законнымі прадстаўнікамі грамадзтва Беларусі

У 1388 годзе, на самым пачатку свайго княжаньня, вялікі князь Вітаўт выдаў закон, які рэгуляваў жыцьцё нашчадкаў Абрагама ў Вялікім Княстве Літоўскім. Чаму ўвогуле паўстала габрэйскае пытаньне ў нашай дзяржаве?

1424.jpg

Кароткая перадгісторыя

Пасьля разбурэньня сталіцы габрэйскай дзяржавы – Ерузалему ў 67 годзе нашае эры, рымляне вывялі насельнікоў тае зямлі і раскідалі па ўсім тагачасным сьвеце. Пазбаўленыя сваёй дзяржаўнасьці і незалежнасьці, габрэі апынуліся ў варунках татальнай эміграцыі.

Габрэі аплаквалі сваю бацькаўшчыну, і сяліліся напачатку без усялякага парадку і сувязі ў Эўропе. Ім дазвалялася жыць на асобных вуліцах і ў адмысловых кварталах. Гэта было замкнёнае існаваньне, бо вакол заўжды знаходзіўся хрысьціянскі сьвет, у пэўным сэнсе варожы палітычна і рэлігійна. Стаўленьне да габрэяў было як да нашчадкаў забойцаў Езуса Хрыста. Далёкія новыя пакаленьні габрэяў пакутавалі за тыя страшэнныя падзеі.

Найбольш пакутавалі прадстаўнікі гэтай нацыі ў Сярэднявеччы, калі часта станавіліся ахвярамі даносаў і наступных пагромаў. Такім чынам, пазбаўленыя права валодаць нерухомасьцю, і адсунутыя ад грамадзка-палітычнага жыцьця, габорэі мелі адзіную крыніцу для выжываньня — гандаль. Гэты занятак прадказальна здолеў назапасіць у іх руках сур’ёзныя капіталы, што адначасова яшчэ больш распальвала варожасьць з боку тых, у каго фінансавыя справы ішлі ў адмоўным кірунку.

Як адзначае Мікола Волаціч, прыгнёт габрэяў у Эўропе пачаў ангельскі кароль Эдвард І ў 1290 годзе. Крыху пазьней, у 1306 годзе, габрэі былі выгнаныя з вялікіх гарадоў Францыі. Далейшыя пагромы мелі месца ў 1315 і 1350 ды наступных гадох. Частка габрэяў перайшла Альпы ды асела ў Ватыканскай дзяржаве, карыстаючы з папскай талеранцыі. Іншая, большая частка, спынілася ў Нямеччыне, дзе ў розных княствах былі розныя парадкі і агульнага гону габрэяў ня было.

Галоўны шлях габрэйскай міграцыі вёў далей на ўсход, у Польшчу і Влікае Княства Літоўскае. Польшча адчыніла свае межы для габрэяў пры Казіміры Вялікім (1333-1370).

У нас габрэі пачалі сяліцца ў гарадах і мястэчках пры Гедыміне. Але і раней габрэі былі на нашых землях. На момант Прывілею Вітаўта 1388 года габрэі мелі ў Берасьці і сваю сінагогу і свае могілкі.

У гэты самы час, калі габрэі жылі ў эўрапейскіх дзяржавах на правах адкінутых грамадзтвам, наш кіраўнік выдае свой знакаміты Прывілей.

Закон

Чэрвень 1388 года стаў шчасьлівым для габрэйства. Паводле Прывілею, Вітаўт  не толькі зраўняў габрэяў у правах з іншым грамадзтвам, але надаў ім і асаблівыя бонусы – на занятак гандлем і рамёсламі. Вітаўт зьбіраўся зрабіць свае гарады на заходні лад, таму габрэі зь іх здольнасьцямі і гандлёвымі сувязямі на Захадзе, былі выдатнай знаходкай для кіраўніка дзяржавы.

Вольнае становішча габрэяў у Вялікім Княстве Літоўскім стаў прычынай даволі масавай міграцыі ў нашую дзяржаву іх прадстаўнікоў з Захаду, асабліва з нямецкіх дзяржаваў.

Гэтак Вітаўт найперш выдаў прывілей габрэям Берасьцейскім. Пазьней падобныя правы атрымалі Троцкія,  і Гарадзенскія габрэі.

Вялікі князь Вітаўт. Выява створаная ШІ (belarus_minulaja)

Вялікі князь Вітаўт. Выява створаная ШІ (belarus_minulaja)

Пасьля атрыманьня вялікіх правоў, габрэі пачуваліся абавязанымі прыняць дзяржаўную беларускую мову ў якасьці мовы для сваіх набажэнстваў.

У пачатку XV ст. на беларускую мову былі перакладзеныя рэлігійныя кнігі габрэяў, як піша Вацлаў Ластоўскі. Цікавым помнікам зьяўлялася Тора, якая захоўвалася ў Віленскай публічнай бібліятэцы. Яна была перакладзеная з габрэйскай і падзеленая на асобныя чытаньні для ўжутку ў сінагогах.

Гісторык падае некаторыя асаблівасьці ў перакладзе Торы (што хрысьціяне маюць у якасьці Старога Запавету). Напрыклад некаторыя геаграфічныя мясцовасьці былі пакінутыя габрэйскія формы: Міцраім (Эгіпет), Ашур (Асырыя), Ерушалаім (Ерузалем).

Секта “жыдоў”

Ужываньне беларускай мовы габрэямі прывяла да таго, што іх рэлігіяй зацікавіліся некаторыя жыхары Вялікага Княства Літоўскага, і нават перайшлі ў юдаізм. Такім чынам ва ўжытак увайшоў панятак “секта жыдоў”.

У 1481 годзе секта перакінулася на Ноўгарад і Маскву, дзе спачатку была прыянятая ўхвальна, але ў хуткім часе гвалтоўна была вынішчаная. Пра гэта захаваўся гістарычны тэкст:

“Быў у тые часы жыд, іменем Схарыя, і гэты быў д'ябалаў сасуд і вывучаны ўсякаму зладзейству, чарадзейству і чарнакніжніцтву, астралёгіі, жыў у горадзе Кіеве, вядомы быў тады князю званаму Міхайла, сыну Александраву, праўнуку Альгердаву (князь Міхайла Алельковіч, намесьнік вялікага князя Казіміра) і гэты князь Міхайла ў 1471 годзе прыйшоў у Вялікі Ноўгарад, у дні княжаньня вялікага князя Івана Васілевіча. І зь ім прыйшоў у Вялікі Ноўгарад жыд Схарыя. Той сьпярша спакусіў папа Дзяніса і ў жыдоўства ўвёў. Дзяніс прывёў да яго пратапопа Аляксея... пасьля ж прышлі з Літвы іншыя жыды: Шмойла Схаравей, Масей Хануш.”

Спроба выгнаць габрэяў

Як адзначае Мікола Волаціч, пры вялікім князе Казіміры габрэі валодалі ня толькі дзяржаўнымі прыбыткамі і грашовымі  абаротамі, але пачалі займаць высокія становішчы ў дзяржаве. Нічога дзіўнага, што ён, калі паміраў у 1492 годзе, пакінуў сыну і новаму вялікаму князю Аляксандру шмат пазыкаў, набраных у габрэяў.

Спачатку ўсё ішло як і раней: Аляксандар сплачваў пазыкі, аддаваў у арэнду падаткі і мыты; запазычанасьць нарастала, а магчымасьць сплачваньня малела, ў сувязі з падрыхтоўкай да вайны з Масквой. І вось вялікі князь Аляксандар стаў на шлях эўрапейскіх дзяржаваў, каб пазбавіцца ад габрэйскай залежнасьці. У 1495 годзе ён выдаў дэкрэт аб выгнаньні ўсіх габрэяў зь Вялікага Княства Літоўскага якія ня прымуць хрысьціянства.

1_741.jpg

Закон гэты толькі звонку меў рэлігійную афарбоўку, а ў сапраўднасьці быў спробай канфіскацыі вялікіх габрэйскіх багацьцяў. Габрэі выганяліся ў Польшчу і там сяліліся ў малых мястэчках.

Што гэта быў наступ на габрэяў чыста эканамічны, сьведчыць аб гэтым хуткае адкліканьне антыгабрэйскага дэкрэту. Вайна Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўшчынай  вымагала новых грошай. Скарб быў пусты. Неабходныя былі нутраныя дзяржаўныя пазыкі, якія можна было атрымаць толькі ад габрэяў.

Таму Аляксандар ў 1503 годзе зноў дазволіў габрэям сяліцца ў ВКЛ у тых месцах, дзе яны жылі раней, пры ўмове, што сваю ранейшую маёмасьць яны могуць выкупіць ад сучасных дзяржаўцаў. Такім чынам габрэі мусілі заплаціць за страчаную маемасьць.

У 1514 годзе Прывілей габрэям быў пацьверджаны вялікім князем Жыгімонтам

“Білі нам чалом жыды нашыя Троцкія, Гарадзенскія, Берасьцейскія, Луцкія, Уладзімерскія, Пінскія, Кобрынскія, усе што іх ёсьць у Айчызьне нашай Вялікім Княстве Літоўскім, пра тое, што брат наш Аляксандар, вялікі князь, найперш сказаў каб ім выправілі на службу земскую тысячу коней; і яны пра тое яго міласьці білі чалом.

І паведалі перад яго міласьцю, што здаўна, ад вялікага князя Вітаўта, і за часы Жыгімонта, і за бацькі нашага Казіміра, ніколі на вайну не хадзілі. І прасілі яго міласьць, каб ім навіны не ўводзіў, і трымаўся старыны. І яго міласьць на іх чалом біцьцё тое ўчыніў, і старыны ім не парушаў”.

81864_original.jpg

Перасьлед абрэзаных 1539

У хуткім часе вялікі князь Жыгімонт выдаў Грамату Радзе Вялікага Княства Літоўскага аб дапамозе шляхцічам, дасланым у ВКЛ для перасьледу адступнікаў ад хрысьціянскай веры ў габрэйства.

А ў 1548 годзе Жыгімонт Аўгуст выдаў каралеўскую Грамату аб забароне жанчынам уступаць у сужэнства з габрэямі, туркамі і татарамі.

Як бачым атрымліваецца пэўная рэакцыя па габрэйскім пытаньні, і разам з тым Статут ВКЛ 1566 года мае свой разьдзел пра габрэяў:

“Жыды ў каштоўных шатах з ланцугамі залатымі самі і жонкі іх у золата і срэбра на пасах і на кордах насіць не маюць права; але убор іх мае быць значны: шапка або бірэт жоўты, так таксама і покрыва галоваў — палотно жоўтае, або таму подобное, каб быў знак і пэўнае адрозьненьне было хрысьціяніна ад жыда”.

Але гэта ўжо іншая гісторыя.