Злучаныя Штаты абвясцілі аб новым пакеце санкцый у дачыненні да Расіі

Пад дзеянне абмежаванняў патрапяць банкі, нафтавыя і абаронныя кампаніі.



usa_russia_sanctions.jpg

 Расійскія кампаніі разбітыя на чатыры групы, меры ў дачыненні да іх вызначаюцца дырэктывамі. Так, аперацыі з аблігацыямі з тэрмінам пагашэння больш за 30 дзён забароненыя «Банку Масквы», ВТБ, ВЭБ, Газпромбанк, Россельхозсбанку і Сбербанку. Гэта ж абмежаванне дзейнічае і ў дачыненні «Ростеха». «Газпром нефти», «Новатэк», «Роснефти» і «Транснефти» забаронена выкарыстоўваць фінансавыя інструменты з тэрмінам абарачэння больш за 90 дзён. Кампаніям энергетычнага сектара — гэта «Газпром», «Лукойл», «Роснефть», «Сургутнефтегаз» — закрыты доступ да паставак тавараў і тэхналогій, неабходных для асваення глыбакаводных, сланцавых і шэльфавых нафтавых радовішчаў. 
Таксама пад санкцыі трапілі прадпрыемствы абаронна-прамысловага комплексу: канцэрн СПА «Алмаз Антей», ААТ «Навукова-даследчы інстытут прыборабудавання імя В. В. Ціхамірава», ААТ «Машынабудаўнічы завод імя М. І. Калініна», Мыцішчанскі машынабудаўнічы завод і Доўгапрудненскае навукова-вытворчае прадпрыемства. Іх актывы будуць замарожаны.
Раней сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Расіі ўвёў Еўрапейскі саюз. Абмежаванні закранулі нафтавую галіну, авіябудаванне і абаронны комплекс.