Журналісты схадзілі ў Мінінфарм
Прадстаўнікі трох незалежных выданняў, якім Міністэрства інфармацыі Беларусі неаднойчы адмаўляла ў рэгістрацыі, 12 мая наведалі першага намесніка кіраўніка гэтага ведамства Лілію Ананіч. Па выніках гэтых сустрэч, якія адбываліся паасобку, візітоўцы выклалі свае ўражанні на прэс-канферэнцыі ў сядзібе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Прадстаўнікі трох незалежных выданняў, якім Міністэрства інфармацыі Беларусі неаднойчы адмаўляла ў рэгістрацыі, 12 мая наведалі першага намесніка кіраўніка гэтага ведамства Лілію Ананіч.
Па выніках гэтых сустрэч, якія адбываліся паасобку, візітоўцы выклалі свае ўражанні на прэс-канферэнцыі ў сядзібе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Лілію Ананіч за адзін дзень, па чарзе, наведалі прадстаўнікі віцебскай недзяржаўнай газеты «Наш дом» Вадзім Баршчэўскі, наваполацкага выдання «Химик. Два города»
Сяргей Балай, а таксама газеты «Солигорск плюс» Уладзімір Шыла. Да таго ж, асобна Лілія Ананіч прыняла старшыню Асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі»
юрыста Алену Танкачову. Галоўнай тэмай сустрэч прадстаўнікі азначаных выданняў бачылі высвятленне прычын адмовы Мінінфармам у рэгістрацыі незалежных газет.
Па словах намесніка рэдактара газеты «Наш дом» Вадзіма Баршчэўскага, пра гэта друкаванае выданне Лілія Ананіч увогуле не захацела размаўляць, спаслаўшыся на тое, што 20 мая Вышэйшы
Гаспадарчы суд Беларусі будзе разглядаць касацыйную скаргу (http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-8213.html) заснавальнікаў газеты акурат з нагоды адмовы выданню ў дзяржаўнай рэгістрацыі.
Пасля гэтага Вадзім Баршчэўскі паспрабаваў перавесці размову на выданне «Витебский курьер», якое зарэгістравана ў Расіі і не мае магчымасці распаўсюджвацца ў Беларусі. Пра гэту
газету намесніца міністра таксама размаўляла неахвотна, маўляў, тэмай гутаркі мусіла быць выданне «Наш дом». Але на пытанне Вадзіма Баршчэўскага, ці занесены «Витебский
курьер» у спісы забароненых для распаўсюду выданняў, Лілія Ананіч дала адмоўны адказ.
Дарэчы, разам з удзельнікамі сустрэч з першай намесніцай міністра інфармацыі на прэс-канферэнцыі прысутнічаў дырэктар прадпрыемства, якое заснавала абодва віцебскія выданні (прыватнае прадпрыемства
«Віцебскі корунд») Віктар Рамнёў, якога толькі за некалькі апошніх месяцаў за распаўсюд «Витебского курьера» аштрафавалі на агульную суму больш як пяць мільёнаў
беларускіх рублёў.
Заснавальнік газеты «Химик. Два города» Сяргей Балай паведаміў, што яго заявы аб рэгістрацыі выдання Міністэрства інфармацыі паспела адхіліць ужо тры разы. Па словах Балая, кожным
разам гэта адбывалася з розных прычын. Тым не менш, Сяргей Балай мае намер падаць паперы на рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі яшчэ раз.
Пры размове з першай намесніцай міністра інфармацыі Сяргей Балай выказаў шэраг прэтэнзій адносна працы міністэрства, якое, з яго пункту гледжання, замаруджвае фармальна простую працэдуру
рэгістрацыі.
Напрыклад, дакументы на рэгістрацыю прымаюцца толькі два разы на тыдзень, у той час як раней адпаведная служба працавала штодня. «Я жыву ў Наваполацку, і ездзіць кожны раз у Мінск, каб
выправіць нейкую памылку, — гэта вельмі дорага, да таго ж, гэта вымагае шмат часу», — сказаў Сяргей Балай.
У Міністэрстве інфармацыі, па словах журналіста, да сённяшняга дня няма службы «адно вакно», што, як лічыць журналіст, супярэчыць адпаведным нарматыўным актам, выдадзеным
прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Апроч таго, замест паўнавартасных кансультацый супрацоўнікі міністэрства адсылаюць заяўнікаў на сайт Мінінфарму, дзе ёсць пэўныя недакладнасці, якія ў выніку таксама
робяцца прычынай адмовы незалежным выданням у дзяржаўнай рэгістрацыі.
Па словах Балая, нягледзячы на малую верагоднасць практычнага выніку гэтага візіту да Ліліі Ананіч, усё ж сэнс у кансалідаваных дзеяннях на перспектыву ёсць. «Прынамсі, тры чалавекі ў адзін
дзень звярнуліся разам да чыноўнікаў і паспрабавалі давесці, што проста хацелі б рабіць сваю працу… Незалежныя выданні ствараюць канкурэнцыю для дзяржаўных газет і вымушаюць іх варушыцца,
быць больш якаснымі, што прызнала і сама намесніца міністра інфармацыі. Да таго ж, мы б стваралі новыя працоўныя месцы, плацілі б падаткі, і гэта было б толькі на карысць нашай дзяржаве»,
— мяркуе журналіст.
«Я ўпэўнена, што сумесныя, скаардынаваныя і публічныя дзеянні, накіраваныя на арганізацыю працэсу рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, — гэта тое, што павышае шансы рэгіянальных
СМІ быць зарэгістраванымі. Я не кажу «гарантуе», бо гарантаваць нічога нельга, але павышае», — адзначыла старшыня Асветніцкай установы «Цэнтр прававой
трансфармацыі» Алена Танкачова.
Варта дадаць, што газета «Новы час», якую вы зараз чытаеце і якая афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам інфармацыі Беларусі, тым не менш не мае магчымасці распаўсюджвацца праз
дзяржаўныя сеткі «Белсаюздрук» і «Белпошта», як і яшчэ тузін незалежных грамадска-палітычных выданняў. Так што нават дзяржаўная рэгістрацыя ў Міністэрстве
інфармацыі не вырашае ўсе праблемы недзяржаўнай прэсы, якіх значна больш, чым у фінансуемых з бюджэту, гэта значыць, з кішэні падаткаплатнікаў сродкаў масавай інфармацыі.