Вайна must go on. Чаму Крэмль не пагодзіцца на мір ва Украіне

У аўторак са Стамбула прыйшлі нібыта добрыя звесткі. Украінская і расійская дэлегацыі дамовіліся пра алгарытм спынення баявых дзеянняў. Абодва бакі казалі, што пытанне яшчэ не вырашана, намацаны толькі цвёрды грунт, але ўжо ёсць ад чаго адштурхнуцца.

big_3.jpg

Шмат каму падалося: ну вось, нарэшце, яно — доўгачаканае паразуменне. Украіна пайшла на саступкі — па не ўступленні ў NATO, нейтралітэце, замарожванні пытання прыналежнасці Крыма і Данбаса. Расія  — выключыла са спіса патрабаванняў няўцямныя «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю», нават не запярэчыла перспектыве ўваходжання Украіны ў ЕС. А над усёй гэтай ваеннай дыпламатыяй лунаў супольны кансэнсус аб тым, што годзе ўжо страляць, патрэбны калі не мір, то перамір'е.
Выглядае някепска, і тое, што абстрэлы Украіны працягваюцца, у прынцыпе анічога не мяняе. Усе дамоўленасці маюць папярэдні характар, іх яшчэ павінны ўхваліць на вышэйшым узроўні, і пакуль так бомбы і ракеты будуць падаць на ўкраінскія гарады. Пра што і гаварыў расійскі парламенцёр Мядзінскі. Што ўжо і стала дадзенасцю паводзін РФ у суседняй краіне.
Але ці варта ўвогуле верыць словам, якія прагучалі ў Стамбуле? Ці сапраўды Крэмль гатовы падпісаць паперы, якія гарантуюць рэжым цішыні? Ці мае Масква намер распачынаць дыялог па мемарандуме, які ўсталюе канчатковы мір на ўкраінскай зямлі?
Суб’ектыўны адказ аўтара: не. Не, не і яшчэ раз не. Самае горшае, што Украіна цяпер можа зрабіць — гэта паверыць усходнім абяцанкам і разняволіцца, адклаўшы ў бок «джавелін».
Масква не пойдзе на міравую. На гэта надта шмат прычын, якія тырчаць з-пад усёй гэтай рыторыкі як заечыя вушы з капусты.
Па-першае. Навіны пра магчымае спыненне агню вельмі балюча сустрэлі ў Расіі. Надзьмутае ваяўнічай прапагандай, грамадства РФ усхадзілася, зайшлося ў істэрыцы. Скрын, што прыкладаем, — толькі частка агрэсіўнага енку аб тым, што перамір’е ёсць здрада, а «спецаперацыю» трэба працягваць ледзьве не да апошняга ўкраінца.

onnn28_3.jpg


Не для таго, кажуць расійцы, мы пайшлі вызваляць украінскіх братоў, каб напаўдарозе кінуць іх на волю недабітых нацыстаў і наркаманаў. Не для таго гінулі нашы рабяты-вызваліцелі, каб цяпер перавесці справу ў плашчыню вашывых дыпламатаў у добрых гарнітурах. Не для таго збіраліся ў Лужніках, слухалі шчырых Газманава і Растаргуева ды малявалі на аўтамабілях літару «Z», каб цяпер уключаць заднюю і пакідаць украінцам наш Кіеў, наш Харкаў і нашу Адэсу.
Пуцін выдатна чуе гэты подых імперыі з боку адданага плебсу. Ён, можа, нават разумее, што яго прапаганда сама выхавала гэтае грамадства колеру хакі і зараз Крэмль у нейкім сэнсе аказаўся ў яго закладніках. То хіба можна зачахліць гарматы, прызямліць самалёты, узяць шынель і ісці дадому? Вядома, не.
Па-другое. Вайна трывае ўжо больш за месяц, а пахваліцца будзь-якімі стратэгічнымі дасягненнямі расійскія інтэрвенты не могуць. З абласных цэнтраў захоплены толькі Херсон; Харкаў, Мікалаеў і Чарнігаў гераічна трымаюць абарону, не здаецца нават Марыупаль, які знішчаны амаль ушчэнт. Пуцінскі бліцкрыг не прайшоў, і няма на якім матэрыяле будаваць пераможныя рэляцыі.
Гэта суцэльная лухта, што расійская прапаганда можа ўцюхаць даверліваму народу-баганосцу любую намаляваную рэчаіснасць. Так, оруэлаўскіх дасягненняў на рахунку Салаўёва ды Кісялёва хапае. Народ (дакладней, пераважная большасць народа) у РФ свята верыць, што яўрэй Зяленскі — латэнтны нацыст, што ўкраінскія гарады насамрэч руйнуюць «фашыкі» з батальёна «Азоў», а ўсю палітыку суседняй дзяржавы вызначаюць заакіянскія масоны са шчупальцамі замест рук. Але ж гэты брыгадны падрад расійскі агітпрап адпрацоўваў ці не цэлае дзесяцігоддзе. Прынамсі, з 2014 года ён уздымаў гэтую цаліну ў рэжыме 24/7, пакуль нарэшце не ўбачыў над галовамі сваіх удзячных гледачоў-слухачоў чаканае ззянне каптуркоў з фальгі.

03561b94_1e45_4bf5_abdb_647b54c42727_w1023_r1_s.jpg


І што вы цяпер прапаноўваеце? Пераабуць шматмільённую глыбінную аўдыторыю, якая прагне парада перамогі на Крэшчатыку, за пару дзён? Давесці паважанаму спадарству ад Калінінграда да Уладзівастока, што Бярдзянск і Мелітопаль — гэта менавіта той здабытак, што і быў пазначаны ў «спецаперацыі» канчатковай мэтай?
Не, такую задачу маскоўскія прапагандысты аніяк не адужаюць. З таго боку тэлеэкрана ў іх могуць паляцець гнілыя памідоры, а то і штосьці іншае. А як народ расчаруецца ў выніках гэтай аперацыі, то нядоўга запусціць рэфлексіі, што прывядуць да пэўных высноў адносна наогул федэральнага начальства. Нельга, небяспечна хістаць векавечныя шоры — могуць і апасці як азімыя.
Па-трэцяе. Давайце, аднак, уявім, што мірныя дамовы ўсё ж будуць падпісаныя. Паводле таго варыянту, што зараз абмяркоўваецца, Расія мусіць зрабіць прынамсі дзве рэчы.
Першае: пагадзіцца з гарантыямі будучай бяспекі Украіны. Другое: адвесці войскі з занятых тэрыторый. Дык вось, і тое, і другое будзе назаўжды. Ужо з той прычыны, што гарантамі выканання мірных угодаў для ўкраінцаў выступяць найбуйнейшыя краіны свету — ЗША, Вялікабрытанія і іншыя. І тут ужо прасторы для манеўру не застанецца. У выніку чаго заходнія сілы з лёгкасцю і неба закрыюць, і міратворчыя войскі ўвядуць, і на наступальную зброю не паскварацца. Зафіксуецца непарушнае статус-кво.
А Расія пры гэтым застанецца з санкцыямі. Тымі магутнымі абмежаваннямі, якія з цягам часу паралізуюць эканамічную сістэму РФ. На зняцце санкцый разлічваць будзе марна. Яны стануць адэкватнай палітычнай кампенсацыяй за забітых украінцаў, за знішчаныя гарады і вёскі, за разбураную інфраструктуру. І калі з аднаўленнем Украіны Захад дапаможа — не толькі ад дабрыні душэўнай, але і каб мільёны бежанцаў вярнуліся дадому, то хто дапаможа Расіі? Адказ: ніхто.
І будзе няўдалая імперыя надалей без SWIFT, без лагістыкі і экспартных магчымасцей, без замежных камплектуючых, мікрасхем і пасажырскай авіяцыі. А галоўнае — з перспектывай заходняга эмбарга на энерганосьбіты, бо ЕС тут дакладна зробіць правільныя высновы. Памалу, крок па кроку, Еўропа калі не перакрые, то крытычна скароціць закупы расійскіх вуглевадародаў, каб не залежаць болей ад фантомных боляў непрадказальнага ўсходняга партнёра. Наадварот — каб самой дыктаваць тут умовы супрацоўніцтва, трымаючы РФ на кароткім ланцужку.
Ну і ці не разумеюць гэта ў Маскве? Выдатна разумеюць.
Па-чацвёртае. Справа яшчэ і ў тым, што верыць сённяшняму расійскаму кіраўніцтву могуць толькі клінічна наіўныя людзі. Дастаткова ўзгадаць, як зусім яшчэ нядаўна крамлёўцы навыперадкі запэўнівалі сусветную супольнасць, што аніякай вайны не будзе і быць не можа.
У снежні Дзмітрый Пяскоў гаварыў: «Расія, якая перажыла столькі войнаў, — гэта апошняя краіна ў Еўропе, якая наогул хоча нават прамаўляць слова "вайна"».
У студзені Сяргей Лаўроў гаварыў: «Вы сцвярджаеце, што мы збіраемся напасці на Украіну, хоць мы ўжо шматкроць тлумачылі, што гэта не так». Крыху пазней ён жа зноў абверг магчымасць расійскай агрэсіі, назваўшы адпаведныя заявы заходніх журналістаў «інфармацыйным тэрарызмам».
Нарэшце, на пачатку лютага пасля сустрэчы з Эмануэлем Макронам свет улагоджваў ужо асабіста Уладзімір Пуцін: «Перамяшчэнне нашых войскаў па ўласнай, хачу падкрэсліць, тэрыторыі ўяўляецца як пагроза расійскага ўварвання — у дадзеным выпадку на Украіну. Нібыта ў небяспецы сябе адчуваюць і краіны Прыбалтыкі, і іншыя дзяржавы —  нашы суседзі. На якой падставе, не вельмі зразумела». І пераканаўча паціскаў плячыма.

9_110.jpg

Цяпер мы ведаем: усе тыя заявы істэблішменту РФ былі наскрозь хлуслівыя. Мы ведаем, што акурат у тыя дні «ваенная аперацыя» актыўна рыхтавалася і падмуркам да яе былі і загадзя назапашаныя сотні мільярдаў долараў так званага стабілізацыйнага фонду, і пастаянныя вучэнні (у тым ліку на тэрыторыі Беларусі)… І нават рэгулярныя ўік-энды Пуціна і Шайгу ў лясах на Алтаі, дзе яны наўрад ці абмяркоўвалі пасяўную альбо сусветнае пацяпленне.
То хто ім паверыць цяпер?
Куды лягчэй прыняць за праўду іншае. Растыражаваную ў медыя рэакцыю Пуціна на ўмовы перамір’я, нібыта перададзеныя ў Маскву Уладзімірам Зяленскім у выглядзе звычайнай цыдулкі. На гэта, калі верыць СМІ, расійскі прэзідэнт адказаў: «Перадайце яму, што я іх знішчу». І многія абазнаныя людзі потым падкрэслівалі ў каментарах, што ён лёгка мог менавіта так і сказаць. Маўляў, яго вакабуляр, яго манера размаўляць, калі побач няма тэлекамераў.
Таму, на жаль, вайна must go on. А ўсе размовы пра чаканае спыненне агню каштуюць не болей, чым абшэўкі на кашулі маскоўскага эмісара Мядзінскага.

1778281787_0_0_2560_1440_1920x0_80_0_0_1ef2f0cb4f1d6aac69f817fdf8d971ac.jpg.webp


Адно добра: украінцы ўсё гэта цудоўна разумеюць. Як сказаў Зяленскі ў чарговым звароце: «Можна называць пазітыўнымі тыя сігналы, якія мы чуем з перамоўнай пляцоўкі. Але гэтыя сігналы не заглушаюць выбухі расійскіх снарадаў». І дадаў, не пакінуўшы ілюзій: «Мы не бачым падстаў для даверу словам, што гучаць ад тых ці іншых прадстаўнікоў дзяржавы, якая працягвае ваяваць дзеля нашага знішчэння».
То знянацку Украіну цяпер не заспеюць.
Ілюстрацыі «Reuters», РІА «Новости», Ostannipodii.com, Аляксей Кустоўскі, сацсеткі.