Украіна плануе далучыцца да санкцый ЕС супраць Беларусі. Але эканамічных не будзе

Пра гэта ў інтэрв'ю BBC News Украіна паведаміў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

Фота Getty Images

Фота Getty Images


"Я хачу паглядзець на канчатковае юрыдычнае рашэнне, хто там у гэтым спісе. Але так, мы настроеныя далучыцца да гэтых санкцый, таму што тут ужо гаворка ідзе аб пытаннях паслядоўнасці палітыкі", — заявіў міністр замежных спраў.
"Украіна лічыць, што ў гэтай сітуацыі важна дзейнічаць адзіным фронтам. Мы робім усё, што ў нашых сілах, каб дапамагаць народу Беларусі ў гэтай складанай сітуацыі", — растлумачыў спадар Кулеба.
Ён адзначыў, што кошт такой салідарнасці для Украіны нашмат вышэй, чым для краін ЕС або NАТO, таму што Украіна не знаходзіцца пад "парасонам абароны" гэтых аб'яднанняў, а пашырэнне ўплыву Расіі ў Беларусі пагражае ўкраінскай бяспецы.
23 верасня Дзмітрый Кулеба паведаміў, што Украіна не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі і гэтак жа не прызнае легітымнай яго інаўгурацыю.
У МЗС адзначаюць, што Украіна плануе далучыцца менавіта да персанальных санкцый у дачыненні да пэўных прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва. Уводзіць нейкія эканамічныя санкцыі, абмяжоўваць гандаль Кіеў не плануе.
"Што тычыцца эканамічнага ўзаемадзеяння —мы не плануем атакаваць. Мы не плануем рабіць Беларусі яшчэ горш — мы жадаем ёй толькі дабра. У нас няма ў планах нейкага эмбарга, увядзення нейкіх абмежаванняў на гандаль", — паведаміў Кулеба.
Паводле яго слоў, беларуска-ўкраінскі гандаль з'яўляецца ўзаемавыгадным, таму ўвядзенне гандлёвых санкцый Украінай ці Беларуссю — у адказ — не будзе разумным крокам.
Гэтая пазіцыя можа змяніцца ў выпадку, калі Расея ўсталюе кантроль над беларускімі прадпрыемствамі.
"Вось тады трэба садзіцца і аналізаваць кожны буйны кантракт, глядзець, ці не з'явіліся дадатковыя рызыкі, таму што ў нас ёсць высокае ўзаемадзеянне і ў ваенна-гандлёвым сектары", — растлумачыў міністр.
Таксама Украіна не будзе памяншаць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Менску.
"Я не бачу падстаў для разрыву дыпламатычных стасункаў або для паніжэння прысутнасці Украіны ў Беларусі да ўзроўню часовага паверанага, як у нас гэта з Расеяй", — адзначыў міністр.
Гэта азначае, што ўкраінскі амбасадар і ў далейшым будзе працаваць у Беларусі.
Аднак з афіцыйных кантактаў, са слоў Дзмітрыя Кулебы, застанецца толькі "акно камунікацыі" праз МЗС.
Таксама Дзмітрый Кулеба прадугледжвае перанос пляцоўкі перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па Данбасу з Мінска.
"Мы ніколі не выключалі магчымасць пераносу перамоваў з Менска. Мы разумеем, што чым больш недружалюбнымі будуць дзеянні або заявы Беларусі ў дачыненні да Украіны, чым мацней будуць станавіцца пазіцыі Расеі ў Беларусі, тым больш непрымальным будзе станавіцца Менск як месца для фізічных сустрэч", — адзначыў міністр.
Аднак цяпер пытанне пераносу пляцоўкі перамоваў не з'яўляецца надзённым, таму што з-за пандэміі сустрэчы кантактнай групы праходзяць онлайн, а не ў Мінску.