Украіна перадала Расеі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр». Што пра яго вядома?

Нарадзіўся ў беларускай вёсцы, працаваў у калгасе, а потым — альпіністам-мантажнікам у прыватнай кампаніі.

ПВК "Вагнер". Ілюстрацыйны здымак

ПВК "Вагнер". Ілюстрацыйны здымак

Украіна ў межах абмену з Расеяй ваеннапалоннымі перадала на расейскую тэрыторыю Андрэя Герыловіча — беларуса, які ваяваў на баку Расеі ў складзе ПВК «Вагнэр» і быў асуджаны ва Ўкраіне на 9 гадоў зьняволеньня, піша «Радыё Свабода».

Як паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, ва Ўкраіну вярнуліся 90 украінскіх абаронцаў — вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі, Вайскова-марскіх сіл, прадстаўнікі тэрытарыяльнай абароны, памежнікі, абаронцы Марыюпалю і Чарнобыльскай АЭС, а таксама тыя абаронцы, якія ваявалі на херсонскім, данецкім, харкаўскім, запароскім і луганскім кірунках.

У Расею вярнуліся 90 палонных вайскоўцаў, сярод якіх, як паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць», і Андрэй Герыловіч. Ён стаў трэцім грамадзянінам Беларусі, якога ўзялі ў палон ва Ўкраіне пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе і перадалі Расеі ў межах абмену.

Сёлета 8 лютага Ўкраіна перадала Расеі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, які ваяваў у падразьдзеле «Вэтэраны» расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут» і знаходзіўся ва ўкраінскім палоне з 19 верасьня 2022 году.

31 студзеня ў Расею з украінскага палону вярнуўся яшчэ адзін беларус Максім Запека.

Што вядома пра Герыловіча

У матэрыялах справы Андрэя Герыловіча адзначалася, што ён 10 ліпеня 2022 году прыехаў на цягніку з Гомля ў Краснадар, а адтуль на таксі дабраўся да вёскі Молькіна, дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх вайсковых палігонаў у Краснадарскім краі. Менавіта там нібыта знаходзіцца трэнавальны лягер і месца прыёму новых байцоў у прыватную вайсковую кампанію (ПВК) «Вагнэр».

У той жа дзень беларус падпісаў кантракт з ПВК «Вагнэр», паводле якога яму абяцалі заробак 240 тысяч расейскіх рублёў на месяц і дадаткова 5 тысяч «палявых выплат».

Празь 10 дзён навучаньня на палігоне Андрэя Герыловіча разам зь іншымі вагнэраўцамі перакінулі ў Сьветладарск Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці. Паводле ўкраінскага сьледзтва, з 21 ліпеня ён удзельнічаў у баях каля Сямігор’я, Кодэма і Атрадаўкі ў Данецкай вобласьці, а 16 лістапада яго ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы.

Беларус ваяваў пад пазыўным «Заспа», які ўзяў ад назвы вёскі Рэчыцкага раёну, непадалёк ад якой ён нарадзіўся.

Раней Беларускі расьсьледніцкі цэнтар паведамляў, што Герыловіч нарадзіўся ў Заспе, аднак у матэрыялах крымінальнай справы пазначалася, што ён зьяўляецца ўраджэнцам вёскі Гарошкаў, якая тэрытарыяльна адносіцца да Засьпенскага сельсавету Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Паводле расьсьледніцкага цэнтра, пасьля школы Андрэй Герыловіч працаваў у калгасе, а потым служыў прапаршчыкам у брыгадзе сувязі вайсковай часткі 68473 у Калодзішчах. Пасьля службы працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай кампаніі.

У часе дасудовых сьледчых дзеяньняў, як паведамляла Служба бясьпекі Ўкраіны, Андрэй Герыловіч даў сьведчаньні аб ваенных злачынствах расейскіх войскаў і ваенізаваных груповак, перадаў устаноўчыя зьвесткі асобаў, датычных да іх, а таксама расказаў пра катаваньні, пазбаўленьне грашовага забесьпячэньня і забойствы за невыкананьне злачынных загадаў.

Андрэя Герыловіча асудзілі паводле ч.4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які прадугледжвае пакараньне за ўдзел у якасьці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях, у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Перад вынясеньнем выраку Герыловіч добраахвотна падпісаў са сьледзтвам пагадненьне аб прызнаньні сваёй віны, што дазволіла яму пазьбегнуць максымальнага пакараньня. У той жа час, у выпадку, калі грамадзянін Беларусі парушыць гэтае пагадненьне, суд можа скасаваць абвешчаны вырак і вынесьці новы.

У час судовага разгляду справы беларус меў свайго адваката і перакладчыка з украінскай на расейскую мову.

У выраку адзначалася, што Андрэй Герыловіч трапіў ва ўкраінскі палон 16 лістапада 2022 году непадалёк ад пасёлка Курдзюмаўка Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.