У Еўрасаюзе пацвердзілі, што рыхтуюць чацвёрты пакет санкцый у дачыненні да ўлад Беларусі
Еўрасаюз працуе над падрыхтоўкай чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі. Пра гэта заявіў прадстаўнік Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Люк Дэйвін 20 красавіка на адкрыцці 9-й сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранэст).
Сесія праз пандэмію праходзіць у анлайн-фармаце. Трансляцыя пасяджэння вядзецца на сайце Еўрапарламента, інфармуе «Свабода» са спасылкай на «БелаПАН».
Дэйвін падкрэсліў, што, хоць афіцыйная беларуская парламенцкая дэлегацыя не з’яўляецца чальцом Еўранэста, «тэма Беларусі для нас усіх вельмі важная».
«На жаль, даводзіцца і далей толькі шкадаваць, што ад часу фальсіфікацыі выбараў у жніўні мінулага году ўлады Беларусі прытрымліваюцца выключна курсу жорсткіх рэпрэсій сваіх грамадзян, а не дыялогу, — сказаў ён. — Мы і далей, цвёрда салідарызуючыся з народам Беларусі, вядзём палітыку нулявой цярпімасці ў дачыненні да рэпрэсій і беспакаранасці вінаватых у іх. Разлічваем, што неадкладна і безумоўна будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Мы таксама цяпер працуем над наступным санкцыйным пакетам».
Першы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі Еўрасаюз увёў 2 кастрычніка 2020 году.
Пасля спіс асоб, якія падпадаюць пад іх дзеянне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 снежня адпаведна.
Адметнасцю трэцяга пакету стала тое, што, акрамя персаналій, у яго ўключылі арганізацыі.
Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў Еўрасаюз і замарозку актываў асоб з санкцыйнага спісу, які цяпер налічвае 88 чалавек, уключна з Лукашэнкам, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.
Акрамя таго, фізічным і юрыдычным асобам — прадстаўнікам ЕС — забаронена наўпрост ці ўскосна даваць сродкі асобам з санкцыйнага спісу.
Латвія, Літва і Эстонія 25 сакавіка ўвялі новыя нацыянальныя
санкцыі ў дачыненні да 118 беларускіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і
юстыцыі, а таксама мясцовых органаў улады.