Сумнае чаканне святаў
Да Новага года застаецца крыху менш за два месяцы. Гледзячы на «белых мух» за вокнамі, міжволі задумаешся, што будзе на святочным стале і якія падарункі рыхтаваць родным.
Відаць, на гэты Новы год беларусы асабліва не разгоняцца. Нават Белстат падае, што сярэдні заробак па краіне ў верасні знізіўся на 2,3%. У верасні ён склаў усяго 732,9 рубля. Пры гэтым заробак, больш за сярэдні па краіне, атрымліваюць толькі ў пяці раёнах Беларусі, а больш чым у палове зарплаты не дацягваюць да 300 долараў у эквіваленце.
Але гэта Белстат, і «сярэдні заробак па краіне», — гэта, як сумна жартуюць у інтэрнэце, «кіраўнік еў мяса, я еў капусту — разам мы елі галубцы». «Гэта разлічаная па Белстату зарплата, а рэальная і да 200 не дацягвае», — абураюцца карыстальнікі дыскусійнай пляцоўкі talks.by.
Вось толькі некалькі выказванняў з гэтай нагоды. «Рэальна сярэдні заробак у раёне не дацягвае да 300 рублёў, а не долараў». «Я калі свайму дырэктару прывожу ў прыклад сярэднюю зарплату па Беларусі, ён мне прапануе ўзяць яго за руку і завесці ў арганізацыі, дзе рэальна такая зарплата... Крыць няма чым». «Або гэта падагнаныя паказчыкі, або ў чыноўнікаў зарплата настолькі высокая, што дае такую сярэднюю па краіне». «У Віцебску на вакансію 170 рублёў набегла куча прэтэндэнтаў».
З’едлівыя журналісты «Камсамольскай праўды» не спыніліся на статыстыцы па заробках. Яны паглядзелі, колькі каштавалі ў крамах прадукты ў снежні мінулага года і колькі каштуюць зараз (пры падзенні заробкаў, зразумела). Чаму за аснову быў узяты снежань? Таму што паводле таго ж Белстата ў параўнанні са снежнем інфляцыя ў краіне складае 8,3%.
Макароны падаражэлі на 33%. Сланечнікавы алей, без якога не абыходзіцца амаль ніводнае гатаванне, узняўся ў кошце на 22%. Мука падаражэла на 22%, рыс — на 32%, сыр — на 30%. Цалкам незразумела падаражэлі хрэн і гарчыца — на 50%. Лідарам у падаражанні сталі маласалёная фарэль вытворчасці Расіі — 71% і ананасы — 75%. Хаця, здавалася б, курс долара ў нас падае, і на валютныя ваганні гэтага не спішаш.
І ўжо зусім нікуды не лезе падаражанне пітной вады ў бутэльках па паўтара літры — аж на 61%! Вытрымлівае афіцыйны паказчык інфляцыі толькі пярлоўка, якая ўзнялася ў цане на 7,5%.
Зразумела, што ў гэтых варунках народ з сумам прыгадвае абяцанкі Лукашэнкі пра 1000 долараў заробку ў 2015 годзе і нават настальгуе па абяцаным у 2006-м заробку ў 500 долараў. Людзі шукаюць, як падзарабіць, і таксама згадваюць пра яшчэ ўвесну абяцаныя ўзамен на павышэнне пенсійнага ўзросту 50 тысяч працоўных месцаў.
Але легальна падзарабіць не атрымаецца, бо, калі нават недзе і ёсць гэтыя 50 тысяч месцаў, то, па тых жа дадзеных Белстата, за 9 месяцаў 2016 года на чыстай аснове ў Беларусі звольнілі 91 тысячу чалавек. То бок, па два на абяцанае месца. Гэта ў паўтара разы больш у параўнанні з 2015 годам.
І гэта яшчэ не канец. Па ацэнках экспертаў, дзяржаўныя прадпрыемствы хутка будуць праходзіць працэдуры аўдыту «для выяўлення рэальнага фінансавага стану, што можа пацягнуць новую хвалю скарачэнняў».
«Калі дзяржава не будзе рабіць канкрэтных намаганняў па змене ўмоў дзейнасці для бізнесу, у пошуках працы насельніцтва ўсё часцей будзе разглядаць варыянт змены краіны пражывання або працаваць па-за полем гледжання афіцыйных органаў», — такі прагноз экспертаў, выкладзены ў аглядзе «Беларусь у фокусе».
Праўда, некаторыя працягваюць, як тая жабка ў малацэ, біць лапамі, каб збіць кавалак масла, на якім можна было б утрымацца. Індывідуальныя прадпрымальнікі распрацавалі ўласную альтэрнатыву ўказу №222, які практычна закрыў рынкі напачатку гэтага года. Праект прадпрымальніцкага ўказа называецца «Аб некаторых мерах па спрашчэнні рэгулявання і стымулявання індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў рознічным гандлі», і, як спадзяецца лідар аб’яднання ІПэшнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, дазволіць вярнуць ІП на рынкі і гандлёвыя цэнтры.
Ва ўказе прадугледжаны «фіксаваны збор» з ІП замест падаткаў, павышаючыя каэфіцыенты на імпартную, і паніжаючыя — на беларускую прадукцыю, а таксама «прынцып добрасумленнасці» сябраў Мытнага саюза. То бок, калі тавар прыйшоў з Расіі, лічыцца, што там ён ужо прайшоў сертыфікацыю на бяспеку (акрамя дзіцячых тавараў). «Прыняцце гэтага ўказа дасць магчымасць забяспечыць прадпрымальнікам умовы спакойнай і бяспечнай працы, а краіне атрымаць больш падаткаў», — спадзяецца Шумчанка.
У прынцыпе, і без прадпрымальніцкага ўказу можна разняволіць ІП, прычым, без усялякіх турботаў. Іх тавар купляць мала хто будзе. Не таму, што тавар дрэнны, а таму, што пры сённяшнім стане заробкаў грошай у насельніцтва проста няма.
Амаль адначасна з прадпрымальніцкай ініцыятывай у офісе прафсаюза РЭП у Мінску актывісты, праваабаронцы і юрысты з усіх рэгіёнаў Беларусі думалі, як яны могуць супрацьстаяць дэкрэту аб дармаедстве. «Сустрэчу арганізавалі перш за ўсё для таго, каб выпрацаваць механізм дапамогі людзям, — адзначыў у каментары «Радыё Рацыя» старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. — Народ да канца не ўсвядоміў, што гэта можа тычыцца кожнага, і таго, хто нават сёння працуе. Заўтра кантракт скончыцца, і ты таксама падпадзеш пад гэты дэкрэт».
Цікавы выпадак наконт гэтага адбыўся ў Бабруйску. Там у «дармаеды» паспрабавалі запісаць студэнта, які вучыцца за мяжой. Калі падатковы інспектар паглядзеў, што ў Беларусі небарака быў толькі тыдзень, ён прызнаў — пад падатак гэты чалавек не падпадае. І што ж зрабіў інспектар? Выкрасліў хлопца з базы дадзеных дармаедаў? «Інспектар сказаў выкідваць лісты на выплату падатку, калі будуць прыходзіць», — распавядае бацька студэнта.
Цікава тое, што заробкамі і працай заклапочаныя грамадскія арганізацыі і аб’яднанні. А не «сацыяльная дзяржава», якая, наадварот, стварае ўмовы, каб людзі гублялі заробак і працу.