Смерць АДС заўчасная

На апошнім пасяджэнні Сойму Партыі БНФ — аднаго з заснавальнікаў кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) — яго ўдзельнікі прынялі рашэнне пра тое, што АДС больш не існуе. Прапануем меркаванні наконт таго, наколькі абгрунтавана такое рашэнне.

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ:

На апошнім пасяджэнні Сойму Партыі БНФ — аднаго з заснавальнікаў кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) — яго ўдзельнікі прынялі рашэнне пра тое, што АДС больш не існуе. Прапануем меркаванні наконт таго, наколькі абгрунтавана такое рашэнне.
Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ:
— Гэта відавочна, таму што статутныя дакументы АДС даўно не дзейнічаюць і не выконваюцца. З моманту заснавання АДС з яго складу выходзілі цэлыя групы ці асобныя арганізацыі. І на сённяшні момант абсалютна аб’ектыўна, што любыя кансультацыі ў межах дэмакратычных сілаў заўсёды адбываюцца ў фармаце, значна больш шырокім за АДС, гэта ўжо рэчаіснасць. Палітычная рада АДС — кіроўны орган, прызначаны ў 2007 годзе Кангрэсам дэмакратычных сіл, не збіраецца з 2008 года. Таксама апошнім часам не адбываюцца кворумныя пасяджэнні Палітычнай рады АДС.
Такім чынам, ніводны орган АДС сёння фактычна не працуе. Сёння АДС на міжнародным узроўні нідзе не разглядаецца як орган, які можа гаварыць ад імя ўсіх дэмакратычных сіл, і такая сітуацыя перашкаджае фарміраванню іміджу беларускіх дэмакратычных сіл, іміджу апазіцыі і сярод нашых міжнародных партнёраў, і сярод беларускіх грамадзян як сілы, здольнай дамаўляцца, шукаць агульныя падыходы.
Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сустаршыня Прэзідыума Палітрады АДС:
— Ёсць юрыдычны складнік і сітуацыя «дэ-факта». Што тычыцца юрыдычнага боку, то нават любы студэнт юрфаку скажа, што адмяняць рашэнне можа той, хто яго прымаў. Рашэнне пра стварэнне АДС і яго структур прымалася Кангрэсам дэмакратычных сіл. І толькі кангрэс валодае легітымнасцю прымаць ці адмяняць падобныя рашэнні.
А ёсць сітуацыя дэ-факта: няма дзейнасці — няма кааліцыі, якая мае магчымасць існаваць толькі на паперы. Але дзейнасць ёсць, значыць, і кааліцыя існуе. Там засталіся дзеяздольныя структуры. Варта адзначыць, што ў кааліцыі існуюць чатыры зарэгістраваныя партыі. А гэта азначае, што яны адпавядаюць пэўным крытэрам, якія выстаўляе ўлада. А крытэры гэтыя дастаткова высокія і жорсткія. Да таго ж, ёсць дастаткова дзейсная структура — рух «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва», ёсць незалежныя прафсаюзы, ёсць аргкамітэт па стварэнню незалежнай жаночай арганізацыі. Нашу дзейнасць можна сёння адчуць, яна звязана з антыкрызіснымі прапановамі. Тут ёсць сацыялогія, ёсць масмедыя, якія ўцягнуты ў папулярызацыю антыкрызісных прапаноў. Ёсць таксама і кавалак працы, зробленай па выпрацоўцы прапаноў па змене выбарчага заканадаўства, па перамовах з БДІПЧ.
Пры ўсёй павазе да Партыі БНФ, я адзначу: відаць, можна казаць, што павінен надысці калапс, каб АГП выйшла з гэтага працэсу. Так склаліся абставіны, што апошні год БНФ не працаваў актыўна як структура, працавалі асобныя людзі, якія і надалей будуць працаваць, нягледзячы на рашэнне, якое прынята Соймам. Стварэнне Беларускага незалежніцкага блоку, над якім працавалі актывісты БНФ, не з’яўляецца прыярытэтам АДС.