Прэзідэнт Польшчы: пераезд ПВК Вагнера ў Беларусь — «негатыўны сігнал для нас»

Кіраўнік Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што прыезд ПВК Вагнера — гэта фактычная перадыслакацыя расійскіх сіл у Беларусь. І NATO павінна адказаць на гэта.

Анджэй Дуда перад адлётам у Гаагу. Фота: www.polsatnews.pl

Анджэй Дуда перад адлётам у Гаагу. Фота: www.polsatnews.pl

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што лічыць «дэ-факта пераезд» ПВК Вагнера ў Беларусь негатыўным сігналам для Польшчы, паведамляе Polsat.

«Мы бачым, што адбываецца на ўсходзе. Там працягваецца дэ-факта пераезд у Беларусь расійскіх войскаў, групы «Вагнер» з яе кіраўніком Яўгенам Прыгожынам. Гэта вельмі негатыўныя сігналы для нас, пра якія мы хочам папярэдзіць нашых саюзнікаў», — сказаў Дуда журналістам перад вылетам у Гаагу.

Прэзідэнт Польшчы правядзе ў Гаазе кансультацыі перад самітам NATO ў Вільні, прызначаным на 11-12 ліпеня. Са слоў Анджэя Дуды, ён падыме на сустрэчы з саюзнікамі тэмы, якія тычацца ўмацавання бяспекі Польшчы і краін Балтыі.

Кіраўнік  Польшчы правядзе кансультацыі ў сувязі з будучым самітам НАТА ў Вільні.

Глядзіце таксама

Прэзідэнт Дуда таксама агучыў журналістам найбольш важныя тэмы з пункту гледжання яго краіны, што будуць абмяркоўвацца падчас перамоў: «Усе напрамкі ўмацавання бяспекі ўсходняга флангу, Польшчы і краін Балтыі. Гэта тое, чым мы займаемся ўвесь час, — сказаў ён. — Мы хочам, каб гэта ўмацавала бяспеку ў нашай частцы Еўропы. Мы бачым, што адбываецца на Усходзе».

Па словах Анджэя Дуды, палітыкі і прадстаўнікі Паўночнаатлантычнага альянсу павінны выканаць ранейшыя дамоўленасці.

«Выкананне рашэнняў Мадрыдскага саміту. Рэакцыя NATO павінна быць больш хуткай. Планы абароны павінны быць больш эфектыўныя —  больш хуткая рэакцыя, больш хуткая перакідка батальённых групаў , якія знаходзяцца ў нашай частцы Еўропы. Гэта тыя мэты, якіх мы хочам дасягнуць», — падкрэсліў ён.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», па выніках бунту ПВК «Вагнер» заснавальнік групы Яўген Прыгожын дамовіўся, што найміты, якія вырашылі застацца ў ПВК, змогуць «сысці ў Беларусь». Аляксандр Лукашэнка паведаміў сёння, 27 чэрвеня, што Яўген Прыгожын знаходзіцца ў Беларусі. Паводле слоў Лукашэнкі, беларускія ўлады дапамогуць размясціць ПВК «Вагнер» ў краіне, але не будуць будаваць лагеры для наймітаў. Таксама, нібыта, у Беларусі не будзе пунктаў па наборы ў ПВК «Вагнер».

Паводле «Медуза»,  Polsat.