Перамовы Пуціна з Лукашэнкам завяршыліся. Пра што дамовіліся?
У Санкт-Пецярбургу 29 снежня прайшлі перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным, якія працягваліся каля гадзіны.
Прыкметна, што Пуцін сам заехаў за Лукашэнкам перад сустрэчай.
Падчас сустрэчы Лукашэнка падзякаваў Пуціну за падтрымку «у цяжкі санкцыйны час». Таксама, паводле слоў Лукашэнкі, рост ВУП Беларусі сёлета на фоне санкцый — гэта шмат у чым заслуга Расіі, на што Пуцін адказаў, што Беларусь знаходзіцца ў добра фінансавым стане. Расійскі прэзідэнт ацаніў як «добры крок» рашэнне дапусціць да расійскіх дзяржзакупак беларускія прадпрыемствы.
Таксама Лукашэнка і Пуцін дамовіліся пра кааперацыю ў авіябудаўніцтве і пацвердзілі намеры правесці ў лютым-сакавіку 2022 года сумесныя вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі.
Пуцін закрануў тэму двухбаковых адносін паміж Расіяй і Беларуссю па выніках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, адзначыўшы, што ў 2021 годзе зроблены істотны крок наперад, і згадаў пра 28 падпісаных саюзных праграм.
«Гэта найперш фінансы, гэта падатковае, мытнае заканадаўства, фіскальнае. Гэта вельмі важна, гэта будзе ствараць лепшыя ўмовы для развіцця эканомікі дзвюх краін», — сказаў Пуцін.
Пасля перамоў Лукашэнка і Пуцін паехалі гуляць у хакей у адной камандзе.