Палітолаг: Ад галасавання не залежыць наогул нічога: працэнты намалююць без падліку галасоў
Рэжым сапраўды вучыцца на сваіх памылках і гэтым разам не дапусціць нават намёку на праяву нязгоды. Палітолаг Анатоль Котаў у інтэрв'ю Філіну распавёў, што думае пра спойлераў Лукашэнкі.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп на наступныя «выбары» ў Беларусі завершыцца ўжо заўтра, 1 лістапада.
На гэты момант дакументы ў ЦВК падалі Аляксандр Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, Вольга Чамаданава, Ганна Канапацкая і Сяргей Бобрыкаў.
— Для пачатку вызначымся, што гэта фарс, а ніякія не выбары. Удзел у іх у якой-небудзь форме — прызнанне хоць нейкай законнасці гэтай працэдуры, — кажа Анатоль Котаў.
— Што тычыцца спісу спойлераў, то ён не моцна здзівіў. Траўма 2020-га апынулася настолькі моцная і глыбокая, што ў 2025-м да цалкам зрэжысаванага і кантраляванага працэсу не дапусцілі нават хоць нейкае падабенства незалежнага кандыдата.
З каморы дасталі выкарыстаных ўжо не раз спойлераў, стэрылізавалі іх яшчэ раз, расправілі, трохі надзьмулі і вырашылі выкарыстаць яшчэ раз.
«Новыя» твары ў выглядзе Хіжняка або Чамаданавай — таксама не такія ўжо новыя і не раз правераныя байцы. Іх дадалі для колькасці, каб стварыць хоць нейкую бачнасць разнастайнасці.
У выніку, адзначае палітолаг, у 2025-м рэжым правядзе максімальна стэрыльную працэдуру, у якой выбаршчыкі будуць лішнімі.
— Ад галасавання не залежыць наогул нічога. Працэнты намалююць без падліку галасоў: навошта гэты лішні этап, калі ўсё роўна ніхто не назірае, а магчымасць верыфікацыі галасоў горшыя, чым пры любых папярэдніх электаральных кампаніях?
Рэжым сапраўды вучыцца на сваіх памылках і гэтым разам не дапусціць нават намёку на праяву нязгоды — ні шляхам «пратэстнага» галасавання за спойлера, ні шляхам псавання бюлетэняў або галасаваннем супраць усіх. Ніхто нічога не збіраецца лічыць.
Нездарма слоганам кампаніі, хай і запозненым з-за тэрміновага пераносу, стала кароткае слова: «НАДО!». Праўда, і яно спарадзіла мноства народных мемаў, якія з'яўляюцца лепшым выразам пратэсту, чым удзел у гэтым фарсе.
Котаў падкрэслівае, што рэжым Лукашэнкі спяшацца правесці «выбары».
— Я застаюся пры сваім меркаванні: ісці «на выбары» Аляксандру Лукашэнку было нельга. Лепш было сысці хоць у некаторай ступені кіраваны транзіт. Падобна на тое, ён і сам гэта разумее, таму і перанёс працэдуру на больш ранні тэрмін, зблытаўшы карты той жа самай Расіі.
Аднак агульнага кірунку руху ў бок катастрофы рэжыму і, на жаль, краіны, гэта ўжо не зменіць.
Я б падсумаваў таксама сваім стаўленнем да гэтай працэдуры: не трэба.