Няма каму ваяваць? Расія вывела з Беларусі ўсе наземныя сілы, кінуўшы іх пад Купянск і Ліман

Расія цалкам вывела свой наземны кампанент з Беларусі, перакінуўшы яго ў склад рэзерву аб'яднанай групоўкі войскаў. Яго часткі вядуць наступ на Купянскім і Ліманскім напрамках на паўднёвым усходзе Украіны. Пра гэта камандуючы Аб'яднаных сіл УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў паведаміў у аўторак, 29 жніўня, піша Military Media Center.

photo_2023_08_28_22_30_33.jpg

Паводле яго слоў, Украіна цалкам кантралюе сітуацыю на мяжы з Беларуссю і рэзкіх зменаў там не прадбачыцца. Прыкмет фарміравання ўдарных груповак у гэтым рэгіёне цяпер не фіксуюць. Тыя войскі, якія ёсць на беларускай тэрыторыі, гатовыя пераважна да вядзення стрымліваючых і абарончых дзеянняў, кажа генерал.

«Улічваючы, што Расія так і не дасягнула стратэгічных мэтаў, у далейшым не выключаем пошук новых падстаў аднаўлення актыўных дзеянняў з паўночнага кірунку», — падкрэсліў Наеў, не выключыўшы правакацый і дыверсій на ўкраінска-беларускай мяжы.

Таксама ў верасні ў Беларусі плануюць правесці шэраг сумесных вучэнняў АДКБ, якія «могуць выкарыстоўваць як легітымізацыю нарошчвання вайсковай прысутнасці».

27 жніўня кіраўнік прэс-службы Усходняй групоўкі войскаў УСУ Ілля Еўлаш заявіў, што Расія засяродзіла на Лімана-Купянскім кірунку блізу 110 тысяч вайскоўцаў.

Раней у выведцы Вялікабрытаніі паведамлялі, што Расія плануе паспрабаваць перахапіць ініцыятыву, вярнуўшыся да значна больш шырокіх наступальных аперацый, адным з патэнцыйных кірункаў для якіх назвалі Купянск — Ліман.


Глядзіце таксама

Тым часам чарговы эшалон Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі прыбыў у Беларусь. Войскі нібыта павінны ўзяць удзел у вучэннях Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 29 жніўня каля 7:30 у Брэст прыбыў чарговы эшалон з вайскоўцамі УС РФ.

«Яны прыехалі ў Беларусь для ўдзелу ў сумесных вучэннях з сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ «Узаемадзеянне-2023», якія пройдуць у Беларусі з 1 да 6 верасня», — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў гэты ж час у Беларусі будуць праходзіць вучэнні «Пошук-2023» з сіламі разведкі, «Эшалон-2023» з сіламі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войскаў, «Бар'ер-2023» з сумесным фарміраваннем РХБЗ і медыцынскага забеспячэння, «Скала-2023» з падраздзяленнямі МНС.

Адзначаецца, што гэта ўжо другі эшалон УС РФ, які прыбыў у Брэст для ўдзелу ў вучэннях АДКБ. Першы прыбыў увечары 18 жніўня.