Марзалюк прызнаў, што ўлюбёны філосаф Пуціна — «ідэолаг нацызму»

Філосаф Іван Ільін, якога прэзідэнт Расіі ў сваіх публічных выступах называў «вялікім» і «сапраўдным патрыётам», — «ідэолаг нацызму», працы якога павінны быць забаронены, як і людзі, якія прапагандуюць яго тэксты. Пра гэта расказаў у эфіры АНТ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк, заўважыла «Люстэрка».

Іван Ільін

Іван Ільін

Аб Ільіне дэпутат выказаўся ў «фільме-расследаванні» аб каранях цікавасці беларускіх падлеткаў да ідэалогіі нацызму. Ігар Марзалюк падкрэсліў, што неанацысты — паслядоўнікі старых ідэалогій гітлерызму і фашызму.

— Нянавісць тая ж самая, канцэпты тыя ж самыя. <…> Абгорткі ледзь-ледзь мяняюцца, ідэалогія тая ж самая. Іншая справа, што неанацысты камуфлююць свае погляды. У свой час, калі гітлерызм, як і фашызм Беніта Мусаліні, пацярпелі крушэнне, то асобныя, у тым ліку рускія, ідэолагі нацызму, у тым ліку філосаф Ільін, заявілі, што не трэба ўжываць слова «фашызм». Займацца тым самым, але не ўжываць гэтыя словы. Па-іншаму зваць партыі, па-іншаму зваць ідэалогіі: «новыя правыя», яшчэ што-небудзь, а звярыны аскал той жа: апалогія вайны, апалогія нянавісці, апалогія нацызму і прынцыповае непрызнанне роўнасці ўсіх людзей. Вось гэта нацызм. Упэўненасць у тым, што дзеля нейкіх ідэй можна нейкую групу сегрэгаваць, знішчыць, сцерці з зямлі, — выказаўся Марзалюк.

Дэпутат падкрэсліў, што нацызм як ідэалогія мусіць быць забаронены.

— І любыя ідэалагемы, якія прапагандуюць нацызм, як і людзі, якія прапагандуюць тэксты [ідэолагаў нацызму], павінны быць забароненыя і іх не павінна быць у публічным дыскурсе, — адзначыў Ігар Марзалюк.

Глядзіце таксама

Пра ідэолага рускага фашызму Івана Ільіна, які адкрыта захапляўся Адольфам Гітлерам, «Люстэрка» распавядала амаль два гады таму. Падставай для публікацыі паслужыла прамова Уладзіміра Пуціна пасля падпісання дамовы аб уключэнні захопленых украінскіх тэрыторый у склад Расіі. Тое сваё выступленне расійскі лідэр завяршыў цытатай Ільіна, якога назваў «сапраўдным рускім патрыётам».

Па падліках даследчыкаў, Пуцін цытаваў Ільіна ў сваіх выступах як мінімум шэсць разоў — у 2005, 2006, 2012, 2013, 2014 і 2022 гадах. Тройчы — у пасланнях Федэральнаму сходу, двойчы — перад ваеннай аўдыторыяй і адзін раз — на маладзёжным форуме. Ільіна таксама цытавалі ці згадвалі экс-прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, іншыя расейскія чыноўнікі, патрыярх Кірыл.

Глядзіце таксама

У 2005-м прах Ільіна перапахавалі ў Расіі на могілках Данскога манастыра. Яго «суседзямі» сталі белы генерал Антон Дзянікін і пісьменнік Іван Шмялёў. Пазней побач з імі пахавалі і нобелеўскага лаўрэата Аляксандра Салжаніцына. У 2009-м Пуцін, тады прэм'ер (у паўзах паміж прэзідэнцкімі тэрмінамі), усклаў кветкі на іх магілы. Архімандрыту Ціхану, які суправаджаў яго, ён прызнаўся, што часта перачытвае кнігу «Што абяцае свету раздзяленне Расіі». Па словах Пуціна, у гэтай працы філосаф перасцерагаў, што «раздзел вялікай краіны прывядзе да катастрофы». Ільіна і трох іншых дзеячаў прэм'ер назваў «дзяржаўнікамі».

У 2006-м бібліятэку Ільіна па ініцыятыве Пуціна вярнулі ў Расію і перадалі ў МДУ. На адным з будынкаў гэтага ўніверсітэта ў гонар філосафа ўсталявалі мемарыяльную дошку, у Екацярынбурзе — помнік. Цытаты і тэксты з твораў Ільіна шырока выкарыстоўваюцца як заданні для школьнага Адзінага дзяржаўнага іспыту (аналаг беларускага ЦТ).