Лубянка выйграла ў войска права скінуць з сябе адказнасць за вайну

Наступным крокам будзе зачыстка самой Лубянкі? Пра арышты ў расійскім войску разважае гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg

Калі тэндэнцыя працягнецца, то небаявыя страты расійскага генералітэту ад удараў ФСБ неўзабаве перавысяць баявыя страты ад удараў УСУ. Лагічна было б наступным крокам пачаць пошук схаваных агентаў УСУ ў ФСБ, каб выраўнаваць баланс.

Пакуль самай значнай палітычнай падзеяй апошняга (у сэнсе чарговасці, а так — хто ведае?) тэрміну Пуціна стаў грубы «наезд» на войска, прычым здзейснены ў класічнай, старарэжымнай піцерскай манеры, як быццам бы проста запазычанай з блаславёных "нулявых".

Генералаў бяруць пачкамі, прычым за тое месца, якое цяжэй за ўсё абараніць, бо не крадзе ў расійскім войску толькі той, хто не п'е, а непітушчых там хіба што адзін Белавусаў і ёсць – ён трымаецца малітвамі.

Аднак пакінем часова ў баку пытанне аб тым, чым менавіта армія так напалохала Пуціна (магчыма, яму ў сне сталі з'яўляцца дзекабрысты і Жукаў з Коневым), — і засяродзімся на наступствах.

Галоўным з іх з'яўляецца рэзкае і непрапарцыйнае палітычнае ўзмацненне ФСБ (і ў шырокім сэнсе – спецслужбаў наогул, асабліва ФСО, Росгвардыі, Следччага камітэта і гэтак далей). Так ці інакш, але дуэль за права зваліць адказнасць за ўляпванне ў вайну адзін на аднаго выйграла Лубянка. Цяпер яна ўся ў белым, а генералы вядома ў чым.

Наступным крокам, на мой погляд, з'яўляецца зачыстка самой Лубянкі. Усё, што я ведаю з гісторыі пра кола тэрору, зводзіцца да таго, што яго павароты сінхранізаваныя са зменай лідара апаратнай гонкі. Кола гэта ідзе за лідэрам як цень. Менавіта таму ёсць такія часы і такія гонкі, калі лепш заўсёды заставацца другім. Першым таксама можна, але нядоўга…

ФСБ (у яе самым шырокім разуменні) ператвараецца ў манапаліста на рынку «смотрящих». На першым этапе гэта дае шмат дробных і прыемных «патуранняў». Ужо цяпер упэўнена можна сказаць, што на рынку ідзе магутны «Чорны перадзел» актываў, галоўным бенефіцыярам якога з'яўляюцца людзі і арганізацыі, афіляваныя са спецслужбамі. І гэта зусім не тыя (ці не толькі тыя) працэсы, якія шырока асвятляліся ў медыя. У рэчаіснасці, асноўныя падзеі адбываюцца ў рэгіёнах, нават не на абласным, а на раённым узроўнях, дзе пад прыкрыццём «патрэб ваеннага часу» адбываецца перафарбоўка чорных дахаў у чырвоныя.

Але, набраўшы такую неверагодную сілу, ФСБ ператворыцца ў відавочную і непасрэдную пагрозу стабільнасці ўлады Пуціна. У яго не будзе іншага выйсця, як пачаць яе зачыстку, каб зрабіць ёй «інстытуцыянальнае асажэ». Зрэшты, магчымыя нюансы — напрыклад, можна не паспець. Так звычайна пачынаюцца перабудовы.