Лябедзька перадумаў. Ён зноў будзе балатавацца на пасаду лідара АГП

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька яшчэ напрыканцы красавіка заявіў пра тое, што не будзе ўдзельнічаць у чарговых выбарах на пасаду старшыні партыі. Сёння ж стала вядома, што ён усё ж такі ў ліку кандыдатаў.

liabedzka_2.png

Сам палітык цяпер знаходзіцца за мяжою, дзе прымае ўдзел у працы Парламенцкай Асамблеі «Еўранэст». Але на сайце АГП размешчаны ягоны каментар, што да сітуацыі.
«Я ў гульні. Я – у спісе кандыдатаў. Усё астатняе – 8 ліпеня», – сказаў Лябедзька.
У той жа час у інтэрвʼю belsat.eu Анатоль Лябедзька казаў зусім адваротнае.
«На мінулым з’ездзе АГП я даў абяцанне не балатавацца, што надышоў час змяніць сваю дзейнасць, даць магчымасць іншым паспрабаваць гэты хлеб на смак», – казаў Лябедзька.
Адзін з кандыдатаў на пасаду старшыні АГП Мікалай Казлоў, кажа, што ён не супраць таго, што Лябедзька балатуецца. Паводле яго, гэта добры варыянт. Іншага ж меркавання прытрымліваецца дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП і кандыдат на пасаду старшыні Ганна Канапацкая. Яна кажа, што, калі Анатоль Лябедзька застанецца лідарам партыі, то гэта адмоўна паўплывае на працу партыі. Яна лічыць, што праз гэта з АГП могуць сысці шмат актыўных маладых людзей.
«Прааналізаваўшы ўсе ягоныя выступы, па-мойму, з 2012 году, ён кожны раз заяўляў пра тое, што ён не балатуецца і кожны раз за дастаткова кароткі прамежак часу ён абвяшчаў пра тое, што ён будзе балатавацца. Для мяне гэта не стала нечаканасцю. Я дапускала, што Анатоль Уладзіміравіч не зможа знайсці ў сабе моцы, каб пакінуць пасаду», – кажа Канапацкая.
8 ліпеня адбудзецца зʼезд партыі, дзе будзе абраны новы старшыня АГП. Пра свой намер удзельнічаць у выбарах раней ужо заявілі Васіль Палякоў, Мікалай Казлоў і Ганна Канапацкая.
Паводле belsat.eu