Крыніцы: Міжнародная канферэнцыя па Беларусі ў Вене адменена

Міжнародная канферэнцыя «На шляху да шчаснай і бяспечнай будучыні Беларусі», якая павінна была прайсці ў Вене 22 лістапада, адменена. Пра гэта Reform.by распавёў адзін з удзельнікаў мерапрыемства.

vena.jpeg

«Запрошаныя ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі апавяшчэнне аб тым, што івэнт адменены», — распавёў ён.

Учора ORF са спасылкай на МЗС Аўстрыі паведамляла, што мерапрыемства пройдзе ў анлайн-рэжыме.

«Лічбавы фармат не будзе адцягваць ад неабходнага абмену думкамі па гэтай важнай тэме», — заявілі ў МЗС Аўстрыі.

У штабе Святланы Ціханоўскай пацвердзілі, што адменена сустрэча ў афлайне, але анлайн-мерапрыемства адбудзецца. Пры гэтым сама Святлана Ціханоўская збіраецца асабіста прысутнічаць у Вене.

Раней планавалася, што пляцоўка пад эгідай Федэральнай канцылярыі і МЗС Аўстрыі збярэ прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама лідараў ЕС і прадстаўнікоў Расіі, аднак улады Беларусі і Расіі адмовіліся ад удзелу ў дыялогу.

Адзначым, з панядзелка 22 лістапада ў Аўстрыі будзе ўведзены агульнанацыянальны локдаўн з-за эпідэміі каронавіруса.