Краіны, якія мяжуюць з Расіяй, атрымаюць ад ЗША $6,3 млрд на ўмацаванне абараназдольнасці
Амерыканскі Кангрэс у рэкордны тэрмін прыняў абаронны бюджэт на 2019 фінансавы год і адправіў яго на подпіс прэзідэнту, паведамляе «Радыё Свабода».
У бюджэце прадугледжаны рост ваенных выдаткаў больш чым на 2 адсоткі і павелічэнне колькасці ўзброеных сілаў на 15 600 чалавек.
У дакумент закладзена фінансаванне ваенных мерапрыемстваў у Афганістане, Сірыі, Емене, Іраку, Нігеры, Лівіі і Самалі, якія ажыццяўляюцца ў рамках барацьбы з тэрарызмам. Дакумент, аднак, адлюстроўвае змену ў прыярытэтах Пентагона ад ранейшай арыентацыі на войны малой інтэнсіўнасці ў бок проціборства з двума іншымі звышдзяржавамі, Кітаем і Расіяй.
Прадугледжана выдзяленне 6,3 мільярда на ўмацаванне абараназдольнасці краін, якія мяжуюць з Расіяй, акрамя таго, Пентагону даручана разгледзець магчымасці размяшчэння амерыканскіх баявых падраздзяленняў у Польшчы на пастаяннай аснове.