Колькі еўрапейцаў цяпер лічаць Расію ворагам?

Ці шмат жыхароў ЕС хочуць назаўсёды абарваць з РФ цалкам усе сувязі — і нават пасля замірэння ва Украіне? А як еўрапейцы цяпер ставяцца да Кітая і ЗША? Карціна для рускіх вельмі сумная.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images


З 2021 года колькасць еўрапейцаў, якія бачаць Расію як ворага або канкурэнта, падвоілася

Апытанне паказвае змяненне стаўлення еўрапейцаў у розных краінах да РФ.

Вайна ва Украіне змяніла стаўленне еўрапейцаў да Расіі. А яшчэ цяпер пераважная большасць еўрапейцаў выступае за павышэнне абароннага патэнцыялу ЕС, піша www.theguardian.com

Праз 15 месяцаў пасля таго, як Расія ўварвалася ва Украіну, удвая больш, чым гэта было да вайны, еўрапейцаў —  амаль дзве траціны —  разглядаюць Маскву як ворага або суперніка. Але меркаванні пра доўгатэрміновыя адносіны кантынента з яго ўсходнім суседам па-ранейшаму моцна адрозніваюцца ў розных еўрапейскіх краінах.

Апытанне, праведзенае Еўрапейскай радай па міжнародных адносінах (ECFR) у некалькіх краінах, таксама паказала, што значная большасць еўрапейцаў выступае за павышэнне абароннага патэнцыялу ЕС, а не за стаўку на ЗША.

Адметна таксама, што многія бачаць у Кітаі партнёра, а не канкурэнта.

«Еўрапейцы хочуць, каб ЕС стаў больш самастойным у знешняй палітыцы і нарошчваў свой уласны абаронны патэнцыял», — сказала адна з аўтараў апытання Яна Пульерын, і дадала, што патрабаванні «абвастрыліся» з-за вайны і ўзмацнення амерыкана-кітайскага канфлікту.

«Гэта можа стаць вырашальным момантам для ЕС, — сказала яна, — ці зможа ён прымірыць рознагалоссі ў меркаваннях унутры блока і перайсці ад сваёй залежнасці ад ЗША да пазіцыі, пры якой ён можа адстойваць свае ўласныя палітычныя інтарэсы».

Каля 64 % рэспандэнтаў у 11 краінах-сябрах Еўрасаюза ў апытанні сказалі, што бачаць Расію Уладзіміра Пуціна як канкурэнта (9 %) ці, што яшчэ горш, апанента (55 %). А гэта ўдвая больш, чым колькасць тых, хто адчуваў тое ж самае, калі задавалі падобнае пытанне ў 2021 годзе.

Аднак колькасць людзей, якія маюць рэзка негатыўнае стаўленне да Расіі, вар'іравалася ў шырокіх межах: ад 74% у Даніі, 71% у Польшчы, 70% у Швецыі, 67% у Нідэрландах і 62% у Германіі — да 37% у Італіі і толькі 17% у Балгарыі.

Каля 39% венграў і 65% балгар бачылі ў Расіі саюзніка або неабходнага партнёра.

«Насцярожвае тое, што Італія знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне», — пішуць аўтары даклада.

«Іншыя сталіцы могуць баяцца, што Рым перагледзіць сваю [праўкраінскую] пазіцыю».

Меншая колькасць еўрапейцаў — амаль палова (48%) — заявіла: яны лічаць, што іх краіна павінна мець толькі «абмежаваныя» адносіны з Расіяй, калі вайна скончыцца мірным урэгуляваннем шляхам перамоў, напрыклад, шляхам гандлю толькі ў пэўных галінах прамысловасці.

Зноў быў шырокі дыяпазон меркаванняў: Польшча (39%) найбольш выступае за разрыў сувязяў з Расіяй, у той час як Германія (26%), Венгрыя (32%), Аўстрыя (36%) і Балгарыя (51%) выказваліся за аднаўленне поўнага пасляваеннага супрацоўніцтва з Расіяй.

«Пераважае меркаванне, што Еўропа павінна мець абмежаваныя адносіны з Расіяй», — адзначаюць аўтары даклада. — У цэлым гэта стварае аснову для пагаднення сярод еўрапейскай грамадскасці... Але некаторыя спрэчкі, здаецца, непазбежныя».

США — сябра, паплечнік, канкурэнт?

Справаздача Keeping America Close, Russia Down, and China Far Away, паказвае, што ЗША ў значнай ступені аднавілі сваю рэпутацыю сябра і партнёра ЕС пасля папярэдняга апытання, калі станоўчыя адказы былі моцна сапсаваны палітыкай прэзідэнта Дональда Трампа.

У 2021 годзе ні адна краіна не бачыла ў Вашынгтоне саюзніка, які «падзяляе еўрапейскія інтарэсы і каштоўнасці». У гэтым годзе супольна 32% у 11 краінах лічылі, што гэта так: ад 55% у Даніі да 13% у Балгарыі, а 43% бачылі ў ЗША неабходнага партнёра.

Аднак была відавочнай занепакоенасць магчымым пераабраннем Трампа: 56% палічылі, што гэта аслабіць адносіны Еўропы з ЗША. Гэта прывяло да моцнай падтрымкі большасцю (74%) ідэі, што ЕС павінен клапаціцца пра ўласную абарону, а не спадзявацца на ЗША ў забеспячэнні бяспекі.

Кітай — партнёр ці канкурэнт?

Большасць — 62% ва ўсіх 11 краінах — таксама заявілі, што іх краіна павінна трымацца далей ад любога канфлікту на Тайвані. Менш за чвэрць заявілі, што хацелі б, каб іх урад стаў на бок ЗША, найбольшую падтрымку Злучаныя Штаты атрымалі ў Швецыі, Польшчы і Нідэрландах.

Тым не менш, у справаздачы было сказана, што нешматлікія еўрапейцы падзяляюць хваляванні прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен, якая заклікала блок перагледзець адносіны з Пекінам і скласці «дакладную карціну таго, якія існуюць рызыкі».

Толькі кожны пяты лічыць, што гандлёвыя і інвестыцыйныя адносіны Еўропы з Кітаем нясуць больш рызык, чым карысці, пры гэтым значная большасць (у сярэднім 43%) заявілі, што лічаць Пекін неабходным партнёрам і адмовіліся б ад ідэі ўвядзення санкцый.

Аднак такое стаўленне еўрапейцаў да Кітая можа лёгка змяніцца: для многіх еўрапейцаў пастаўкі кітайскай зброі ў Расію стануць выразнай чырвонай лініяй: у сярэднім 41% апытаных кажуць, што гэта прымусіць іх падтрымаць эканамічныя санкцыі супраць Пекіна, нават калі гэта нанясе шкоду заходнім эканомікам.