Кіраўнікі МЗС Польшчы, Францыі і Германіі: Заклікаем улады Беларусі да правядзення сумленных выбараў
«Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых па палітычных прычынах, устрымлівацца ад выкарыстання гвалту або захадаў, накіраваных супраць правоў чалавека».
«Мы, міністры замежных спраў Францыі, Германіі і Польшчы, з непакоем назіраем за развіццём падзеяў у Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, рашуча выступаем за выкананне асноўных свабодаў беларусаў, у тым ліку, выбарчых правоў і мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў Польшчы, Нямеччыны і Францыі, размешчанай на сайце польскага МЗС.
Міністры Яцэк Чапутовіч, Хайка Маас і Жан-Іў Ле Дрыян выказалі занепакоенасць тым, што Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ (ODIHR), Парламенцкая асамблея АБСЕ і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы не мелі магчымасці назіраць за выбарчым працэсам.
«У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі правесці свабодныя і сумленныя прэзідэнцкія выбары, у тым ліку забяспечыць магчымасць іх незалежнага маніторынгу мясцовымі назіральнікамі. Мы зафіксавалі трывожныя паведамленні аб выбарчых парушэннях падчас датэрміновага галасавання», — заявілі міністры.
«Беларусь важны сусед Еўрапейскага саюза»
Міністры падкрэслілі, што Беларусь з'яўляецца важным суседам Еўрапейскага саюза і актыўным чальцом Усходняга партнёрства. «Наш дыялог за апошняе дзесяцігоддзе быў складаным, але шматабяцальным. Гэта таксама прывяло да практычнага супрацоўніцтва. Мы верым у магчымасць пабудовы больш трывалых сувязяў паміж Беларуссю і яе грамадзянамі ды Еўрапейскім саюзам, заснаваных на павазе агульных дэмакратычных каштоўнасцяў, у тым грамадзянскіх свабодаў і вяршэнства права», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Міністры перакананыя, што сумеснымі намаганнямі ўжо многага ўдалося дасягнуць, аднак выказалі занепакоенасць магчымасцю падрыву гэтых дасягненняў.
«Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых па палітычных прычынах, устрымлівацца ад выкарыстання гвалту або захадаў, накіраваных супраць правоў чалавека, уключаючы грамадзянскія і палітычныя свабоды. Мы заклікаем паважаць волю беларускага народа», — заявілі кіраўнікі дыпламатычных ведамстваў Польшчы, Нямеччыны і Францыі.
Міністры падкрэслілі, што «няма іншага шляху да ўмацавання незалежнасці Беларусі, апроч рэальнага і адкрытага грамадскага дыялогу».
Паводле www.polskieradio.pl