Карбалевіч: Выбарчая кампанія мала што памяняе ў настроях грамадства
Не першы тыдзень Лукашэнка мабілізуе сваё чынавенства на так званы «Адзіны дзень галасавання». Так мудрагеліста рэжым абазваў чарговы працяг уласных уладных паўнамоцтваў. У 2024 годзе адначасова маюць прайсці мясцовыя і парламенцкія «выбары», а не пазней чым праз 60 дзён пасля «Адзінага дня галасавання» на першае пасяджэнне мусіць сабрацца Усебеларускі народны сход (УНС). На 2025 год запланавана прэзідэнцкая кампанія.
Здавалася б, за апошнія тры гады Лукашэнка пакінуў пасля сябе выпаленую зямлю: каго не пасадзіў, таго запужаў. Але нават у гэтых нечалавечых варунках рэжым турбуецца за вынік «выбараў». Таму і тупае Лукашэнка на сваіх вертыкальшчыкаў: «Прымусьце сваіх падначаленых гэта зрабіць».
Якую піраміду ўлады спрабуе зляпіць Лукашэнка? І якое месца ў ёй падрыхтаваў для сябе, любімага?
Пагаварылі з палітычным аглядальнікам Валерыем Карбалевічам.
— Лукашэнка хоча атрымаць абсалютна паслухмяныя так званыя «выбарныя органы ўлады». Прычым каб працэс прайшоў у межах поўнай стабільнасці, не выклікаў не тое каб узрушэнняў — нават моцнай палітызацыі, каб кампанія прайшла як тэхнічная, як нейкае бюракратычнае мерапрыемства — уласна кажучы, як тое было ў савецкія часы.
Самае цікавае ва ўсім гэтым: здавалася б, сітуацыя пад абсалютным кантролем, але ж і Лукашэнка, і Качанава, і іншыя чыноўнікі спрабуюць мабілізаваць дзяржаўны апарат на гэтую кампанію. Хаця, здаецца, ніякіх праблем яна не можа выклікаць у сённяшніх умовах, але ўлады непакояцца. А ўсё тлумачыцца проста: выбары заўсёды — элемент легітымнасці ўлады. Нават у савецкія часы выбары ўспрымаліся як фактар легітымнасці ўлады: ім надавалася вялікая ўвага, і дзяржаўныя медыя пра іх пісалі. Атрымліваецца, што цяпер адбываецца тое ж самае: хаця рэальных выбараў няма, усе канкурэнты задушаны, апазіцыя наўрад ці можа прапанаваць нейкую альтэрнатыву, тым не менш улады вельмі занепакоены, што адчуваецца ў рэпліках таго ж Лукашэнкі.
— Ці вызначыўся сам Лукашэнка са сваёй роляй і месцам у новай пірамідзе ўлады?
— Я думаю, што вызначыўся: ён будзе балаціравацца на пасаду прэзідэнта ў 2025 годзе, і адначасова будзе выбраны старшынёй Усебеларускага народнага сходу. Пасада старшыні УНС загадзя за ім зарэзервавана, і ў яго няма ніякіх хістанняў.
— Гэтая кампанія дазволіць Лукашэнку і ягонаму рэжыму атрымаць унутраную легітымацыю? Ці прыме народ яго як законнага кіраўніка, асабліва пасля падзей 2020 года?
— Ведаеце, легітымнасць не столькі законнасць, колькі прызнанне грамадствам права той ці іншай улады на кіраванне. Я думаю, што выбарчая кампанія мала што памяняе ў настроях грамадства: частка грамадства будзе яго падтрымліваць, і ў вачах гэтай часткі надасць нейкую легітымнасць. А што да праціўнікаў, апанентаў — наўрад ці гэтая кампанія паўплывае на негатыўнае стаўленне да Лукашэнкі і да ягонага рэжыму. Таму раскол у грамадстве існуе, і выбарчая кампанія на гэта ніяк не паўплывае.
— У пятніцу Лукашэнка сказаў наступнае: «Мы павінны паказаць, што ў нас ёсць краіна, і мы гэтай краінай будзем кіраваць». То-бок Лукашэнка нікуды не сыходзіць і збіраецца кіраваць краінай да скону. Што можа перашкодзіць ягоным планам?
— Што яму можа перашкодзіць?
Альбо народная рэвалюцыя, альбо дзяржаўны пераварот, альбо вонкавыя чыннікі — сёння цяжка сказаць, якія канкрэтна. Ва ўсякім разе, падзеі ва Украіне паказваюць, што варыянт гвалтоўных перамен стаіць на парадку дня, і гэты чыннік таксама можа адыграць нейкую ролю. Але нейкіх легальных, легітымных спосабаў адхілення Лукашэнкі ад улады і нейкай змены рэжыму я не бачу ў сённяшняй Беларусі.