Ярмошыну не падтрымалі: сельскія саветы захаваюць
У Беларусі не плануецца ліквідаваць сельскія саветы, заявіў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў.
«Гэтае пытанне ўздымалася у кантрольным парадку, каб яшчэ раз паглядзець, ці апраўдваюць сябе сельсаветы, бо іх у Беларусі шмат і растраты на выбары іх дэпутатаў таксама вялікія. Але ўсё-такі аналіз паказаў, што апраўдваюць, і кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб захаванні сельсаветаў», — цытуе чыноўніка БелТА.
Ініцыятарам адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы лічыцца старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. «Дастаткова востра стаіць пытанне, а ці трэба захоўваць сельскія і пасялковыя саветы ў сілу таго, што там вельмі цяжка знайсці кандыдатаў у дэпутаты і потым забяспечваць працу гэтых прадстаўнічых органаў, якія валодаюць вельмі невялікімі паўнамоцтвамі. Зямлёй і іншымі багаццямі распараджаюцца вышэйстаячыя саветы і выканаўча-распарадчыя органы », — адзначала Ярмошына ў мінулым годзе.