Генерал УСУ: Пуцін едзе ў Мінск, каб яшчэ больш уцягнуць Лукашэнку ў вайну
Камандуючы Аб'яднанымі сіламі Узброеных Сіл Украіны генерал-лейтэнант Сяргей Наеў заявіў, што Уладзімір Пуцін едзе на сустрэчу з Лукашэнкам для больш шырокага прыцягнення беларускага войска да вайны супраць Украіны.
«Нядаўна кіраўнік Крамля правёў службовую нараду з кіраўніцтвам Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, у ходзе якой, як ён асабіста адзначыў, разглядаў прапановы ваеннага камандавання на бліжэйшыя і сярэднетэрміновыя перспектывы», — заявіў Наеў.
Паводле яго слоў, адразу пасля гэтага Пуцін спланаваў сустрэчу з кіраўніцтвам Беларусі, якая адбудзецца ў хуткім
часе.
«На наш погляд, падчас гэтай сустрэчы будуць
адпрацоўвацца пытанні далейшай агрэсіі супраць Украіны і больш шырокага
ўключэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у аперацыю супраць Украіны, у
прыватнасці, на нашу думку, і на сушы», — сказаў Наеў.
Раней стала вядома, што Пуцін едзе да Лукашэнкі ў Беларусь,
іх сустрэча прызначаная на 19 снежня. Сцвярджаецца, што яны абмяркуюць пытанні
супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы бяспекі.
У Офісе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага лічаць, што падчас візіту ў Беларусь кіраўнік РФ будзе
схіляць Лукашэнку да ўдзелу ў сухапутным уварванні ва Украіну.
У Інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што Пуцін будзе ціснуць
на Лукашэнку з мэтай дамагчыся саступак па інтэграцыі дзвюх краін.
17 снежня прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі
Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што на дадзены момант Беларусь
не гатовая да паўнавартаснага ўдзелу ў наземнай аперацыі супраць Украіны.