Еўрапарламент асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі і прапанаваў МУС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі
Еўрапарламент прыняў чарговую рэзалюцыю па Беларусі і прапанаваў Міжнароднаму крымінальнаму суду (МКС) выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Еўрапарламент асудзіў рэжым Аляксандра Лукашэнкі за рэпрэсіі і ўціск беларусаў. Таксама яго прызналі саўдзельнікам расійскіх злачынстваў ва Украіне.
Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю «Аб адносінах з Беларуссю», у якой у чарговы раз асудзіў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. У дакуменце асуджаюцца палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама дапамога рэжыму ў яго поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.
Адпаведная рэзалюцыя на аснове дакладу еўрадэпутата ад Літвы Пятраса Аўштравічуса была прынятая 13 верасня падчас пленарнага пасяджэння Еўрапарламента ў Страсбургу пераважнай большасцю галасоў.
«Еўрапарламент самым рашучым чынам асуджае неаслабныя рэпрэсіі, сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя парушэнні правоў чалавека, якія пастаянна здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Еўрадэпутаты запатрабавалі спыніць «гэтую спіраль гвалту, катаванняў, рэпрэсій і прапаганды супраць іншадумцаў, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і ўсіх адвольна затрыманых асоб, абвясціць усеагульную амністыю для ўсіх арыштаваных па палітычных матывах з 2020 года і забяспечыць мірную перадачу ўлады пасля арганізацыі свабодных і справядлівых выбараў».
У Еўрапарламенце таксама асудзілі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны.
Еўрапарламент указвае на вываз «больш за 2150 дзяцей, у тым ліку сірот, з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў так званыя аздараўленчыя лагеры Беларусі, дзе яны падвяргаюцца русіфікацыі і выхаванню».
У рэзалюцыі, у прыватнасці, згадваецца датычнасць Беларускага Чырвонага Крыжа да «незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей» і выказваецца падтрымка пракуратуры Украіны ў расследаванні датычнасці Беларусі да такіх дэпартацыяў
У Еўрапарламенце упэўненыя, што дзеянні самога Лукашэнкі і ягонага рэжыму могуць таксама прыраўноўвацца да злачынства супраць чалавецтва, і заклікалі Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы ордэра на ягоны арышт.
Еўрапарламент лічыць «Лукашэнку такім жа адказным за гэтыя ваенныя злачынствы, як Уладзімір Пуцін і Марыя Львова-Бялова, і таму заклікае МУС разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага міжнароднага ордэра на арышт Лукашэнкі», — гаворыцца ў тэксце.
Дэпутаты Еўрапарламента таксама заклікалі Раду Еўрасаюза пашырыць спіс асобаў, якія трапілі пад санкцыі, і дадаць да яго тых, хто мае дачыненне да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. А таксама ўжыць супраць Беларусі «люстраныя» санкцыі, падобныя тым, што ЕС прымяняе супраць Расіі ў сувязі з яе агрэсіяй супраць Украіны.
Нагадаем, 11 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў , што Беларусь працягне вывозіць дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны «на аздараўленне».
Варта, аднак, згадаць, што рэзалюцыі Еўрапарламента не маюць юрыдычнай сілы і носяць рэкамендацыйны характар.
Беларускі дыпламат, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка звярнуў увагу на тое, што дзеці, якія прыязджаюць у Беларусь з часова акупаваных тэрыторый Украіны, з'яўляюцца непаўналетнімі ва ўзросце ад шасці да 15 гадоў, часта сіротамі і паўсіротамі. А гэта значыць, падкрэслівае Латушка, што права на выезд мае толькі ўпаўнаважаны орган па пытаннях грамадзянства гэтых дзяцей, і Украіна такім органам з'яўляецца.
Нагадаем, 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд (МКС) выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і расійскага ўпаўнаважанага па справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. У заяве суда гаворыцца, што іх падазраюць у незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны. Рашэнне МКС падтрымалі ЗША, большасць краін ЕС (сумеснае рашэнне ЕС заблакавала Венгрыя ) і Украіна.
Пасля гэтага Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу супраць пракурора Міжнароднага крымінальнага суду Карыма Хана і суддзяў Міжнароднага крымінальнага суду. Масква абвінавачвае іх у незаконным пераследзе Пуціна і Львова-Бялова.
19 траўня МУС Расеі аб'явіла ў вышук пракурора Карыма Ахмада Хана.
Паводле «Люстэрка», украінскай рэдакцыі Радіо Свобода