Эксперт пра візіт Лаўрова: Магчымы другі тур «выкручвання рук

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у межах візіту ў Беларусь спачатку правёў перамовы з Уладзімерам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам.

7b64b863_07cf_4864_a5ac_8775af8ff6b9_w640_r1_s_cx7_cy39_cw84.jpg


Паводле БелТА, Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Сяргеем Лаўровым пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і інтэграцыі, у тым ліку «некаторыя пытанні, праблемы, якія, магчыма, узнікаюць у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі». Якія тэмы размовы пра ўзаемныя адносіны суразмоўцы палічылі праблемнымі, афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. Таксама Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з Сяргеем Лаўровым міжнародныя пытанні, уключна з сітуацыяй ва Ўкраіне і Сірыі. Цікаўнасць да думкі Сяргея Лаўрова кіраўнік Беларусі патлумачыў наступным чынам:

 

«Каб вы, магчыма, нават увялі мяне ў курс справы па некаторых падзеях апошняга часу, каб мы ведалі, як каардынаваць і карэктаваць сваю пазіцыю па тых ці іншых пытаннях», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Сярод іншых тэмаў міністры замежных спраў Беларусі і Расеі Ўладзімер Макей і Сяргей Лаўроў абмеркавалі праблему набліжэння НАТО да межаў Беларусі. Сяргей Лаўроў сказаў, што Расея падзяляе заклапочанасць тым, што «нашы калегі з краін НАТО спрабуюць павялічваць канфрантацыю ў ваеннай сферы, прасоўваючы вайсковую інфраструктуру на ўсход, бліжэй да нашых межаў».

 

«Мы выступаем за тое, каб у Еўропе абмяркоўваліся і выконваліся прынцыпы роўнай бяспекі для ўсіх», — цытуе БелаПАН расійскага міністра Лаўрова. Міністр замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей падчас размовы пра дзеянні НАТО ў Эўропе выказаўся пра «непрымальнасць такіх падыходаў».

 

«Цяпер нашы заходнія партнёры вядуць гаворку пра нейкія дадатковыя размяшчэнні воінскіх кантынгентаў у шэрагу краін, якія ёсць нашымі суседзямі. Мы гэта разглядаем як патэнцыйны выклік у межах нашай Саюзнай дзяржавы», — сказаў Уладзімір Макей і паведаміў, што бакі дамовіліся пра «адэкватныя захады рэагавання».

 

Якія гэта могуць быць захады?

 

Палітолаг Аляксандар Класкоўскі не выключае, што гаворка можа зноў ісці пра размяшчэнне ў Беларусі расейскай авіябазы.

 

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі


«Баюся, што агульнымі фразамі пра занепакоенасць не абыдзецца і што гэта сапраўды нясе пагрозу Беларусі, бо чарговы раз наша краіна можа стаць закладніцай вялікіх сусветных гульцоў.

 

Бо сапраўды ЗША апошнім часам зрабілі два крокі, якія вельмі раздражняюць Маскву. Яны ўвялі ў дзеянне базу супрацьракетнай абароны ў Румыніі і пачалі будаўніцтва падобнага аб’екта ў Польшчы.

 

А Масква даўно папярэджвала, што без увагі гэта не пакіне. І традыцыйна ў кантэксце гэтага супрацьстаяння разглядаецца беларускі плацдарм.

 

Некаторыя аглядальнікі выказалі версію, што Масква нават можа высунуць сюды ядзерную зброю ў выглядзе ракет сярэдняй дальнасці. Мяркую, гэта пакуль што малаімаверна з шэрагу прычын, у тым ліку юрыдычных і стратэгічных. Але, прыкладам, расійскія вайсковыя часткі з „Іскандэрамі“ могуць у Беларусі з'явіцца. І гэта будзе не меней непрыемна, чым размяшчэнне тут расійскай авіябазы, ад якой нібыта ўдалося адбіцца.

 

Дарэчы, і наконт авіябазы можа быць другі тур „выкручвання рук“ беларускаму партнёру. І гэта кепска, бо цяпер ідзе не проста рыторыка пра агульную знешнюю палітыку, а ўцягванне Беларусі ў імперыялістычную арбіту Масквы, у новы віток «халоднай вайны».

 

www.svaboda.org