Дракахруст: Лукашэнка можа рыхтаваць беларусаў да вайны
Можна рыхтавацца і да чагосьці непазбежнага, а можна і да нечага
імавернага, але неабавязкова немінучага. І сам працэс гэтай падрыхтоўкі
дазваляе адкінуць на задні план розныя нязручныя пытанні пра цэны і заробкі.
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст патлумачыў «Филину», што можа азначаць міралюбівая ваяўнічасць правіцеля, які зрабіў чарговую супярэчлівую заяву.
— Лукашэнка ў чарговы раз наведаў Гродзеншчыну, дзе зноў гаварыў пра вайну. Маўляў, мы да яе рыхтуемся. На вашу думку, чаму ён так зачасціў на заходнюю мяжу? І што можа стаяць за ягонай апошняй заявай? Гэта адказ на вучэнні НАТА, агульную сітуацыю?
— Першае тлумачэнне, якое тут напрошваецца, гэта тое, што ён проста ведае. Што яму сказана, што праз месяц, два ці тры спатрэбіцца ўдзел Беларусі ў вайне. Па тых ці іншых прычынах, могуць быць розныя расклады.
Ён гаворыць уласна пра тое, што ёсць. «Мы рыхтуемся да вайны» проста азначае тое, што мы праз некалькі месяцаў будзем у ёй удзельнічаць. Гэта вырашана да нас, за нас і без нас. І я вас пра гэта папярэджваю.
І калі гэтая хваля будзе нарастаць і нарастаць, то для народа гэта не будзе нейкай дзікай нечаканасцю. Ён жа некалькі разоў пра гэта папярэджваў. І гэта, канечне, самы такі цяжкі і жахлівы сцэнар.
А тое, што пры гэтым гаворыцца, што «яны на нас нападуць», гэта проста афармленне не ім прынятага рашэння. Лукашэнка проста рыхтуе грамадства да такой гадзіны «Ч».
З іншага боку, ягоныя словы пра тое, што мы рыхтуемся, могуць азначаць, што вайна можа быць, а можа і не быць. Маўляў, мы рыхтуемся на той выпадак, калі нам усё ж давядзецца ваяваць. Такія заявы ў яго былі і раней.
Я не думаю, што на Лукашэнку нейкае моцнае ўражанне робяць вучэнні НАТА. Вучэнні пачаліся, вучэнні скончацца. Наўрад ці пасля іх ён скажа «адбой трывогі».
Я думаю, што гэта можа быць новы наратыў. Ну вось высокімі заробкамі і эканамічнымі перспектывамі народ уразіць неяк не атрымліваецца. То можна ўразіць пагрозай і бяспекай.
Вакол нас ворагі, але я вас абараню, мы адаб’емся, дамо
ім у косці. А, паколькі, я забяспечваю вам мір, то не трэба лішне бурчэць пра
нізкія заробкі, пра тое, што цэны нейкія не такія.
І ў гэтай сваёй прамове ён пачаў, што называецца, за ўпакой, а скончыў за здравіе. Маўляў, мы рыхтуемся да вайны, а напрыканцы — мы міралюбівыя, нашыя ваенныя выдаткі ніжэй, чым у іх. Што, дарэчы, праўда.
І таму гэтае пасланне хутчэй пра тое, што «я вас абараню», чым пра «давядзецца ваяваць, нікуды не падзенемся».
— То-бок, гэтым можна патлумачыць супярэчлівасць гэтай заявы, вось гэтую міралюбівую ваяўнічасць? Рыхтуемся да вайны, завозім тэхніку, але грошы трацім на мірнае жыццё.
— Так, менавіта міралюбівая ваяўнічасць. Дарэчы, тут цікавае параўнанне ёсць. І пра гэта ніхто Лукашэнку не скажа, ні з атачэння, ні праўладныя журналісты. Як жа яны нагняталі перад выбарамі: а гэтая ж апазіцыя тут усё падарве, учыніць дыверсіі. У выніку не было нічога.
Гэта як у старым анекдоце пра чалавека, які ішоў па вуліцы і гучна пляскаў у ладкі, кажучы, што так адганяе кракадзілаў. А на словы, што кракадзілаў тут няма, казаў: таму і няма, што я іх адганяю.
Так і тут. Нічога не ўчынілі пад выбары? Дык у нас усё было распрацавана, падрыхтавана. Можна ўспомніць лятучыя атрады міліцыі на кожным участку. Навошта гэта было? А мы ж прадухілілі, бачыце, мы вам забяспечылі бяспеку, скажыце дзякуй. А тое, што ніхто і не збіраўся нешта рабіць, то гэта ўжо такое…
Так можа быць і з НАТА, і з гэтым «мы рыхтуемся да вайны». Можна ж рыхтавацца і да чагосьці непазбежнага, а можна і да нечага імавернага, але неабавязкова немінучага. І сам працэс гэтай падрыхтоўкі дазваляе адкінуць на задні план розныя нязручныя пытанні пра цэны і заробкі. «Не время, товарищ, — война».
Хоць вайны і няма, гэта не так і важна. Наратыў менавіта такі: мы рыхтуемся да вайны, таму няма чаго рот раскрываць, калі такое адбываецца.
Але першы варыянт я б таксама не выключаў. Бо пасля 24 лютага 2022-га пра любы апакаліптычны сцэнар нельга сказаць: «Не, гэга немагчыма». Усё магчыма.
— Прапаганда прадэманстравала кадры затрымання жыхароў Драгічынскага раёна, якія нібыта мелі сувязі з украінскай выведкай. У тым сюжэце проста выпячваецца жорсткасць, з якой затрымлівалі людзей. Напрыканцы гучыць абяцанне «ліквідаваць усіх датычных да тэрарызму».
Гэта выглядае на выразны сігнал, пасыл. Каму ён можа быць адрасаваны і ці ўпісваецца гэтае пасланне ў агульны сённяшні кантэкст?
— Я думаю, што гэта ўпісваецца ў сённяшні наратыў жорсткасці, непахіснасці. А таксама пільнасці: мы ўсё бачым, мы ўсё вылічым, усіх знойдзем.
Яшчэ ў гэтым «фільме» я звярнуў увагу на цікавы момант, якога там няма. Ні ў адным з ягоных сюжэтаў, а іх было тры — пра Драгічыншчыну, Маларыту і Лельчыцы — не гаварылася пра тое, што гэтую выбухоўку меркавалася ўжыць у Беларусі.
Любым чынам — райвыканкам падарваць, Дразды, ці вайсковую частку з расійскімі ваеннымі на беларускай тэрыторыі. Вось гэтага не было там.
Там быў асобны сюжэт пра Сяргея Ерамеева, які падарваў цыстэрну на чыгунцы. Але ён зрабіў гэта ў Расіі, на Далёкім Усходзе пад Омскам.
Па версіі аўтараў «фільма» гэтую выбухоўку яму спачатку перадалі з Украіны, потым ён адвёз яе ў Наваполацк, а ўжо адтуль у Расію, дзе і выкарыстаў. Там, а не ў Беларусі.
Дарэчы, гэтая гісторыя можа тлумачыць сэнс адной заявы Лукашэнкі пасля тэракту ў «Крокусе»: «я раскажу Пуціну, як яно было». Вось гэта і ёсць беларуская версія таго, «як яно было». Маўляў, сюды цягнуцца шчупальцы Украіны, але цягнуцца да Расіі.
То-бок, тэмы пра тое, як украінцы збіраюцца ўсё гэта ўжыць адносна Беларусі, няма. Думаю, пры жаданні гэта, канечне, маглі зрабіць. Зразумела, што пры патрэбе людзі ў кадры раскажуць, што гэта Папа Рымскі ім асабіста даў такое заданне.
Але выглядае, што іх не сталі да гэтага прымушаць. І гэта хутчэй падкрэслівае пэўную дваістасць, як і ў ягонай сённяшняй сентэнцыі: мы рыхтуемся да вайны, але ўкладваемся ў мірнае жыццё.
Што тычыцца гэтага сюжэта пра затрыманых, то мы разумеем ягоны ідэалагічны пасыл. Хочацца вінававіць украінцаў, асабліва ў кантэксце тэракту ў Маскве. Хочацца акуратненька падтрымаць крамлёўскую версію, але не цалкам, не да апошняй кропкі.
І таму гэта ўсё можа быць пастаноўкай. Ці, прынамсі, часткова. І я тут яшчэ раз звярну на важны, на мой погляд, момант: ніхто з персанажаў гэтага «кіно» не прызнаўся ў падрыхтоўцы тэрактаў і дыверсій на тэрыторыі Беларусі.