Чароўны выспятак «спецыяльнай ваеннай аперацыі»
Варта пагадзіцца з меркаваннем галоўнага публічнага чалавека рэспублікі-партызанкі наконт таго, што «з пачаткам расійскай аперацыі ва Украіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха».
Своечасовы «чароўны выспятак» здольны калі не змяніць ход гісторыі, то хаця б паскорыць працэсы, якія ўжо сфарміраваліся. Прыкладаў — незлічонае мноства. Аднак згадаю толькі самыя маштабныя ў XX стагоддзі: Першая сусветная вайна паставіла крыж на імперыі Раманавых; шасціразовае падзенне коштаў на нафту ў 1985 годзе стымулявала перабудову ў СССР.
Знешнія выспяткі (яны ж выклікі) варта адрозніваць ад унутраных, у якасці сцэнарыстаў і рэжысёраў-пастаноўшчыкаў якіх, як правіла, выступаюць дамарослыя палітычныя эліты.
Не сакрэт, што аўтарытарна-таталітарныя сістэмы аддаюць перавагу статыцы, а не дынаміцы, таму ў якасці варожага акту яны ўспрымаюць любыя рухі цела, нават незалежна ад кірунку. Адсюль — светапогляд, які выказваецца і адлюстроўваецца ў зразумелых кожнаму абывацелю слоганах: «трымаць і не пушчаць», «лепшае — вораг добрага», «не чапай, бо смярдзець будзе» і да таго падобных.
Зрэшты, нацыянальныя лідары аўтарытарна-таталітарных сістэм нешта сабе думаюць-мяркуюць, але Бог вырашае на свой лад. Ні адной унутранай статыцы доўгі час не выстаяць супраць знешняй дынамікі. Так было заўсёды. А ва ўмовах паскарэння гісторыі тое, што ў мінулым стагоддзі патрабавала дзесяцігоддзяў, сёння здольнае ўкласціся ў некалькі кварталаў.
24 лютага расійская цывілізацыя дала сама сабе магутны выспятак. Не прайшло і двух месяцаў — як яе эканамічныя, навуковыя і культурныя сувязі з заходнім светам аказаліся амаль цалкам заблакаваныя. На фоне новай рэальнасці «жалезная заслона» часоў СССР нервова паліць убаку.
Абмяжуюся двума прыкладамі. 4 красавіка найбуйнейшы ў свеце Брытанскі страхоўшчык London Marine Insurance Market абвясціў усе марскія воды Расіі — ад Чорнага мора да Балтыкі і Далёкага Усходу — «ваеннай зонай». Для суднаўладальнікаў, якія адважыліся накіраваць свае караблі ў парты краіны-агрэсара, гэта будзе азначаць неабходнасць уносіць дадатковую плату за рызыку ў памеры 5% ад кошту судна разам з грузам. Нескладана здагадацца, што ахвочых працаваць сабе ў страту давядзецца шукаць днём з агнём.
Не прарвуць блакаду і расійскія караблі. Згодна з пятым пакетам санкцый Еўрасаюза, расійскім караблям і «караблям, што кіруюцца расійскімі аператарамі», забараняюць заходзіць у парты дзяржаў-чальцоў Еўрасаюза. Будуць накладзеныя абмежаванні і на «расійскіх і беларускіх аператараў аўтамабільнага транспарту».
«Гэта праца будзе працягнутая»
«Мы дзейнічаем згодна з планам, а план у нас па сітуацыі», — растлумачыў Уладзімір Пуцін перспектывы «спецаперацыі» на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з германскім канцлерам Олафам Шольцам.Гэтым жа прынцыпам, мяркуючы па шматлікіх паведамленнях у дзяржаўных СМІ, кіруюцца сцэнарысты і рэжысёры-пастаноўшчыкі шоу-балета «беларуская мадэль развіцця».
Прыгажосць выратуе свет. Яна вакол — толькі расплюшчыце вочы: прыгажосць развароту на ўсход, прыгажосць імпартазамяшчэння і іншыя прыгажосці эканамічных і сацыяльна-палітычных інавацый зачароўваюць сёння многіх на бязмежных прасторах Саюзнай дзяржавы.
Не даводзіцца сумнявацца, што за «залатымі пёрамі» беларускай прапаганды не заржавее. Звернемся да «самай саліднай газеты» краіны. На яе сайце ў 2021 годзе было апублікавана 248 артыкулаў, якія змяшчаюць слова «імпартазамяшчэнне», што адпавядае 21 артыкулу на месяц. У 2022 годзе папулярнасць разваг на тэму прыгажосці імпартазамяшчэння рэзка пайшла ўгару: студзень — 26, люты — 37, сакавік — 117 і за восем дзён красавіка — 33 артыкулы!
Не за гарамі вяртанне ў паўсядзённае жыццё папулярнага ў гады майго юнацтва слогана: «У кого кроссовки “Лида”, тот похож на инвалида». У тым, што мілае аўтару мінулае можа стаць недалёкай будучыняй мільёнаў, пацвярджае наступнае выказванне міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава:«Імпартазамяшчэнне сёння — галоўная тэма для нашых вытворцаў. Заўсёды эканоміка краіны была арыентаваная на імпартазамяшчэнне і забеспячэнне паліц уласнай прадукцыяй у максімальным аб’ёме. Гэтая праца будзе працягнутая. Але на фоне санкцыйнага ціску відавочна, што групаў тавараў, прапанаваных да засваення ў Беларусі, будзе больш. МАРГ таксама адпрацоўвае з улікам павеваў новыя таварныя групы, якія ўводзяцца ў праграмы па імпартазамяшчэнні».
Па кветках яблыкаў не лічы
На шчасце, правам запаўняць інфармацыйную прастору надзеленыя не толькі ўладальнікі міністэрскіх кабінетаў. Дам слова расійскаму прадпрымальніку Іллю Піскуліну: «Заўсёды ёсць і куды расці, і куды падаць. Калі нас там яшчэ не было, то гэта не значыць, што ніхто і ніколі не можа там аказацца».
Праблема гэтага моманту для «Беларускай мадэлі развіцця» заключаецца ў нявызначанасці напрамку яе руху. За студзень-люты ВУП падрос на 1,2% адносна аналагічнага перыяду мінулага года. Калі ўспомніць, што годам раней рост за студзень-люты склаў 0,9%, то ў наяўнасці паскарэнне. І гэта ва ўмовах вельмі жорсткіх санкцый!Не выключана, што мае рацыю аптыміст, які заявіў днямі наступнае: «Для нашых краін сапраўды адкрываюцца новыя вокны магчымасцяў. З сыходам заходніх кампаній з рынку Саюзнай дзяржавы вызваліліся найвелізарныя нішы, якія нам трэба будзе асвоіць».
Аднак, як кажа народная мудрасць, па кветках яблыкаў не лічы. Бо не той хлеб, што на полі, а той, што ў гумне. Згодна з прагнозам цэнтральнага банка Расіі, у першым квартале варта было чакаць паскарэння расійскай эканомікі да 5,5%. Шчаслівы, хто верыць. Прагноз быў апублікаваны 21 лютага, гэта значыць «да таго». Што ж тычыцца «пасля таго», то, на думку большасці аўтарытэтных расійскіх і замежных аналітыкаў, падзенне ВУП па выніках года складзе ад 10% да 15%.
Не стану грашыць супраць ісціны і сцвярджаць, што ў эканоміцы з двухзначным падзеннем ВУП «нас яшчэ не было». У 1994 годзе беларускі ВУП скараціўся на 11,7%, а ў 1995 годзе — на 10,4%. Лёсавызначальныя былі гады, «ліхія» — і запомніліся яны не толькі рэкордным падзеннем галоўнага эканамічнага паказчыка.
Выспятак Перабудовы спарадзіў працэсы, што кардынальна змянілі 1/6 частку сушы. Да якіх наступстваў прывядзе выспятак «спецыяльнай ваеннай аперацыі», сёння можна толькі здагадвацца. Тым не менш аўтар гэтага опуса цалкам падзяляе меркаванне галоўнага публічнага чалавека рэспублікі-партызанкі наконт таго, што «з пачаткам расійскай аперацыі ва Украіне завяршылася цэлая гістарычная эпоха».