Ціханоўская звярнулася да расіян: Вашымі падаткамі будуць аплачаны нашыя пабоі
Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю аб крэдыце, які Пуцін мае намер даць Лукашэнку.
Прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай распаўсюдзіла каментар экс-кандыдаткі на пасаду прэзідэнта Беларусі.
«У мяне шмат хто просіць даць каментар з нагоды крэдыту, які Пуцін мае намер даць Лукашэнку. Я спадзяюся, што Пуцін разумее, што менавіта Лукашэнка, а не наш народ, павінен будзе аддаваць гэты крэдыт. Мой каментар — гэта зварот да грамадзян Расіі: "Дарагія расіяне! Вашымі падаткамі будуць аплачаны нашыя пабоі. Мы ўпэўненыя, што вы гэтага не хацелі б". Агонію Лукашэнкі гэта можа падоўжыць, але перамогі народа прадухіліць не зможа».
Раней Святлана Ціханоўская звярнулася да Уладзіміра Пуціна:
«Я хачу нагадаць Уладзіміру Пуціну: што б вы ні прынялі і пра што б вы ні дамовіліся падчас сустрэчы ў Сочы — гэта не будзе мець законнай сілы. Усе дамовы, падпісаныя з нелегітымным Лукашэнкам, будуць перагледжаны новай уладай. Таму што беларускі народ адмовіў Лукашэнку ў даверы і падтрымцы на выбарах. Я вельмі шкадую, што вы вырашылі весці дыялог з узурпатарам, а не з беларускім народам».