Хадаркоўскі: Пуціну Данбас не трэба, Пуцін хоча вызначаць лёс свету (відэа)

Некалі — адзін з самых багатых людзей сучаснай Расіі. Пасля — адзін з яе самых вядомых палітычных вязняў. На актуальныя пытанні на прэсавай канферэнцыі ў Лондане адказаў Міхаіл Хадаркоўскі.

Вораг пуцінскай Расіі – не краіны, але рэжыму. Міхаіл Хадаркоўскі, былы кіраўнік самай вялікай расійскай нафтавай кампаніі, у пэўнай ступені мае права ацэньваць дзеянні кіраўніка Крамля. У Лонданскім «Chatham House» ён выступіў у межах штогадовай расійскай лекцыі.

«Што б ні спрабавала нам паказаць крамлёўская прапаганда і крамлёўскія піяршчыкі, Пуцін — не супермен, і дакладна не ўвойдзе ў гісторыю як герой. На экране тэлевізара ён можа змагацца з мядзведзямі, лётаць з пералётнымі птушкамі і паляваць з тыграмі. Але гэта суцэльная фантазія. Пуцін з аголеным торсам — гэта не моцны лідар, а голы кароль. Відавочна, што для Пуціна наступіла глыбокая восень. Аднак гэтая восень можа быць доўгай. Расіі трэба будзе доўга стаяць пры ложку хворага імператара, з жахам назіраючы агонію рэжыму», — падкрэсліў Хадаркоўскі.

Гэты працэс згасання будзе надзвычай балючы для грамадзянаў Расіі і небяспечны для міжнароднай супольнасці, заўважыў былы расейскі палітвязень.


На ягонае меркаванне, Пуціну не патрэбны Данбас — кіраўнік Расіі хоча вызначаць лёс свету ў перамовах з прэзідэнтам ЗША. «Растлумачыць яму (Пуціну — Belsat.eu), што сёння лёс свету гэтак вызначаць ужо немагчыма, пакуль нікому не ўдаецца. Данбас і Украіна ў цэлым — толькі інструмент у дасягненні гэтай мэты. Таму я мяркую, што частковыя саступкі яго не задаволяць», — выказаўся Хадаркоўскі.

 belsat.eu