«Брэнд» дыктатуры, але вечнасць дэмакратыі
Можа, Міністэрству замежных спраў узяць на перавыхаванне прэзідэнцкую прэс-сакратарку? Хай прасуне на еўрапейскі рынак што-небудзь пад брэндам «дыктатура»! І паспрабуе патлумачыць потым свайму патрону (не Макею), што: «Ах, у свеце паўстане, не сёння, дык заўтра!»
Было шмат злосных каментароў на прамову прэс-сакратаркі кіраўніка дзяржавы Наталлі Эйсмант пра дыктатуру. Яе парвалі на цытаты, але, дзеля аб’ектыўнасці, прывядзем яе выказванне хіба не цалкам.
«Дыктатура — вельмі цікавае слова на сёння. Яно так па-рознаму ўспрымаецца ... Гэта нейкая незвычайная тэндэнцыя, пра якую я досыць часта думаю. Бо мы гэта слова сапраўды ўжываем у цалкам розных сэнсах. Часам з такім сатырычным адценнем. А часам мне здаецца, што сёння, у 2019 годзе, слова дыктатура ўжо часам набывае нейкае пазітыўнае адценне… Мы бачым, што адбываецца вакол, — хаос, часам беспарадак. Часам мне здаецца, што не сёння дык заўтра, але паслязаўтра дакладна ў свеце можа паўстаць запыт на дыктатуру. Таму што за дыктатурай у нашым сённяшнім разуменні у першую чаргу мы бачым, на мой погляд, парадак, дысцыпліну і абсалютна нармальнае і спакойнае жыццё. Ну што казаць. Мне здаецца, што мы ўжо так часта вымаўляем гэта слова, што дыктатура — гэта ўжо наш брэнд».
Спадар Макей пералякнуўся. Ад Чэмпіянату свету па хакеі 2014 да Еўрапейскіх гульняў, што павінны ў нас адбыцца, ён пераконваў: «Мы — не дыктатура!». І нават двое апазіцыянераў у парламенце. А тут вылазіць Эйсмант са сваёй заяваю.
Думаць Эйсмант можа як заўгодна і чым заўгодна. Канстытуцыяй не забаронена. Але… У якім слоўніку ёсць «пазітыўнае адценне» дыктатуры? Паводле слоўніка Ушакова, дыктатура ёсць «нічым не абмежаваная дзяржаўная ўлада, якая абапіраецца на сілу пануючага класа».
Добра, калі Эйсмант (пакуль) у «пануючым класе». А як яна адтуль вылеціць? Пры Аляксандру Рыгоравічу гэта хутка робіцца.
«У нашым сённяшнім разуменні», — дадае Эйсмант пра дыктатуру. Выбачайце, у чыім «нашым»? Не ў маім. І не ў Статкевіча. І не ў Някляева. І, дарэчы, калі не браць палітыку — каля мільёна беларусаў за мяжой працуюць. А 70% моладзі, што жадаюць з’ехаць з краіны, бо не бачаць тут перспектыў? Відавочна, што «нашае» ў прэс-сакратаркі кіраўніка — «пануючы клас».
Наконт «парадка, дысцыпліны і нармальнага спакойнага жыцця». У прэс-сакратара прэзідэнта жыццё спакойнае. Бо яна бачыць тое, што хоча бачыць з вакенца персанальнага аўто. Што ж зробіш — «пануючы клас»!
Але ўзнікае пытанне: дзе была спадарыня Эйсмант пад час «Вялікай размовы» яе шэфа? Колькі пытанняў там было ўзнята? Колькі адказаў недаатрымана? Ад глабальнай сельскай гаспадаркі да лакальных спартовых залаў? Яна гэта не чула? Якое ў нас «спакойнае жыццё»?
«Парадак і дысцыпліна»? Дня не мінуе, каб мы не чулі пра карупцыянераў. Аднаго ўзялі, другога пасадзілі… Дзе парадак? Дзе дысцыпліна? Дзе спакойнае жыццё, калі за 10 гадоў (пакаленне вырасці не паспела!), з 2009 года… Колькі ў нас было дэвальвацый? Хто падлічыць? Парадак? Дысцыпліна? Стабільнасць?
І тое, што ўсе выносілі ў загалоўкі. «Дыктатура — наш брэнд». Брэнд, у сучасным разуменні — азнака тавару (паслугі) у свядомасці пакупніка, які вылучае яго ў шэрагу канкуруючых.
І зноў вернемся да Макея. Аляксандр Рыгоравіч неаднаразова патрабаваў, каб беларускую прадукцыю прасоўвала і Міністэрства замежных спраў у тым ліку. Можа, ім трэба ўзяць на перавыхаванне прэзідэнцкую прэс-сакратарку? Хай прасуне на еўрапейскі рынак што-небудзь пад брэндам «дыктатура»! І паспрабуе патлумачыць потым свайму патрону (не Макею), што: «Ах, у свеце паўстане, не сёння, дык заўтра!»
У тым і справа, што не паўстане. Свет дыктатуры наеўся па самае не балуй. І таму выпрацаваў «стрымліваючыя стрыжні» кшталту прадстаўнічай дэмакратыі.
І Канстытуцыі. Асноўнага закону, што абмяжоўвае ўсё і ўся. Паўнамоцтвы парламента, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, судоў, карных і праваахоўчых органаў. А галоўнае — гарантуе грамадзянам краіны выкананне іх правоў (не здымаючы з іх абавязкаў).
Каб жыццё было сапраўды «нармальным і спакойным», як казала спадарыня Эйсмант, трэба было б… Проста выконваць Канстытуцыю.
Не «дыктатура» прыводзіць да нармальнага і спакойнага жыцця. А якраз наадварот. Дэмакратыя, дзе празрыстыя законы, і ўсе перад імі роўныя, і няма ніякіх «пануючых класаў». Дзе бізнес абаронены незалежнымі судамі. Дзе абраны парламент думае пра законы ў інтарэсах народа (а інакш яго не пераабяруць). Дзе кіраўнік дзяржавы не можа сказаць пра тое, што частка тэрыторыі яго краіны — «практычна руская зямля». І ўрэшце, дзе законы — адны для ўсіх.
Канстытуцыі, законы — вечныя. Статут ВКЛ і «рымскае права» перажылі не адно стагоддзе. А хто за тры секунды ўзгадае хаця б аднаго дыктатара XVI стагоддзя (акрамя гісторыкаў, канешне)?
Закон і ёсць «стабільнасць і парадак», паводле Эйсмант. А «дыктатура» — якраз хаос і беспарадак. Калі дыктатар за нечым недаглядзеў — утвараецца хаос. А калі ён (эх, не вечныя мы ўсе!), раптам сыйдзе ў лепшы свет? Эйсмант пойдзе за «дыктатурай»?