Арцём Шрайбман: Калі рускі фронт сыплецца як картачны домік, у іх інфаполі дзеецца татальны разрыў шаблонаў
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман — пра розніцу ў рэакцыях на ваенныя паразы з боку ўкраінцаў і расійцаў.
Цікавы кантраст заўважны, калі сочыш за інфапрасторай Украіны ў момант адступлення яе арміі і за расійскім, калі яны адступаюць, — піша Арцём Шрайбман у сваім тэлеграм-канале. —
Украінцы, іх лідары меркаванняў, уключаючы самых
турбапатрыятычных, ведаюць, што ваююць з сур'ёзным і небяспечным ворагам. Таму
адступленні, каб захаваць войскі, успрымаюцца як хваравітая, але чаканая частка
вайны. У інфапрасторы былі і смутак, і дэпрэсія, але ніякіх гаротных настрояў і
пошуку ўнутраных ворагаў.
Калі рускі фронт сыплецца як картачны домік, у іх інфаполі дзеецца татальны разрыў шаблонаў і крык пра здраднікаў, некампетэнтнае
кіраўніцтва, паралелі з горшымі паразамі ў расійскай гісторыі. Абсалютная здрада
з рэдкімі спробамі супакоіць саміх сябе.
Гэта следства задранай планкі ганарлівасці, посыпанага зверху шавінізмам у дачыненні да навакольных (Захаду і былых калоній). Уся
гэтая ўра-патрыятычная расійская масавая культура апошніх гадоў, дзе Расія можа
толькі перамагаць — хоць у спорце, хоць у вайне, уся прапаганда пра «мы не
пачынаем войны, мы іх заканчваем», увесь гэты мілітарызм з мульцікамі пра
ракеты, якія хутчэй за хуткасць святла.
Што ў выніку? Паразы падаюць на жудасна не падрыхтаваную да
гэтага палітычную глебу. У непадкантрольным Крамлю калявайсковым інфаполі вырас і, здаецца, дамінуе лагер правых радыкалаў, чарнасоценцаў і імперцаў,
якія патрабуюць чыстак унутры краіны і мабілізацыі.
Як можа адказаць на гэта сістэма? Першы варыянт — прагнуцца
пад іх патрабаванні і ўсё-ткі зладзіць поўную мабілізацыю, то-бок укінуць краіну ў
тую ж смуту, якая прывяла да падзення Расійскай імперыі з мільёнамі ўзброеных
людзей, якія не жадаюць ваяваць.
Другі варыянт — пачаць зачыстку вельмі правага флангу
Гіркін-Малафеевых. Гэта больш звыкла і больш зразумела для рэжыму, але гэтыя людзі і
іх прыхільнікі — ідэалагічны авангард гэтай вайны, у іх куча сімпатызантаў у
войску і ФСБ.
Рэпрэсіі супраць ідэолагаў дэзарыентуюць гэтых пасіянарных
прыхільнікаў вайны. Гэта значыць, што набіраць добраахвотнікаў будзе яшчэ
складаней, а ўнутры элітаў як у Маскве, так і на акупаваных тэрыторыях пачнуцца
фобіі на тэму, каго з хаўруснікаў Крэмль наважыць пусціць у расход у якасці
наступнага жэсту добрай волі.