Алесін: Калі б пачаўся канфлікт паміж NАТO і Расіяй, першымі б «згарэлі» Беларусь і Польшча

На мяжы Беларусі і Польшчы сабраліся тысячы мігрантаў, якія жадаюць прарвацца ў Еўропу, гэта пагражае адкрытым супрацьстаяннем.

Фота з сайта www.unn.com.ua

Фота з сайта www.unn.com.ua

Больш за тыдзень працягваецца вайна нерваў на беларуска-польскай мяжы. Тысячы мігрантаў, галоўным чынам з Іраку, качуюць на мяжы, чакаючы, калі Польшча прапусціць іх у Еўрасаюз, дзе яны імкнуцца шукаць лепшае жыццё. Польскія палітыкі з кіроўнай партыі называюць дзеянні рэжыму гібрыднай вайной і бачаць ва ўсім руку з Масквы, піша www.polskieradio.pl.

У Польшчы мяркуюць, што гэта штучна створаны міграцыйны крызіс, які на руку рэжыму Лукашэнкі, паколькі той зацікаўлены ў перамяшчэнні фокуса ўвагі як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці з унутраных праблем Беларусі. У самой краіне, нягледзячы на разгон пратэстаў і масавыя рэпрэсіі, няма згоды на прызнанне кіраўніком краіны чалавека, які прайграў прэзідэнцкія выбары, але не жадае ў гэтым прызнацца.

У канцы траўня Лукашэнка заявіў, што ўлады больш не будуць затрымліваць нелегалаў, якія спрабуюць праз Беларусь трапіць на тэрыторыю ЕС. У пачатку восені істотна павялічылася колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу ў Мінск. Цяпер тысячы мігрантаў аказаліся ўцягнутыя ў пастку, якую расставіў на іх Лукашэнка. А пакутуюць польскія памежнікі і паліцыянты, якім прыходзіцца стрымліваць галодны, замёрзлы і раззлаваны натоўп людзей. Сёння на іх напала некалькі соцень агрэсіўных мігрантаў, — кажа прадстаўнік паліцыі Падляшша Томаш Крупа.

— Гэтая атака пачалася на пагорку. У польскіх паліцыянтаў паляцелі камяні, але таксама светлашумавыя гранаты. Мы падазраём, што гэтыя гранаты кідалі з нейкіх самапалаў, каб яны даляцелі прама пад ногі польскіх супрацоўнікаў паліцыі. Пазней бойка перанеслася на пагранпераход. Жанчын і дзяцей забралі, а паявіліся агрэсіўныя маладыя мужчыны, якія больш за гадзіну кідалі ў польскіх паліцыянтаў камяні.

Паліцыі прыйшлося ўжыць вадамёты, адзін паліцэйскі быў цяжка паранены. Прэс-сакратар паліцыі адзначае, што трэба чакаць чарговыя спробы прарвацца праз мяжу. Ідуць халады, людзі без адпаведнай вопраткі, харчавання і палатак проста не вытрымаюць на паветры доўгі час, тым больш, што сярод мігрантаў шмат жанчын ды дзяцей. Таму яны будуць старацца ўсімі сіламі прарвацца ў Еўропу, дзе іх не жадаюць прымаць. Германія, якая з'яўляецца цэллю большасці гэтых людзей, заявіла аб сваёй салідарнасці з палякамі.

Польскія палітыкі з кіроўнай партыі называюць дзеянні рэжыму гібрыднай вайной і бачаць ва ўсім руку з Масквы…

Гарачыя галовы пачынаюць ужо казаць пра магчымасць узброенага канфлікту паміж НАТА і АДКБ, паколькі Польшча, Літва і Латвія патрабуюць абмеркаваць выкарыстанне 4-га артыкулу Паўночна-атлантычнага альянсу, у якім гаворка ідзе пра калектыўную абарону чальца НАТА ў выпадку вонкавай пагрозы. Ці сапраўды на мяжы Польшчы і Беларусі можа здарыцца гарачы канфлікт?

На думку вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, Лукашэнка добра разумее, што ў такім выпадку першымі дзяржавамі, якія б пацярпелі наймацней, былі б менавіта гэтыя дзве краіны. Таму ён не імкнецца да сутыкнення двух ваенных блокаў, а да пастаяннага хаосу і дэзарганізацыі, у выніку чаго лідары ЕС могуць пагадзіцца на перамовы з ім як з кіраўніком дзяржавы.

Лукашэнка павышае стаўкі. Ён вайны не хоча, ён разумее, што Еўропа вайны не хоча, ЗША вайны не хоча, яны занятыя цяпер Кітаем. Ён хоча, каб з ім уступілі ў перамовы як з галавой дзяржавы. Гэта яго асноўная мэта, у якой падтрымлівае яго і Пуцін, які ж сказаў Меркель, каб размаўлялі з Лукашэнкам Наўрад ці ён імкнецца да вайны, ён разумее, што ў выпадку вайны першымі дзяржавамі, якія «згараць», стануць Беларусь і Польшча. Ад іх нічога не застанецца. Цяпер абодва бакі пыжацца, але пры сур’ёзным канфлікце, калі будуць наносіцца ўдары, у тым ліку і тактычнай ядзернай зброяй, нашы тэрыторыі будуць разглядацца выключна як поле бою.

Пакуль што няма гаворка пра ваенныя дзеянні, але калі далей у польскіх салдат і памежнікаў будуць ляцець камяні і светлашумавыя гранаты, у кагосьці могуць не вытрымаць нервы і пачнецца перастрэлка, а кулі могуць заляцець і на тэрыторыю Беларусі, на што адкажуць беларускія сілавікі.