Алесь Лагвінец: Сілавікі ўжо асабліва не рэагуюць на бел-чырвона-белы сцяг

Намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, якога не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў кампаніі.

lagvinec2.jpg


Алесь Лагвінец распавёў “Радыё Рацыя” пра перадвыбарчую кампанію:

— Пра станоўчыя моманты складана казаць, бо, як мне падаецца, у параўнанні з папярэднімі кампаніямі нічога асабліва не змянілася. Збор подпісаў быў самай ліберальнай часткай кампаніі за ўсе часы. Цяпер з’явілася больш прыгожых слоў, авансаў, хоць гэта — пустыя авансы. Напрыклад, калі старшыня ЦВК кажа, што парламент — месца для дыскусій, яна дэ-факта супярэчыць кіраўніку краіны.

Але зараз я ўбачыў, што сілавікі асабліва не адрэагавалі на бел-чырвона-белыя сцягі, якія мы ўзнялі, а гэта ўжо нешта новае. Зрэшты, я б больш распавёў пра пагаршэнне ўмоваў вядзення кампаніі на сваім асабістым прыкладзе.

— Што б вы тут адзначылі?

— Нельга агітаваць на мастах, праезнай частцы дарог, ставіць пікеты блізка да школьных устаноў. Гэтага раней не было ў папярэдніх рашэннях Мінгарвыканкама. Трэба таксама ставіць у вядомасць пэўныя органы пра свае пікеты. Падчас збору подпісаў нельга распаўсюджваць друкаванай прадукцыі і агітаваць. Але што такое агітацыя? Пераконваць падпісацца — гэта агітацыя? Я ж распаўсюджваю інфармацыю пра сябе, калі збіраю подпісы. І чаму бясплатны распаўсюд зарэгістраванай газеты забаронены? Які тут подкуп выбаршчыка?

Таму са станоўчага можна сказаць толькі пра рыторыку ўладаў, а рэальнасць — тая самая.

Паглядзіце на склад камісій. Там тыя самыя людзі, што і раней, і яны чакаюць загаду зверху. Яны не здольныя нават нармальна адрэагаваць, калі да іх звяртаешся. Калі я напісаў скаргу на вынесенае папярэджанне, прыйшоў у акруговую камісію і папрасіў скапіраваць дакументы, якія тычыліся маёй справы, то мне спужаны настаўнік іх не даў на той падставе, што, маўляў, ключы ад сейфа ў старшыні, а старшыні няма. Уся тая ж закрытая сістэма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя