Акно магчымасцяў
Краіна ўжо другі тыдзень жыве ва ўмовах нявызначанасці. Расія і Беларусь не ўзгаднілі кантракт па пастаўках нафты, таму наш «саюзнік» перакрыў вентыль. Расія спыніла пастаўкі сыравіны на беларускія НПЗ. Тыя працягваюць работу, але іх загрузка зніжаная да мінімальнага тэхналагічнага ўзроўню.
Мы вымушаныя круціцца. Ужо заключаныя кантракты з «Транснафтай», якая паставіць на нашы заводы 133 тысячы тон нафты. Падключыўся сябар Лукашэнкі Міхаіл Гуцырыеў, яго «РусНафта» і «Нафтыса» таксама дадуць аб’ёмы для перапрацоўкі — спачатку «Нафтану», потым і Мазырскаму НПЗ. І гэта не дзіва, бо адным з акцыянераў прадпрыемства ў Мазыры з’яўляецца «Слаўнафта», кіраўніком якой калісьці быў той самы Гуцырыеў.
Увогуле, дзіўная сітуацыя. Атрымліваецца, што «Газпром Нафта» і «Раснафта», якія валодаюць зараз «Слаўнафтай», ствараюць праблемы для свайго ж структурнага падраздзялення. У іх — амаль палова (42,58% акцый) Мазырскага НПЗ, і яны адмаўляюцца пастаўляць сыравіну свайму ж (напалову) прадпрыемству. Гэта яшчэ раз пацвярджае: нафта ў Расіі — катэгорыя не эканамічная і не сыравінная, а палітычная. І яе пастаўкі — палітычная зброя, што не падпарадкоўваецца эканамічным інтарэсам, падавалася б, камерцыйных кампаній.
Але што мы бачым — дакладней, чаго не бачым, — у гэтай сітуацыі? Галоўнае, чаго мы не пабачылі, — неба на зямлю не звалілася. Катастрофы не адбылося. Краіна нармальна адсвяткавала Новы год, адзначыла праваслаўнае Раство, адкалядавала. Бензін па талонах прадаваць не сталі, тэмпература ў кватэрах не знізілася (хаця, з такім надвор’ем, маглі б тапіць і меней), цягнікі ходзяць, грамадскі транспарт працуе па графіку. Дык ці крытычная для жыцця краіны тая самая «танная нафта», без якой, як думалі многія, Беларусь загнецца? Ці вартая яна разнастайных інтэграцыйных картаў, якія мы падпісвалі, уласна, з-за той самай нафты? Ці варта дзеля яе гандляваць суверэнітэтам?
Затое чарговым разам нам было прадэманстравана на ўласным досведзе: крызіс — гэта не толькі нястачы, але і акно магчымасцяў. Першую магчымасць ужо нават скарысталі — заключаць кантракты на пастаўку сыравіны наўпрост з пастаўшчыкамі, а не выкарыстоўваць для гэтага міжурадавыя пагадненні. Канешне, так будзе даражэй, але што можа быць даражэйшае за незалежнасць?
Эксперты ўсур’ёз абмяркоўваюць праекты, якія раней падаваліся выключна фантастыкай. Напрыклад, рэверс нафтаправоду «Дружба» — каб нафта пастаўлялася не з Беларусі ў Польшчу, а з Польшчы ў Беларусь. Гэтая нафта таксама будзе даражэйшая, бо, фактычна, гэта «рээкспарт» расійскай жа сыравіны на нашы НПЗ. Аднак вялікі плюс у тым, што пастаўкі пры гэтым не абумоўленыя рознымі інтэграцыйнымі планамі.
Задумаліся і над варыянтам паставак нафты з Азербайджану і Казахстану. Прычым, не толькі звыклым марскім шляхам праз Украіну, але і транзітам праз Расію. У Крамлі паскрыгочуць зубамі, але наўрад ці перакрыюць транзіт — інакш мы адкажам адэкватна (сёння, нягледзячы на нашы праблемы, транзіт расійскай нафты ў Еўропу не спынены і ідзе ў звычайным парадку).
Літоўскія кампаніі ўжо выказалі гатоўнасць перавозіць у Беларусь да трох мільёнаў тон нафты на год. У пастаўках нафты для Беларусі могуць быць задзейнічаныя кампанія Кlaipedos nafta з тэрміналам па прыёме сыравіны і марскі порт Клайпеды. Для арганізацыі паставак Літве трэба максімум два тыдні, за гэты час беларусы павінны адправіць літоўцам заяўку, а таксама цыстэрны.
Што да загрузкі нашых НПЗ бліжэйшым часам, то, пакуль ёсць «вольныя» магутнасці, нашы заводы могуць не ствараць тавар, а аказваць паслугі. То-бок, перапрацоўваць тую ж самую «давальніцкую» нафту, з адпраўкай нафтапрадуктаў замоўніку. Канешне — за грошы. Тым больш, што досвед такой працы ў іх ёсць — трэба толькі накіраваць адпаведныя прапановы зацікаўленым бакам. А для нас плюс не толькі ў грошах, але і ў неперарыўнасці цыклу працы прадпрыемстваў.
І, безумоўна, пакуль няма нафты — самы час для ўсялякіх прафілактычных работ і чарговага цыклу мадэрнізацыі прадпрыемстваў. У тым ліку і канчатковай ліквідацыі наступстваў трапляння на нашы заводы «бруднай нафты» з Расіі ў красавіку 2019 года. Дарэчы, за гэты інцыдэнт з намі таксама яшчэ не разлічыліся.
Карацей, нафты навокал, насамрэч, — заваліся. Трэба толькі час і грошы, каб наладзіць гэтыя пастаўкі. Канешне, усе гэтыя варыянты — даражэйшыя за «субсідаваную» Расіяй сыравіну. Але вялікі плюс (не стамлюся гэта паўтараць) у тым, што гэтыя варыянты не прадугледжваюць ніякай «паглыбленай інтэграцыі». Толькі бізнес — і нічога лішняга.
Хто ведае, можа быць, такімі тэмпамі ўзгадаюць і выказаную чвэрць стагоддзя таму Партыяй БНФ ідэю Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара, які б праз краіны Балтыі, Беларусь і Украіну (мажліва, і Польшчу) звязаў бы парты Чорнага мора з Балтыкай? Цяпер, гледзячы на праблемы з нафтавымі пастаўкамі і ідэі рэверсу «Дружбы», тая думка падаецца ўжо далёка не фантастыкай.
Шкада толькі, што мы страцілі 25 гадоў, сцвярджаючы, што няма альтэрнатыў Расіі, і гэтыя альтэрнатывы папросту не шукалі. Ці будзем паўтараць памылкі?