Куды ідзе Беларусь?

Куды ідзе Беларусь? Адказ на гэтае цяжкае пытанне спрабавалі знайсці палітолагі і гісторыкі, запрошаныя на міжнародную канферэнцыю ў Кракаў. Дыскусія аб сцэнарах развіцья падзеяў у Беларусі адбылася ў рамках міжнароднай канферэнцыі «Расія і яе суседзі», што прайшла ў славутым Ягелонскім універсітэце.



balans.jpg

Сітуацыя ў Беларусі можа развівацца паводле трох сцэнароў — лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.

А. Лагвінец: Першы зь іх — гэта азербайджанскі сцэнар, калі кіраўнік, які губляе здароўе, перадае ўладу свайму старэйшаму ці малодшаму сыну. Другі варыянт — гэта збліжэнне з краінамі ЕС і дэмакратызацыя Беларусі. Да канца не  выключаны трэці сцэнар — гэта павелічэнне прысутнасьці Расеі і нават уключэнне Беларусі ў той ці іншай форме ў Расійскую Федэрацыю.

Але гэты варыянт мне падаецца найменш праўдападобным. За 20 гадоў беларусы адчулі смак незалежнасці, і расійскія грошы не ўсё вырашаюць.

За 15 гадоў Расея ўпампавала ў Беларусь больш за 50 мільярдаў даляраў. Танныя расійскія нафта і газ дазваляюць беларусам зарабіць дадатковыя 15% да свайго валавага ўнутранага прадукту. Аднак нягледзячы на шчодрую падтрымку Масквы, ўсё менш беларусаў хочуць інтэгравацца з Расеяй. Доля тых, хто хоча далучыцца да Еўрасаюза сёння значна большая і перавышае 40% — заявіў Алесь Лагвінец. Чым можна патлумачыць такі парадокс?

А. Лагвінец: У палітыцы не ўсё вызначае эканоміка. Шмат для каго з беларусаў выбар Еўрапейскага саюза з'яўляецца выбарам цывілізацыйным. Але ёсць і іншыя прычыны.

Расійскую падтрымку шмат хто з беларусаў успрымаюць як падтрымку непасрэдна Аляксандру Лукашэнку. А гэтая асоба ўжо не такая папулярная. Таму наўпроставай сувязі паміж падтрымкай Расіі ды большымі сімпатыямі да Расіі больш няма.

Лукашэнка можа гуляць на супярэчнасцях паміж Захадам і Расіяй ды атрымліваць нафтагазавыя пернікі ад Масквы яшчэ доўгі час — лічыць Алесь Лагвінец. Пераменам не спрыяюць кліентэлісцкія настроі насельніцтва, якое ня верыць, што пасля Лукашэнкі будзе адназначна лепш. Не спрыяе ім і слабы давер да апазіцыі. Дэмакратычныя перамены будуць вынікам паступовых зменаў у самім грамадзтве — робіць выснову эксперт.

А. Лагвінец: Мажлівасці для балансавання паміж Захадам і Усходам не вычарпаныя, таму што гэтыя супярэчнасці нарастаюць. Зразумела, што дэмакратыя і павага да правоў чалавека не наступяць за адзін дзень. Вельмі важна, каб большасць беларусаў гэтага захацела і была гатовая бараніць свае правы. Усё менш беларусаў памятаюць пра савецкія часы.

Я думаю, што перспектыва паўстання крытычнай масы грамадзянаў, якія крытычна адносяцца да ўладаў і гатовыя бараніць свае правы, расце.

Падобнай думкі прытрымліваецца і польскі эксперт Мілаш Папля. Спадзявацца на тое, што Лукашэнка дэмакратызуецца нельга. Таму Еўрасаюз павінен дапамагаць самому беларускаму грамадству еўрапеізавацца.

М. Папля: Беларусы павінны дабіцца дэмакратычных і рынкавых пераменаў самі. Ніхто за іх гэтага не зробіць. Змяніць рэжым у Беларусі Еўрасаюз ня ў стане. Ён можа толькі падказаць добры накірунак ў эканамічным і палітычным развіцці, дапамагчы ў гэтым.

Дэмакратычныя нормы паводзінаў павінны сфармавацца ў самім грамадстве, каб пасля таго, як аўтарытарны рэжым упадзе, Беларусь не пагрузілася ў хаос.

Трэба еўрапеізаваць грамадзтва — каб яно пераймала еўрапейскія ўзоры сацыяльнай рынкавай эканомікі і дэмакратыі, каб яно адыходзіла ад аўтарытарызму, які абмяжоўвае патэнцыял людзей.

За апошнія сем гадоў канфлікты паміж Мінскам і Масквой успыхвалі не раз. Эканамічныя падарункі ад Масквы выбіваць становіцца ўсё цяжэй.

Ці можа Расію ў ролі донара Аляксандра Лукашэнкі замяніць Кітай?

Не — перакананы Мілаш Папля.

М. Папля: Кітай знаходзіцца занадта далёка. Кітайскія дзеянні ў Еўропе — гэта пакуль толькі зандаж сітуацыі. Як у Польшчы, так і ў Беларусі ў апошнія гады кітайцы спрабавалі інвеставаць, спраўдзіць, якія будуць прыбыткі. Развіццю кантактаў Мінска з Паднябеснай перашкаджае адсустнасць марскога порту, які неабходны для гандлёвага абмену з такім далёкім партнёрам. Акрамя таго, беларускі рынак у вялікай ступені кантралюецца Расіяй. Кітай пакуль не гатовы уступіць у адкрытую канкурэнцыю з Масквой у гэтым рэгіёне. Таму ён наўрад ці будзе сур’ёзна інвеставаць і развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю.

Будучыня Беларусі па-ранейшаму застаецца няпэўнай. Аднак беларусы бачаць пазітыўны прыклад «новых» краінаў-чальцоў Еўрасаюза, усё больш ездзяць туды, могуць параўноўваць жыццё на Захадзе і Усходзе. Беларускае грамадства паступова еўрапеізуецца і гэта дае надзею — лічаць эксперты.

Аляксандр Папко, radyjo.net