Споведзь гурта Naka: каманда выдае першы цалкам беларускамоўны альбом "Мая малітва"

Гурт Naka выпускае ў свет свой першы цалкам беларускамоўны альбом "Мая малітва", праца над якім стала сапраўдным выпрабаваннем.



cover_1.jpg

Работа над альбомам пачалася падчас суда па пазове Алега Моўчана супраць Насты Шпакоўскай за выкананне мулявінскай "Малітвы", за год стварэння альбома істотна абнавіўся склад гурта. Канцэртная прэзентацыя адбудзецца 8 сакавіка ў клюбе RE: PUBLIC.

"З гэтага выпрабавання мы выйшлі годна, сталі больш дарослымі па светаадчуванні, як пасля сапраўднай споведзі, больш узнёслыя і глыбокія, — кажа лідарка Naka Наста Шпакоўская. — Гэты альбом не супраціў ці даніна модзе на беларускасць. Ён пра любоў, душу і шчырасць. І гэта наш адказ на спробы "прыватызаваць" тое, што належыць усім, як, напрыклад, малітва".

Амаль усе песнi напісаныя адмыслова для гэтага альбома. Слухач знойдзе тут знаёмую "Музу" на верш Алеся Плоткі, і не адразу пазнае "Чакаем", якая здабыла электроннае гучанне замест традыцыйнага акустычнага. Калектыў па-новаму паклал на музыку верш Янкі Купалы "Мая малітва" і ўключыў у альбом песню "Ты пакліч мяне" на верш паэткі Яўгеніі Янішчыц. Нечаканым зрабіўся дуэт са Стасам Мытнікам (гурт «Акute») — песня «Не адпускай». Яшчэ адна адметнасць новага альбома — песня "Пра любоў", якая гучыць адразу на трох мовах — беларускай украінскай і рускай. Песня сталася своеасаблівым антываенным заклікам ад Naka, і раскладзеная на тры жаночыя галасы. Разам з Настай Шпакоўскай яе выконваюць Ганна Хітрык (гурт «Sounduk») і Святлана Бень (гурт «Серебряная Свадьба»). Гэтыя ж тры спявачкі зняліся ў кліпе "Пра любоў".

Гурт Naka таксама прэзентаваў відэаролік "Мая малітва", вядзецца праца над відэа на песню "Трывай". Naka рыхтуе канцэртны рэліз альбома на 8 сакавіка 2016-га года. Канцэрт адбудзецца ў клубе Re:Public і стане прэзентацыяй не толькі альбома, але і двух новых музыкаў у камандзе.

"Гэта пяты студыйны альбом Naka, песні да якога пісаліся лёгка. Аднак яго шлях да слухачоў ня быў просты, як не бывае простай кожная глыбокая і засяроджаная справа. Мы спадзяемся, што разам з намі ў шлях самадасканалення ў шырокім сэнсе выправяцца і слухачы "Маёй малітвы", — дадае Наста Шпакоўская.

naka_group_1.jpg

Даведка:

Гурт Naka творыць ужо 11 год. За гэты час каманда выпусціла 4 альбомы: «Тебе», «Пора», «Довольна», «Naka-piano", каля 20-ці відэакліпаў, дала канцэрты ў Беларусі, Расіі, Украіне і Літве, прыняла ўдзел у буйных фестывалях, сярод якіх "Крылья", «Окна открой», «Навальніца», "Нашествие". Салістка Наста Шпакоўская ў 2010 годзе атрымала тытул «Рок-княжна» цырымоніі ўзнагароджання лепшых рок-музыкаў Беларусі «Рок-каранацыя». На 2016 год запланаван рэліз беларускамоўнай плыткі, вядзецца праца над новымі песнямі.

www.naka.by