«Спасылка на Канстытуцыю адхіляецца»

 Суд тлумачыць, чаму ўзяў бок ідэолагаў. Але канцэрт Алеся Дзянісава з прэзентацыяй праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» усё адно будзе праведзены, і без дазволу ідэолагаў

snimok_18.jpg

Кіраўнік TuzinFM атрымаў пастанову апеляцыйнай інстанцыі Эканамічнага суду Менску, у якой патлумачана, чаму ідэолагі маюць права забараняць канцэрты. Тым ня менш, канцэрт Алеся Дзянісава ў Менску адбудзецца!

Разгляд апеляцыі ў справе «TuzinFM супраць ідэолагаў» прайшоў 20 верасня. Cуддзі Дзмітры Язвінскі, Святлана Марчук і Васіль Данілюк разглядалі скаргу кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна. У ёй аспрэчвалася рашэнне суду першай інстанцыі, які прызнаў законнымі дзеянні менскіх ідэолагаў у справе забароны канцэрту музыкі Алеся Дзянісава.

У суд дадаткова былі прадстаўленыя дакументы, якія дэманструюць, што на ранейшыя канцэрты Алеся Дзянісава ідэолагі выдавалі гастрольнае пасведчанне, а таксама доказы таго, што Алесь Дзянісаў браў удзел у канцэрце да 80-годдзя народнага артыста СССР Сяргея Картэса на асабістае запрашэнне юбіляра, матэрыялы СМІ, з якіх вынікае, што ідэолагі прымалі рашэнне аб «нізкім мастацкім узроўні выканання» Алеся Дзянісава на падставе тэкстаў. Ну і самі тэксты — афіцыйна выдадзеная кніга «Кароткая гісторыя Беларусі» сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Міжнароднага ПЭН-клубу Алеся Чобата.

Адвакат апелянта Сяргей Зікрацкі спасылаўся ў сваіх довадах на Канстытуцыю Беларусі, у якой вядзецца пра немагчымасць цэнзуры. Калі дапусціць нават тое, што твор мае нізкі мастацкі ўзровень, гэта аніяк не парушае інтарэсы нацыянальнай бяспекі, грамадскі парадак, ахову маралі, здароўя, правоў і свабодаў іншых грамадзян, — зазначаў абаронца. І наогул, Канстытуцыя, якая гарантуе свабоду выказвання, — вышэй за іншыя нарматыўныя акты, у тым ліку за кодэкс «Аб культуры», які па-сутнасці дае права ідэолагам цэнзураваць канцэрты.

Свабоду выказвання грамадзянам гарантуе і міжнародны пакт ААН «Аб грамадзянскіх і палітычных правах», да якога далучаная і Беларусь.

Адвакат таксама звярнуў увагу суда на тое, што і сама працэдура ацэнкі вартасці мастацкага ўзроўню была праведзеная з парушэннямі — ацэньвалася не выкананне, а тэксты песень; не былі ўказаныя крытэры ацэнкі, па якіх было прынятае такое рашэнне; адсутнічае заключэнне мастацкага савета, ёсць толькі пратакол пасяджання.

«Патлумачце, якім чынам мастацкі ўзровень Алеся Дзянісава знізіўся за два гады, бо ў 2015 годзе на яго канцэрт выдавалі гастрольнае пасведчанне, а ў 2017 адмовілі?» — пыталася суддзя ў ідэолага Шастакова. Той хваляваўся і нічога ўцямнага адказаць не здолеў, толькі схаваўся за свае паперкі.

«А што значыць нізкі мастацкі ўзровень? У складзе камісіі няма людзей, якія спяваюць, як тады яны могуць ацаніць?» — спыніла Святлана Марчук мармытанне ідэолага. А той зноў занурыўся ў цытаванне кодэксу аб культуры. (Працяг захапляльнага дыялогу суддзі з ідэолагам — па спасылцы).

Каб абараніць свой орган, ідэолаг Шастакоў нават пайшоў на адкрытую хлусню, заявіўшы, што на пасяджэнні мастацкага савета пры ідэалагічным упраўленні, яны слухалі музыку Алеся Дзянісава, хоць у пратаколе пасяджэння было пазначана, што яны чыталі толькі прадастаўленыя тэксты песень, што пацвердзіў у каментары для «Еўрарадыё» і адзін з сябраў гэтай камісіі Аляксей Кісялёў.  

 

Ідэолаг Аляксандр Шастакоў, які хлусіў у залі суду, фота stv.by

Ідэолаг Аляксандр Шастакоў, які хлусіў у залі суду, фота stv.by


Нягледзячы на відавочную сімпатыю суддзі і відавочныя довады супраць ідэолагаў, суд пасля перапынку абвесціў сваё рашэнне: апеляцыю Сяргея Будкіна пакінуць без задавальнення. Аргументацыя гэтага рашэння была складзена праз тыдзень пасля прыняцця рашэння і атрыманая поштаю на днях.

«Спасылка апелянта на арт.21,23, 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь… адхіляецца з прычыны таго, што прадметам разгляду ёсць абскарджванне дзеянняў Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы…, пры здзяйсненні якіх зацікаўленая асоба кіравалася заканадаўствам… Паколькі зацікаўленая асоба кіравалася дзеючым заканадаўствам, падставаў для задавальнення патрабаванняў сыходзячы з заяўленага прадмета патрабаванняў няма», — вядзецца ў матывацыі рашэння. Ідэолагам законам дадзеныя паўнамоцтвы адмовіць у выдачы гастрольнага пасведчання, таму суд першай інстанцыі зрабіў правільныя высновы, канстатуе апеляцыйная інстанцыя. 

Спампаваць пастанову апеляцыйнай інстанцыі Эканамічнага суду цалкам можна ТУТ (.zip)

Па законе гэтае рашэнне можа быць абскарджанае апошні раз — у найвышэйшай інстанцыі, Вярхоўным судзе Беларусі, але вырашана на гэтым спыніцца.

Сяргей Будкін каля Эканамічнага суда Менску, фота Радыё Свабода

Сяргей Будкін каля Эканамічнага суда Менску, фота Радыё Свабода

«Гэты працэс мы разглядалі як кампанію па данясенні інфармацыі аб цэнзуры ў музычнай сферы. І ён ужо ўвайшоў у гісторыю. Дзякуючы суду мы раскрылі механізм забароны, здабылі дакументы, якія нам адмаўляліся прадастаўляць раней, дазналіся пра асобы людзей, якія маюць дачыненне да гэтых дзеянняў, злавілі ідэолага Шастакова на хлусні проста ў залі суда. Скарга ў Вярхоўны суд тут прынцыпова нічога не дадае, таму надалей будзем займацца тым, чым павінны, — прасоўваць беларускую музыку, ладзіць канцэрты і культурныя праекты, пры гэтым працягнем маніторыць дзеянні чыноўнікаў у музычнай сферы і фіксаваць злоўжыванні і парушэнні, каб яшчэ вярнуцца да разгляду гэтага пытання ў будучыні», — зазначае Сяргей Будкін.

 

afiszka.png

 Канцэрт Алеся Дзянісава з прэзентацыяй праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» усё адно будзе праведзены 19 кастрычніка ў клубе «ILI» у 19.00. У ім таксама возьме ўдзел гітарыст гурту “Dzieciuki” Аляксей Пудзін. Паколькі ўваход на мерапрыемства будзе вольны, згоды ідэолагаў на ягоную арганізацыю не патрабуецца.

tuzinfm.by